Аляксандр ЛУКАШЭНКА:"З маленькага зярнятка, пасеянага з верай і любоўю, вырас грандыёзны форум"

№ 29 (949) 17.07.2010 - 23.07.2010 г

XIX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" вабіў неверагоднай канцэнтрацыяй культурных падзей, сяброўскіх сустрэч і чароўнасцю фарбаў ліпеньскіх дзён і начэй. "З маленькага зярнятка, пасеянага з верай і любоўю, вырас грандыёзны форум - прыгожы, шырокі, шчодры і крыху загадкавы, як сама славянская душа", - вызначыў яго гісторыю станаўлення і развіцця Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстым адкрыцці фестывалю.

/i/content/pi/cult/277/4326/Clip.jpgКіраўнік нашай дзяржавы традыцыйна адкрывае ўрачысты тыдзень "Славянскага базару...". І сёлета Аляксандр Лукашэнка, пажадаўшы форуму добрага шляху, адзначыў: "Акунуўшыся ў атмасферу фестывалю, добра разумееш: славянскае адзінства - ёсць".

Канешне ж, непаўторную атмасферу фестывалю стварае сам Віцебск, яго жыхары, увесь наш гасцінны і таленавіты народ. Штогод у гэтым пераконваюцца прадстаўнікі ўсё большай колькасці краін свету, што прымаюць удзел у прадстаўнічым форуме. Таму і словы Прэзідэнта перад першымі акордамі фестывальнай мелодыі яднання, адрасаваныя тысячам гледачоў у Летнім амфітэатры і мільёнам тэлегледачоў у нашай краіне і за яе межамі, былі простымі і, адначасова, важкімі: "Дык няхай жа фестываль адлюстроўвае дух народа: будзе такім жа добрым, адкрытым і шчодрым!".

Менавіта такім і атрымаўся сёлетні фестывальны тыдзень пад віцебскім небам, што нязменна натхняе на творчыя вяршыні і новыя перамогі. Таму і не дзіва, што ў горадзе па-над Заходняй Дзвіной з аднолькавай гасціннасцю, як сказаў наш Лідэр, і любоўю гледачы сустракаюць як прызнаных зорак, так і зусім яшчэ юных выканаўцаў. Доказам таму - апладысменты лаўрэатам міжнародных конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні і дзіцячага музычнага конкурсу ды гарачая падтрымка віцябчан. "Беларусь ганарыцца тым, што творчая кар'ера многіх вядомых выканаўцаў пачалася менавіта на сцэне Летняга амфітэатра ў Віцебску", - падкрэсліў на сёлетнім фестывалі Аляксандр Лукашэнка.

...Так, як фантастычнае імгненне, праляцелі гэтыя чароўныя сем дзён. І развітаўшыся пад зорным небам з ХІХ "Славянскім базарам...", мы чакаем сустрэчы з ХХ-м, юбілейным, фестывалем, дзе над блакітнавокім горадам залунае чаканае: "Гаворыць і паказвае Віцебск!.."

На здымкуПрэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнку вітаюць госці Летняга амфітэатра.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА