Кантактная лінія фестывалю

№ 29 (949) 17.07.2010 - 23.07.2010 г

"Славянскі базар у Віцебску" - гэта, згодна з добрай традыцыяй, форум не толькі мастацкі. Тут паспяхова ўсталёўваюцца і атрымліваюць развіццё шматлікія міжнародныя стасункі ў галіне культуры. Не стаў выключэннем і дзевятнаццаты па ліку фэст у горадзе па-над Заходняй Дзвіной.

/i/content/pi/cult/277/4327/Clip_3.jpg "З вельмі высокай  планкай якасці"

10 ліпеня міністр культуры Расіі Аляксандр Аўдзееў наведаў Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". У завяршэнне свайго візіту Аляксандр Аўдзееў, у прыватнасці, адзначыў: "Свята ў Віцебску стала міжнародным, з вельмі высокай планкай якасці". І падстаў, каб пераканацца ў гэтым, у яго было дастаткова. Чаго варты ўжо той самы Летні амфітэатр, які цягам тыдня працуе практычна кругласутачна!

Аднак за адзін дзень рабочай паездкі госць паспеў пабываць не толькі ў фестывальным Віцебску. Яго беларускі калега, міністр культуры Павел Латушка, запрасіў Аляксандра Аўдзеева наведаць маляўнічае Здраўнёва на пакручастым беразе Заходняй Дзвіны. Зразумела, запрашэнне тое - не выпадковае. Менавіта тут напісаў свае знакамітыя палотны "Беларус", "Восеньскі букет", "Дуэль" ды шмат якія іншыя вялікі рускі мастак Ілля Рэпін. Менавіта тут, непадалёк ад вірлівага фестывальнага Віцебска, знаходзіцца адроджаная сядзіба мастака, дзе сёння працуе дом-музей творцы. Ды і сама атмасфера Здраўнёва, чыстае наддзвінскае паветра спрыяюць дзелавой гутарцы, у цэнтры якой - культура ў самых разнастайных яе праявах.

І, вядома ж, адна з найбольш значных падзей у прасторы двухбаковых стасункаў міністэрстваў у 2010-м - Год культуры Беларусі ў Расіі. У час візіту Аляксандра Аўдзеева па ініцыятыве беларускага боку абмеркаваны арганізацыйныя пытанні закрыцця Года культуры Беларусі ў Расіі, змест і прымальныя тэрміны мерапрыемства. Папярэдне запланавана, што закрываць шматмесячны марафон прэзентацый найлепшых творчых сіл рэспублікі будзе калектыў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Адной з цэнтральных тэм у міжнародных стасунках Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з'яўляецца развіццё супрацоўніцтва ў кінаіндустрыі. Павел Латушка і Аляксандр Аўдзееў дамовіліся аб арганізацыі стажыровак беларускіх кінематаграфістаў у Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце кіно і тэлебачання і ў ВГИКу імя С.А. Герасімава.

 У сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння Пратакола аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі культуры Беларусі і Расіі на 2008 - 2010 гады суразмоўцы дамовіліся аб распрацоўцы праекта міжведамаснай праграмы супрацоўніцтва на чарговы перыяд. Дакумент у цяперашні час прапрацоўваецца спецыялістамі абодвух міністэрстваў. Ёсць верагоднасць, што яго падпісанне адбудзецца ў Маскве пад час заключных мерапрыемстваў Года культуры нашай краіны ў Расіі.

Міністры культуры Беларусі і Расіі выказалі зацікаўленасць да працягу супрацоўніцтва ў сферы музейнай справы і выставачнай дзейнасці, разгледзеўшы пры гэтым магчымыя варыянты страхавання музейных выставак. Аляксандр Аўдзееў пацвердзіў зацікаўленасць у правядзенні выставачных мерапрыемстваў беларускіх музеяў у Расіі. Цікавасць у расійскага боку выклікалі экспазіцыі сучаснага мастацтва.

У ходзе перамоў Аляксандр Аўдзееў паведаміў Паўлу Латушку таксама і аб вопыце ў справе фарміравання нарматыўнай базы па прыцягненні ў сферу культуры прыватнага капіталу. Суразмоўцы таксама пацвердзілі сваю зацікаўленасць ва ўдзеле ў чарговым, XXV пасяджэнні Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў - удзельніц СНД, якое адбудзецца ў кастрычніку бягучага года ў Маскве......

І як лагічны працяг перамоў міністраў культуры прагучала і выступленне Аляксандра Аўдзеева на адкрыцці Дня культуры Расіі. Прывітаўшы віцебскіх гледачоў канцэрта народнага артыста Расіі Дзмітрыя Хварастоўскага і Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь у Летнім амфітэатры, міністр культуры Расіі зазначыў: "Мы цудоўна дапаўняем адно аднаго і разам ствараем свята славянскай культуры".

/i/content/pi/cult/277/4327/Clip_4.jpg"Ідэй і планаў у нас шмат"

Ужо з самага ранку фестывальнага Дня Украіны міністр культуры і турызму гэтай краіны Міхаіл Кулыняк знаходзіўся пад пільнай увагай журналістаў. І, вядома ж, адна з найпершых тэм, якая цікавіла журналістаў, - двухбаковыя стасункі ў культурнай прасторы Беларусі і Украіны.

Увогуле, як адзначыў на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры фестывалю Міхаіл Кулыняк, "...ідэй і планаў у нас шмат". У прыватнасці, пачынаецца распрацоўка новых праектаў у музычнай сферы. "Таксама ёсць сумесныя планы па кінавытворчасці, - дадаў ён. - І Беларусь, і Украіна зацікаўлены ў тым, каб агульнымі намаганнямі рабіць добры, якасны кінапрадукт".

Міністр мяркуе, што ўсё ў двухбаковых кантактах абедзвюх краін толькі пачынаецца, і наперадзе - багата працы. Галоўнае ж, на яго думку, - ёсць узаемаразуменне, агульныя кропкі судакранання. "Вынікі ж сумесных намаганняў будуць бачныя ўжо ў бліжэйшай будучыні", - падкрэсліў Міхаіл Кулыняк.

У гэты ж дзень, 12 ліпеня, у Віцебску адбыліся рабочыя сустрэчы і перамовы міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі з украінскім калегам. У фестывальным горадзе кіраўнікі міністэрстваў наведалі "Горад майстроў" і Летні амфітэатр.

Мабыць, творчы характар віцебскіх маршрутаў украінскага міністра паўплываў і на тэматыку перамоў з беларускім калегам. У прыватнасці, дасягнута дамоўленасць аб правядзенні напрыканцы верасня - на пачатку кастрычніка бягучага года ў Кіеве і Львове Дзён культуры Беларусі ва Украіне. У гэтай прадстаўнічай акцыі прымуць удзел Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Будзе экспанавацца выстаўка са збораў Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі, адбудзецца дэманстрацыя анімацыйных і мастацкіх кінастужак вытворчасці айчынных кінематаграфістаў.

Беларускім бокам ініцыявана абмеркаванне складу і дзейнасці Сумеснай Беларуска-ўкраінскай камісіі па пытаннях вывучэння, уліку і інвентарызацыі культурных каштоўнасцей, створанай згодна з міжурадавым Пагадненнем аб супрацоўніцтве ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны, якое было падпісана 29 красавіка 2010 года ў Мінску. Беларускім бокам ужо вызначаны сустаршыня Камісіі (ім стаў намеснік міністра культуры Віктар Кураш), цяпер чакаецца адпаведнае рашэнне Міністэрства культуры і турызму Украіны.

Міхаіл Кулыняк праінфармаваў свайго беларускага калегу аб намаганнях украінскага боку па падтрымцы згуртаванняў нацыянальных меншасцей ва Украіне. Міністры абмеркавалі таксама пытанні развіцця і падтрымкі фестывальнага руху ў сваіх краінах, у тым ліку - арганізацыю фестываляў нацыянальных дыяспар і суайчыннікаў за мяжой.

Важнай тэмай перамоў сталі пытанні, звязаныя з арганізацыяй урачыстасцей у Кіеве з нагоды адкрыцця напрыканцы 2010-га помніка Уладзіміру Караткевічу. Сёння прапрацоўваецца пытанне аб перадачы помніка ўкраінскаму боку.

Дарэчы, пад час знаходжання ў Віцебску Павел Латушка і Міхаіл Кулыняк наведалі "Горад майстроў", дзе візіт двух міністраў стаўся заўважнай падзеяй. Рамеснікі з розных куткоў краіны намагаліся найлепшым чынам прадэманстраваць свае вырабы і, вядома ж, пазнаёміць з імі гасцей. Трапілі міністры і пад успышкі фотакамер майстроў, якія ўдзельнікі форуму падрыхтавалі загадзя, здалёк пабачыўшы пачэсных гасцей. І, вядома ж, беларускі і ўкраінскі міністры былі шчодра адораны шматлікімі сувенірамі. Як казалі майстры, вітаючы гасцей сваіх падворкаў: "Ад шчырага сэрца і шчодрай душы!"

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА