Гран-пры паехаў у Харватыю!

№ 29 (949) 17.07.2010 - 23.07.2010 г

ХІХ Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2010", што сабраў 19 удзельнікаў з 19-ці краін, завершаны. Нягледзячы на тое, што пераможцы вызначаны і ўжо атрымалі свае прызы, галоўнае падвядзенне вынікаў - наперадзе. І не на паперы, у шматлікіх аглядах, рэцэнзіях, праблемных артыкулах, а - у далейшым творчым жыцці. Тым не менш, паспрабуем вярнуцца да "конкурсных баталій".

Панядзелак -  дзень цяжкі. Яшчэ і таму, што канкурсанты, з'явіўшыся 12 ліпеня на лёсаванне, павінны былі не толькі выцягваць нумары, але і спяваць -  у прысутнасці публікі і журы. Не думаю, што кагосьці надта "напружвала" гэтая конкурсная ўмова. Бо калі члены журы павінны выстаўляць балы адразу пасля конкурснай песні, дык лепей, калі яны папярэдне пазнаёмяцца з усім раскладам сіл. Што ж мы пачулі і ўбачылі на лёсаванні?

Найперш - кветкі. Песня Леаніда Захлеўнага "Усе кветкі ліпеня", якая шмат гадоў традыцыйна завяршала "Славянскі базар у Віцебску", сёлета стала своеасаблівым талісманам конкурсу. Прагучаўшы на пачатку лёсавання, яна быццам "рассыпалася" на вялікія букеты, уручаныя членам журы, і маленькія букецікі, якія канкурсанты выбіралі сабе самі. Але нумар быў схаваны не сярод кветак, а ў дададзенай да іх паштоўцы. Тыя паштоўкі таксама былі незвычайнымі, бо ўяўлялі з сябе рэпрадукцыі карцін віцебскай мастачкі Таццяны Рудэнка. А канкурсант, які выцягнуў 19-ы нумар, адпаведны парадкавай лічбе конкурсу і ўсяго фестывалю, атрымаў з рук мастачкі яе альбом.

Што ж, калі букецікі выбіраліся даволі спантанна (дый што выбіраць, калі ўсе - амаль аднолькавыя звонку?), дык да выбару песень канкурсанты і тыя, хто дапамагаў ім рыхтавацца, падыходзілі свядома. І - ледзь не ўсе спыняліся пад час лёсавання на папулярнай замежнай эстрадзе з рэпертуару вядомых спевакоў. Хтосьці капіраваў больш удала, хтосьці -  менш. Але папраўдзе новае прачытанне пачуць практычна не давялося. Крыху лепшае становішча было ў конкурсныя дні, калі спяваліся песні сваёй краіны і славянскія хіты.

За рэдкім выключэннем, амаль ніхто з канкурсантаў не ўлічваў акустычныя асаблівасці залы. Бо спевы ў агромністай прасторы Летняга амфітэатра і ў філармоніі, дзе зусім невыпадкова праходзіла лёсаванне, патрабуюць рознага падыходу. Тая ж украінка Іна Воранава (ІІ месца), якая запомнілася на лёсаванні цікавым па тэмбры голасам ды прафесійнай спрактыкаванасцю, у першы конкурсны дзень сваю песню, даволі лірычную, проста пракрычала, мітусліва рухаючыся па сцэне. І толькі ў другі дзень здолела вярнуцца менавіта да спеваў.

Два ўласна конкурсныя дні, здаралася, рэзка змянялі расстаноўку/i/content/pi/cult/277/4330/_MG_1166.jpg сіл. Калі пасля першага па колькасці балаў лідзіравала Дзінара Султангаліева з Казахстана, дык пасля другога яна апынулася толькі на пятай пазіцыі, заняўшы ў выніку ІІІ месца. Наадварот, Анаіт Шахбазян з Арменіі абодва дні аказвалася на трэцяй пазіцыі, што прынесла ёй ІІ месца. Увогуле ж, на цяперашнім конкурсе перамагла стабільнасць, засланіўшы сабой эмацыйныя і мастацкія ўзрушэнні. Лідэрам быў прызнаны Дамір Кеджа з Харватыі, які стаў уладальнікам Гран-пры. "Прыдрацца" да яго было немагчыма, бо спяваў ён свабодна, без напружання і ніякіх праблем, але ж -  не "чапляў", як гэта бывае, за самае сэрца, не ўрэзваўся ў памяць чымсьці звышарыгінальным і нават самой спробай выйсці за межы даўно вядомага, распрацаванага, растыражаванага.

Праўда, пошукі адметнасці прыводзілі кагосьці да капіравання. Вукашын Брайіч з Босніі і Герцагавіны (Прыз расійскай прэсы) шмат у чым абапіраўся на лірычна-напорыстую спеўную манеру Дзімы Білана. Расіянка Ганна Малышава (Прыз Парламенцкага Сходу Саюзнай дзяржавы) -  на іранічна-парадыйную стылістыку ўкраінскай спявачкі Джамалы, якая атрымала Першую прэмію на леташняй "Новай хвалі" ў Юрмале. Але ж у такой эксцэнтрычнай манеры больш, чым дзе, неабходны добры густ. Тым не менш, спявачка, безумоўна, адорана артыстычна, мае цікавы тэмбр і яшчэ знойдзе сябе.

Модным стала граць на музычных інструментах. Можа, інструмент выступаў як сродак адметнасці, запамінальнасці? Ці гэтая тэндэнцыя -  бы рэха леташняга "Еўрабачання" з Аляксандрам Рыбаком? Як бы тое ні было, але такі прыём выкарыстоўваўся не адно "дзеля антуражу", а дапамагаў стварэнню песенных вобразаў. Вельмі абаяльная, лірычная па складзе сваёй адоранасці Вольга Гарчынскі з Малдовы на лёсаванні грала на скрыпцы, у першы конкурсны дзень -  на акарыне. І ўвогуле запомнілася сваёй трапяткой кранальнасцю, уменнем рабіць з песень вакальна-харэаграфічныя элегіі.

Што ж да вяршынь прафесіяналізму, дык самым яркім, артыстычным, добра падрыхтаваным вакальна і сцэнічна быў Лаша Рамішвілі (І месца і Прыз імя Уладзіміра Мулявіна), які скончыў Грузінскі дзяржаўны універсітэт тэатра і кіно імя Ш.Руставэлі і аспірантуру пры ім, атрымаўшы спецыяльнасць артыста музычнага тэатра. На лёсаванні ён стварыў надзвычай каларытны вобраз Мэкі Нажа, не падобны на звыклыя трактоўкі гэтага персанажа "Трохграшовай оперы" К.Вайля. Сцэнічная раскаванасць і акцёрскі талент артыста працавалі на асэнсаванасць кожнай фразы, суладдзе зместаў тэксту і падтэксту. Імгненныя пераўвасабленні спевака ператварылі няхітрую па мелодыцы песеньку ў інтанацыйна багаты дыялог. Уласна на конкурсе Л.Рамішвілі звярнуўся да "Песні Іверыі" Гія Канчэлі, дзе грузінскія харавыя традыцыі яднаюцца з еўрапейскімі арганнымі. Ён спяваў у папраўдзе нацыянальнай манеры, напоўніцу прадэманстраваўшы ўжо не характарна-камічны, а трагедыйны талент. Дый у "Зачарованай маёй" Ігара Лучанка скарыў не толькі чысцюткай беларускай мовай, але і пластычнасцю, працягласцю фразіроўкі, шыкоўнай імправізацыйнай кадэнцыяй напрыканцы.

Увогуле ж, у параўнанні з мінулымі гадамі, сёлета на конкурсе гучала значна больш джаз-рокавых песень з акцэнтам зусім не на джазе. Бо філіграннай каларыстыкай, імправізацыйнай мелізматыкай, нават простым уменнем "адчуваць" песню як сваю родную, а не як "пінжак з чужога плячма", валодалі адзінкі. Мала было і прыгожых, запамінальных па сваіх фарбах галасоў. Але агульны конкурсны ўзровень, калі вызначаць яго па моцы галасоў і "навучанасці" іх уладальнікаў, безумоўна, узрос.

Затое высвеціліся, як ніколі раней, праблемы не толькі суадносін прафесіяналізму і творчай індывідуальнасці, але і самой культуры выканання, выхаванага густу, інтэлігентнасці і інтэлектуальнасці. Бо калі ні на твары, ні, адпаведна, у голасе не адбіваецца пульсаванне думкі, дык і песня ўспрымаецца зусім інакш, бо страчвае сэнсавую напоўненасць.

/i/content/pi/cult/277/4330/Clip_11.jpgТым больш прыемна, што ўдумлівасць выканання ў поўнай меры ўласцівая нашаму Дзянісу Вяршэнку (ІІІ месца і чатыры спецпрызы). Іншая справа, што ў першы конкурсны дзень, па нейкім дзіўным супадзенні, спеваку з інтэлектуальным іміджам перашкодзіла... "інтэлектуальная лябёдка" -  так называецца спецыяльнае прыстасаванне, аснашчанае гібкімі панелямі, якое можа апускацца або ўзнімацца, змяняючы сцэнічную прастору. На ранішняй рэпетыцыі яна, вядома, не выкарыстоўвалася. А ўвечары... Цікава, што адчулі б вы, калі зверху акурат на вас раптам абрынулася б такая махіна, ды яшчэ ў паскораным тэмпе? Таму і пачатак песні аказаўся "змазаным", знікла ўласцівая спеваку пластычнасць фразіроўкі. Ды ўсё ж Дзяніс здолеў хутка сабрацца. У адрозненне ад большасці іншых удзельнікаў, у яго была цудоўна адбудавана драматургія, добра атрымалася кульмінацыя, узведзеная ў высокую ступень трагедыйнасці. Па-рознаму, у залежнасці ад тэксту, былі праспяваны не толькі куплетныя раздзелы, але і прыпевы "Птушак" Д.Даўгалёва на верш В.Паліканінай. Па дзіўным супадзенні, другі дзень прынёс Дзянісу тое ж выпрабаванне: не адразу ўключылі мікрафон. Але ў "Малітву" М.Дунаеўскага быў укладзены сапраўдны "сэрца боль", які перадаўся і слухачам: гэтае выкананне хацелася слухаць яшчэ ды яшчэ, зноў перажываючы катарсіс. Нашым канкурсантам можна было ганарыцца: пры ўсіх непрадбачаных здарэннях, ён прадэманстраваў, можна сказаць, ментальныя беларускія якасці, а гэта - вытрымка, культура, перавага інтэлектуальнага пачатку над непадпарадкаванай імпульсіўнасцю эмоцый.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

Пра вынікі Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2010" чытайце ў наступным нумары.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"