"Кантэнт" кампетэнтнасці

№ 29 (949) 17.07.2010 - 23.07.2010 г

Што "корміць" менеджэра-міжнародніка? У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў адбылася знамянальная падзея: законным уласнікам упершыню былі ўручаны дыпломы, дзе ў графе "Спецыялізацыя" значылася "Менеджмент міжнародных культурных сувязей". Пагадзіцеся, гучыць паважна! Але што тоіцца за гэтымі словамі? Веды і навыкі, здатныя ператварыць імпэтнага маладога чалавека ў сапраўднага прафесіянала-міжнародніка, або проста амбіцыі і кан'юнктура? У гутарцы з карэспандэнтам "К" дэкан факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці БДУКіМ Мікалай КАРАЛЁЎ прыводзіў толькі факты. І яны абумоўлівалі заканамерную выснову.

/i/content/pi/cult/277/4329/Clip_8.jpg"Перавытворчасць" пакуль не пагражае

Запатрабаванасць гэтай спецыялізацыі для нашай краіны ніякіх сумневаў не выклікае. Адзін з прыярытэтных вектараў палітыкі Беларусі ў сферы культуры - менавіта ўмацаванне і паглыбленне стасункаў з іншымі краінамі. І па меры ўсё новых і новых поспехаў у гэтым рэчышчы ўзнікае і непазбежнае пытанне.

- Спецыялізацыя паўстала не на пустым месцы, і грунтавалася яна зусім не нашымі фантазіямі, - распавядае Мікалай Каралёў. - Яе з'яўленню папярэднічаў сур'ёзны аналіз актуальнай сітуацыі, праведзены яшчэ ў 2003 годзе. Мы прыйшлі да высновы, што брак кваліфікаваных спецыялістаў, якія адказвалі б за міжнародныя стасункі ў сферы культуры, сур'ёзна адчуваўся ўжо тады, бо патрэбныя веды і навыкі можна было набыць толькі на практыцы. А з улікам інтэнсіфікацыі культурных сувязей гэтая патрэба ў перспектыве магла толькі ўзрасці. Што, як мы бачым, і здарылася.

Дыпламаванымі менеджэрамі-міжнароднікамі сёлета сталі 11 чалавек (між іншым, усе - абаяльныя дзяўчаты!). Пяць гадоў таму конкурс быў параўнальна невялікі: "усяго" 4 чалавекі на месца. Апошняе можна патлумачыць выключна неінфармаванасцю абітурыентаў. Ажыятажны попыт на новую спецыялізацыю не прымусіў сябе чакаць: летась на кожнае з пяці бюджэтных месцаў прэтэндавала ўжо 12 чалавек. Большасць з тых, хто не прашоў па конкурсе, пагадзіліся вучыцца на платнай аснове. Да таго ж, упершыню быў праведзены набор і на завочнае аддзяленне.

І гэта значыць, што ўжо праз тры гады на Беларусі ў адначассе з'явіцца добрая сотня дыпламаваных менеджэраў па міжнародных культурных сувязях. Дзяржаўныя гарантыі па працаўладкаванні на большасць з іх, вядома, не распаўсюджваюцца, але пытанне аб "перавытворчасці" менеджэраў  паўстае само сабою.

- Я адразу магу даць гарантыю: ніводзін з нашых выпускнікоў у бліжэйшыя гады не апынецца на біржы працы! - упэўнена сцвярджае Мікалай Каралёў.  І сапраўды: пакуль што попыт на такіх спецыялістаў значна перавышае прапанову, і ў бліжэйшай перспектыве статус-кво наўрад ці зменіцца - зважаючы хаця б на яўныя тэндэнцыі росту ў самой сферы іх дзейнасці. Урэшце, атрыманыя веды можна выкарыстоўваць і ў сумежных з культурай галінах - напрыклад, турыстычным бізнесе.

Пад час гутаркі з дзвюма сёлетнімі выпускніцамі, якія вучыліся на платнай аснове, пачуў ад іх мудрую фразу: добрая адукацыя спатрэбіцца заўсёды, куды б цябе потым ні занесла жыццё. Зрэшты, самі дзяўчаты тут жа распавялі, што ніякіх праблем з уладкаваннем па спецыяльнасці яны не мелі: іх ужо нецярпліва чакаюць у Белтэлерадыёкампаніі.

 

Па-за межамі аўдыторый

Па словах дэкана факультэта, першы выпуск менеджэраў-міжнароднікаў быў шмат у чым "вопытны": "Мы не толькі іх вучылі, але і вучыліся самі". І сапраўды, фарміраванне вучэбнага плана ў гэтым выпадку - справа не з лёгкіх.

Навучальная праграма складаецца з трох блокаў. Першы, сацыяльна-гуманітарны, утрымлівае звыклы для студэнтаў-гуманітарыяў набор дысцыплін.

- У адрозненне ад іншых ВНУ, дзе таксама рыхтуюць міжнароднікаў, мы даём вялікі аб'ём ведаў па тэорыі і гісторыі мастацтваў, - адзначае Мікалай Каралёў. - Менеджэр у сферы культуры павінен весці гутарку аб мастацтве на мове прафесіянала...

Другі блок непасрэдна звязаны з прафесіяй менеджэра і дапамагае засвоіць веды па маркетынгу, піару і рэкламе, вядзенні фінансавых справаздач, прававым забеспячэнні і г. д. А трэці блок уключае менавіта тыя дысцыпліны, якія патрэбны міжнароднікам: сучасная замежная культуралогія, культурныя і гістарычныя тыпы цывілізацый, гісторыя і практыка міжнародных культурных сувязей... Прычым такія дысцыпліны, як тэхніка дзелавых перамоў і мова дзелавой перапіскі, чытаюцца па-англійску. А на апошніх двух курсах з'яўляюцца прадметы па выбары.

- Для нас было відавочна, што нельга рыхтаваць "менеджэраў агулам", - кажа Мікалай Кавалёў. - Кожны павінен спецыялізавацца ў сваёй сферы: кінематограф,  шоу-бізнес, выяўленчае мастацтва...

Гэтыя дысцыпліны можна лічыць часткай чацвёртага блока - ці не найважнейшага. Зразумела, што студэнты павінны атрымліваць добрую тэарэтычную базу: усё ж іх спецыяльнасць гучыць як "культуралогія", а менеджмент - гэта толькі спецыялізацыя. Але сама спецыфіка іх дзейнасці патрабуе асаблівага акцэнту менавіта на практычнай дзейнасці.

І таму чыста універсітэцкім колам выкладчыкаў было яўна не абысціся.  Факультэт звярнуўся да тых практыкаў, якія за гады сваёй працы паспелі ўжо назапасіць карысны досвед, з прапановай ім падзяліцца. Нягледзячы на сваю занятасць, гэтыя людзі ахвотна пагадзіліся. Так у спісе выкладчыкаў БДУКіМ з'явіліся дырэктар Белдзяржфілармоніі Аляксандр Гарбар (між іншым, колішні выпускнік таго самага факультэта), загадчык выставачнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Фёдар Ястраб, адзін з найбольш аўтарытэтных спецыялістаў у сферы турызму Юрый Акудовіч...  А таксама - супрацоўнікі  Палаца Рэспублікі, Дома кіно, Белтэлерадыёкампаніі... Прычым заняткі нярэдка адбываліся не ў сценах універсітэта, а непасрэдна на працоўных месцах выкладчыкаў.

- Студэнткі, якія выбралі мой курс, мелі магчымасць удзельнічаць у рэалізацыі міжнародных выставачных праектаў ад стадыі іх планавання і да арганізацыі вернісажу, - кажа Фёдар Ястраб. - І гэтым супрацоўніцтвам я вельмі задаволены: у моладзі ёсць і зацікаўленасць, і веды, і дзелавыя здольнасці...

Спіс тых месцаў, дзе студэнты праходзілі практыку, выглядае вельмі размаіта: комплекс "Мінск-Арэна", Нацыянальны мастацкі музей, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, Пасольства Ірана, "Белінтурыст", Нацыянальная школа прыгажосці...  Кожны меў магчымасць абраць менавіта тую ўстанову, дзе можна было набыць карысны для далейшай дзейнасці досвед.  Але гэтым "практычны блок" навучання не вычэрпваецца.

- У свой час мы задумаліся: як можна спраўдзіць кампетэнцыю менеджэраў у сацыякультурнай сферы? - кажа Мікалай Каралёў. - Адказ напрошваўся сам сабою. Іх справаздача і экзамен на спеласць - гэта паспяховае ажыццяўленне канкрэтнага праекта. Так нарадзілася ідэя штогадовай імпрэзы "Сваё кола". Студэнты самі распрацоўваюць канцэпцыю, ангажыруюць выканаўцаў, арандуюць пляцоўку, рэалізуюць білеты, шукаюць спонсараў... А мы ацэньваем іх арганізатарскія здольнасці. Сёлета я паставіў падобную задачу і перад выпускным курсам менеджэраў-міжнароднікаў.

Такім чынам нарадзіўся праект "Беларусь-Венесуэла", які адбыўся ў сценах універсітэта пры падтрымцы пасольства гэтай краіны.

- І такая ініцыятыва адгэтуль стане традыцыяй, - дадае дэкан факультэта. - Кожны выпускны курс павінен будзе зладзіць падобны міжнародны праект. Прычым выключна сваімі сіламі, без усялякай фінансавай дапамогі з боку універсітэта.

Вядома, гэта - толькі "абавязковая  праграма", - асабістыя ініцыятывы студэнтаў толькі заахвочваліся. Прыкладам, Ніна Меграбян была галоўным арганізатарам фестывалю армянскай моладзі, Кацярына Раманчык двойчы зладзіла замежныя гастролі універсітэцкаму ансамблю "Валачобнікі"...

Летась арганізатары Міжнароднага музычнага фестывалю Юрыя Башмета звярнуліся на факультэт з просьбай даслаць на практыку некалькіх студэнтаў. Зразумела, што ім была прадастаўлена унікальная магчымасць засваення нюансаў сваёй будучай прафесіі. Але... Фестываль, натуральна, не супадаў з афіцыйнымі тэрмінамі праходжання практыкі.

 - Гэтая праблема не падалася мне невырашальнай, - адзначыў дэкан факультэта. - Бо тыя веды, якія займелі  нашы студэнты пад час удзелу ў арганізацыі фестывалю, у аўдыторыі не атрымаеш. І, дарэчы, водгукі аб іх працы былі вельмі добрыя.

 

І ніводнай "сямёркі"!

Зрэшты, традыцыйны спосаб "падліку куранят" - інакш кажучы, ацэнкі якасці навучання - гэта ўсё ж дзяржіспыты і абарона дыпломных работ. Тэмы апошніх, як і трэба было чакаць, вылучаліся разнастайнасцю: экспарт культуры, менеджмент музейнай справы і кі/i/content/pi/cult/277/4329/Clip_9.jpgнадакументалістыкі, камунікацыйны патэнцыял сучаснага выяўленчага мастацтва, тэхналогіі "прамоўшна", спецыфіка работы міжнародных цэнтраў па прасоўванні паслуг культуры і мастацтва...

А што да якасці дыпломаў...  Яе аб'ектыўна ацэньвала дзяржаўная камісія на чале з намеснікам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэушам Стружэцкім. У ведамасцях няма нават "сямёрак" - спрэс самыя высокія балы.  Дарэчы, трое сёлетніх выпускніц факультэта атрымалі дыпломы з адзнакай. А спецыяліст у сферы менеджменту айчыннага выяўленчага мастацтва Вераніка Броўка атрымала запрашэнне на Рэспубліканскі баль выпускнікоў з удзелам Кіраўніка дзяржавы.

Пад час размеркавання дзейнічаў агульны прынцып, характэрны для Універсітэта культуры і мастацтваў: тыя выпускніцы, якія не мелі паважных прычын, каб застацца ў Мінску, атрымалі першае месца працы за межамі сталіцы. Прычым трое з пяці дыпломніц пачнуць свой стаж у невялічкіх райцэнтрах. Хтосьці палічыў за лепшае вярнуцца на радзіму, а хтосьці выбраў тыя мясціны, якія бліжэй да Мінска.

Ці сапраўды там існуе такая вострая патрэба ў спецыялістах па міжнародных культурных сувязях? Гэтае пытанне гучала і з вуснаў членаў дзяржкамісіі.

Станоўчы адказ на яго цалкам імаверны. Балазе ёсць нямала прыкладаў, калі ініцыятыўныя людзі прасоўвалі свае мясцовыя культурныя феномены далёка за межы раёна. Але... Зважаючы на "дэфіцытнасць" такіх спецыялістаў, цалкам лагічна ўявіць, што куды больш запатрабаваны яны былі б, прынамсі, на абласным узроўні.

- Афіцыйных запытаў з абласных цэнтраў не было, - кажа Мікалай Каралёў. - А вось непасрэдна на размеркаванні раптам пасыпаліся спакуслівыя прапановы! Зразумела, што не кожны выпускнік здатны зрабіць рэзкі паварот у сваім лёсе, маючы на роздум нейкіх 15 секунд. Зацікаўленым працадаўцам трэба было парупіцца значна раней. Недарэмна ж існуе такая працэдура, як папярэдняе размеркаванне.  

 Пасады менеджэра тыпавыя штатныя расклады ўстаноў культуры не прадугледжваюць. Але, па словах Мікалая Каралёва, кіраўнік той установы, якой ён сапраўды патрэбны, здолее без праблем узяць такога чалавека на працу. Прычым для гэтага зусім не абавязкова наяўнасць бюджэтнага фінансавання.

- Лічу, што, у ідэале, менеджэр павінен атрымліваць не стабільны аклад,  а - працэнты ад тых сродкаў, якія ён здолеў зарабіць сваімі стараннямі, - заўважыў дэкан факультэта. - Недарэмна ж кажуць, што менеджэра, як і ваўка, ногі кормяць.