Дэталь у маштабе помніка. Быць або не?

№ 29 (949) 17.07.2010 - 23.07.2010 г

Пераменныя і канстанты ў ландшафце Навагрудка Прабавіўшы вольны час між бугуртаў V Навагрудскага фестывалю сярэднявечнай культуры, скіраваўся да аднаго з найцікавейшых помнікаў архітэктуры старадаўняга горада - Барысаглебскай царквы. Як толькі я да яе наблізіўся, мая рука адразу схапілася за фотакамеру: на панадворку старадаўняга храма знаходзіліся... пазалочаныя купалы. Зафіксафаная карцінка патрабавала шмат каментарыяў. Якім стане гэты знакаміты помнік духоўнай спадчыны пасля свайго пераўвасаблення? Ці ўзгоднена яно з органам, што, паводле айчыннага заканадаўства, абавязаны курыраваць падобныя работы, - Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь? Урэшце, чым матываваны такія змены ў звыклым для нас ландшафце Навагрудка? Прыехаўшы дадому, адразу ўключыў камп'ютэр. Інтэрнет наконт Барысаглебаўкі ўжо гудзеў: рупліўцы аховы спадчыны паспелі выкласці фотаздымкі з "цыбулепадобнымі" канструкцыямі завяршэння вежаў. Пад кожным месціліся дзесяткі перанасычаных эмоцыямі каментарыяў наведвальнікаў форуму. Але паўнавартаснага адказу на зададзеныя вышэй пытанні я так і не пачуў.

/i/content/pi/cult/277/4328/Clip_5.jpgУвасабленне апярэдзіла праект

За дзень да здачы артыкула ў друк патэлефанаваў начальніку аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Аляксандру Карачану, каб даведацца пра апошнія навіны.

- Усе работы на аб'екце сёння спынены, як гэтага і патрабуе прадпісанне, не так даўно дасланае на адрас Навагрудскага райвыканкама з Міністэрства культуры краіны. Раней, чым мы атрымаем адпаведны дазвол, яны не распачнуцца, - запэўніў ён. - Увогуле, у сітуацыі з Барысаглебскай царквой, шчыра кажучы, я і сам быў пастаўлены перад фактам. Бо ніякай дакументацыі на правядзенне падобных работ праз наш аддзел не праходзіла, - хіба толькі ўласнік аб'екта не так даўно атрымаў дазвол на рамонт элементаў даху...

Як адзначыў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь  Ігар Чарняўскі, дазвол на рамонт асобных элементаў даху Барысаглебскай царквы  і сапраўды быў выдадзены:

- Яго сутнасць - зразумелая: калі дзесьці ліпее ліст бляхі, трэба яго замяніць, - дадаў ён. - Што да ўбачаных вамі элементаў завяршэнняў вежаў... Вядома, гэта ўжо зусім іншая справа. Такія работы не могуць весціся без адпаведнай дакументацыі, якая ўтрымлівае канкрэтныя разлікі і вызначае асаблівыя ўмовы правядзення: важна, каб яны не прынеслі  гістарычнаму помніку ніякай шкоды. І самае галоўнае.  Паколькі рэалізацыя гэтага праекта можа прывесці да істотных змен аблічча каштоўнасці, згодна з пунктам 2 артыкула 42 Закону "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь", прапанову неабходна вынесці на разгляд Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады пры Міністэрстве культуры краіны. І таму мы выдалі прадпісанне, якое забараняе правядзенне рэстаўрацыі Барысаглебскай царквы да прыняцця Радай адпаведнага рашэння... 

Казаць пра нейкія канкрэтныя тэрміны вырашэння сітуацыі пакуль што наўрад ці выпадае. Прафесіяналы, якія складаюць Навукова-метадычную раду, даткліва ўлічваюць усе дэталі. (Прыкладам, абмеркаванню пытанняў, датычных Уваскрэсенскай царквы ў Віцебску, было прысвечана тры пасяджэнні Рады). 

- Да нас звяртаўся навуковы кіраўнік аб'екта - вядомы беларускі архітэктар Генадзь Лаўрэцкі з эскізнай прапановай аб змене завяршэнняў вежаў царквы, - адзначыў Ігар Чарняўскі. - Заўважце, калі ласка: нават не з эскізным праектам, а - менавіта з эскізнай прапановай. У тым, што такая прапанова цалкам можа разглядацца, у мяне няма сумневаў.  Але ёй павінен наступстваваць чарговы этап - падрыхтоўка праектнай дакументацыі з адпаведным абгрунтаваннем.

Нягледзячы на тое, што элементы купалаў ужо з'явіліся на царкоўным панадворку Барысаглебаўкі, праектныя работы, датычныя гэтага этапа рэстаўрацыі царквы, яшчэ не завершаны. 

 

У сукупнасці напластаванняў  /i/content/pi/cult/277/4328/Clip_6.jpg

На рабочым стале ў майстэрні Генадзя Лаўрэцкага - макет Барысаглебскай царквы. Там яго эскізная прапанова ўжо ўвасоблена, і  завяршэнні вежаў маюць форму какошніка.

- Як вы самі бачыце, меркаванне пра тое, што гэтая дэталь поўнасцю зменіць аблічча помніка, пры больш узважаным разглядзе падаецца, прынамсі, празмерным, - адзначыў архітэктар, які ўжо некалькі дзесяцігоддзяў спецыялізуецца на вывучэнні і рэстаўрацыі помнікаў культавага дойлідства.  І сапраўды: у маштабе ўсяго храма галоўкі купалоў не бяруць на сябе шмат увагі. Да таго ж, па словах архітэктара, неабходнасць правядзення рэстаўрацыйных работ была выклікана аварыйным станам адной з вежаў.

Апаненты Генадзя Лаўрэцкага папракаюць яго ў памкненні "уніфікаваць" унікальны храм паводле канонаў рэтраспектыўна-рускага стылю. Архітэктар тлумачыць сваё рашэнне  адваротнай матывацыяй: унікальнасць храма заключаецца менавіта ў спалучэнні розных стылістычных напластаванняў.

- Для мяне было важна неяк падкрэсліць той перыяд існавання царквы, калі яна набыла рысы рэтраспектыўна-рускага стылю, - кажа Генадзь Лаўрэцкі. - Менавіта для гэтай мэты і прызначаны купалы, якія вянчалі пабудову цягам амаль 120 гадоў і былі знесены толькі на пачатку 1990-х. Апошняе я лічу значнай памылкай: тыя купалы дэманструюць важны этап як у жыцці помніка, так і ў гісторыі ўсёй Беларусі. Варта таксама дадаць, што пра адраджэнне іншых архітэктурных элементаў таго перыяду існавання храма - напрыклад, барабана, які ўзвышаўся над гатычнай часткай, - гутаркі нават і не вядзецца.

Адпаведна, купалападобныя завяршэнні наўрад ці можна назваць "скажэннем гістарычнага аблічча" царквы - прынамсі, з той упэўненасцю і безапеляцыйнасцю, з якой некаторыя паспяшаліся гэта зрабіць. Ці, дакладней, гэтае скажэнне гістарычнага аблічча, датаванае 1875 годам, ужо само стала гісторыяй помніка спадчыны.

Адметнасць Барысаглебаўкі -акурат у тым, што храм, чый кутні камень быў закладзены яшчэ ў ХІІ стагоддзі, за свой паважны век шматразова перабудоўваўся - у кожную з эпох ён нібы паўставаў наноў, змяняючыся часам непазнавальна.  

- Згодна з усімі сусветнымі методыкамі выканання работ, мы павінны знайсці такое праектнае рашэнне рэстаўрацыі, якое здатнае, па меры магчымасці, выявіць кожны з пластоў гісторыі аб'екта. А такая задача - вельмі складаная,  - кажа Ігар Чарняўскі. У планах архітэктара - часткова адкрыць муроўку XVI стагоддзя і выявіць з-пад культурнага слою самыя першыя камяні храма. Што да купалаў... Рашэнне вярнуць гэты элемент Генадзь Лаўрэцкі тлумачыць таксама і тым, што ў свой час ён быў добра вывучаны: існуе нямала фотаматэрыялаў. ...Апаненты ж архітэктара здолеюць запярэчыць: цяперашні выгляд храма (без купалаў), зафіксаваны на малюнку Напалеона Орды, таксама адлюстроўвае перыяд яго гісторыі. Дыскусія на тэмы, які з тых перыядаў - найважнейшы, і якім павінна быць аблічча царквы ўзору ХХІ стагоддзя, можа быць доўгай. Але беларускае заканадаўства прадугледзела орган, каму належыць у ёй апошняе слова, - Навукова-метадычную раду.  

 - Кожнае наша рашэнне мае абгрунтаванні і матывацыі, - кажа Ігар Чарняўскі. - У адрозненне ад заўсёднікаў інтэрнет-форумаў, члены Рады кіруюцца зусім не эмоцыямі, якія пакуль што пераважаюць у грамадскіх абмеркаваннях закранутай вамі тэмы рэстаўрацыі Барысаглебскай царквы.  А эмоцыі могуць быць з'явай небяспечнай, і кіравацца імі ў гэтым выпадку зусім не выпадае. Таму парэкамендаваў бы ўсім рупліўцам аб лёсе нашай спадчыны дачакацца калегіяльнага рашэння спецыялістаў.

 

Панацэя ад прыкрых памылак

Зразумелыя ды пераканаўчыя адказы на свае пытанні мне атрымаць удалося. Яны лішні  раз упэўнілі: сітуацыя вакол Барысаглебаўкі - не такая адназначная, як многім уявілася на першы погляд, і таму спяшацца з высновамі не выпадае.

Але тут непазбежна паўстае і яшчэ адно пытанне: чаму праблемныя аспекты ў справе аховы спадчыны нярэдка "ўсплываюць" дзякуючы Інтэрнету?

- У нашым упраўленні працуюць усяго дзесяць спецыялістаў, адказных за ахову гісторыка-культурай спадчыны, - адзначыў Ігар Чарняўскі. - Зразумела, што пастаянна адсочваць стан кожнага помніка яны не здатныя. Але ж гэта - прамы абавязак спецыялістаў з раёнаў. Тым болей, яны даўно забяспечаны ўсімі метадычнымі інструкцыямі, што прадугледжваюць механізмы дзеянняў у канкрэтных выпадках. Іншая справа - камп'ютэрныя дыскі з нарматыўнай базай, якія мы выдаём гэтым спецыялістам пад час курсаў павышэння кваліфікацыі, часта застаюцца нават нераспакаванымі. Гэта заўважна па тых пытаннях, што нам даводзіцца чуць. І калі ты спадзяешся, нібыта ўжо можаш весці з гэтымі калегамі гутарку на адной мове - мове айчыннага заканадаўства, - яны раптам здзіўляюцца.

Канкрэтна гэты выпадак мае свае асаблівасці: спецыяліст Навагрудскага райвыканкама, які цягам многіх гадоў плённа ды рупліва адказваў за справу аховы спадчыны, не так даўно быў змушаны пакінуць пасаду па стане здароўя, а клопаты яго калег з аддзела культуры па арганізацыі хаця б таго ж Фэсту сярэднявечнай культуры не пакідалі ні хвілінкі часу нават на шпацыр па родным горадзе.  

Але, як зазначыў Ігар Чарняўскі, сюжэт з Барысаглебаўкай - на жаль, не эксклюзіўны. Ён сведчыць пра своеасаблівую тэндэнцыю. Уласнік аб'екта, не надта абазнаны ў нарматыўна-прававой базе, распачынае рэстаўрацыю - вядома, з найлепшымі намерамі. А ўхіліць яго ад памылак і падказаць юрыдычна правільны алгарытм дзеянняў ніхто не спяшаецца.

- Літаральна ўчора быў у камандзіроўцы ў Мядзелі, - распавядае Ігар Чарняўскі. - Там склалася папраўдзе вельмі прыкрая сітуацыя.  Каталіцкая парафія пачала ўзводзіць будынак кляштара, або парафіяльнага дома, непадалёк ад унікальнага касцёла. Райвыканкам даў дазвол на распрацоўку праектнай дакументацыі, і ўласнік чамусьці вырашыў, што гэтага дакумента ўжо дастаткова, каб распачаць будаўніцтва. У Міністэрства культуры звярнуліся толькі тады, калі работы ўжо ішлі поўным ходам. І тут выявілася, што прадстаўлены нам праект проста не вытрымлівае ніякай крытыкі, і побач з каштоўным помнікам спадчыны такі аб'ект ні ў якім выпадку не можа з'явіцца, бо ён ніякім чынам не адаптаваны да гістарычнай тэрыторыі...

Сумная сітуацыя. Энтузіязм, добрыя намеры... А ў выніку, атрымліваецца, што пэўная частка ахвяраваных для іх ажыццяўлення сродкаў патрачана надарэмна. Сумна і таму, што ўсіх непаразуменняў у падобных выпадках можна цалкам пазбегнуць. -

Спецыялісты па ахове спадчыны на месцах павінны самі праяўляць ініцыятыву, - кажа   Ігар Чарняўскі. -  Пастаянна падтрымліваць сувязі з уласнікамі аб'екта, кансультаваць іх, тлумачыць вызначаны заканадаўствам парадак правядзення рэстаўрацыйных работ. А тыя, у сваю чаргу, павінны да гэтых спецыялістаў прыслухоўвацца, бо яны выказваюць не свае прыхамасці, а законныя патрабаванні. На Беларусі была створана адна з найлепшых на абшарах СНД прававых баз у сферы аховы спадчыны. Гэта - сведчанне мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі. Але яе рэалізацыя залежыць ад зладжанасці нашай дзейнасці: мясцовых улад, Міністэрства культуры краіны, абласных упраўленняў культуры... Калі хтосьці ў гэтым ланцугу дае збой - ён ірвецца.