- Як бы Вы акрэслілі генеральныя напрамкі развіцця культуры Віцебшчыны на дадзеным этапе? Якой Вы бачыце яе заўтра-паслязаўтра?
- Перш за ўсё варта адзначыць, што культура - адзін з найбольш важных прыярытэтаў выканаўчай улады. Работа ў гэтым накірунку вядзецца згодна з мэтавымі праграмамі, асноўнай з якіх з'яўляецца Абласная праграма развіцця культуры. Яе задача - фарміраванне рэгіянальнай палітыкі ў гэтай сферы. Праца вядзецца па такіх напрамках, як гісторыка-культурная спадчына, музеі, бібліятэкі, народная творчасць, адраджэнне і развіццё культуры вёскі, тэатральнае, кіна-, відэа- і музычнае мастацтва, кадры культуры, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Мы імкнёмся забяспечыць рэальны рынак культурных паслуг для задавальнення патрэб насельніцтва. Адначасова прымаюцца меры па развіццю аматарскай творчасці, ажыццяўляецца інфарматызацыя устаноў культуры.
Неабходны патэнцыял - ёсць. Выкананне праграмы забяспечваюць 25 аддзелаў культуры гар-, райвыканкамаў, 706 бібліятэк, 618 устаноў культуры клубнага тыпу, 2 паркі культуры і адпачынку, заапарк, 27 музеяў, абласны і 17 раённых метадычных цэнтраў, 85 дзіцячых школ мастацтваў, 2 музычныя вучылішчы і 1 - мастацтваў, абласная філармонія, Заслужаны калектыў - Беларускі тэатр "Лялька". Тут працуюць 8 тысяч чалавек, намаганнямі якіх і віруе культурнае жыццё ў Прыдзвінні.
За гэтыя гады нямала зроблена. Мяне асабіста радуе тое, што мы ўшчыльную заняліся гісторыка-культурнай спадчынай. У адпаведныя спісы ўнесена 885 нерухомых аб'ектаў, якія ўяўляюць гістарычную каштоўнасць. Усе яны ўзяты на ўлік, на шэрагу з іх вядуцца рэстаўрацыйныя работы.
Але ў пытаннях захавання і выкарыстання помнікаў яшчэ хапае нявырашаных праблем. У першую чаргу яны тычацца гістарычных комплексаў і паркаў. Іх у вобласці - 32, прычым паркаў без пабудоў - толькі 6. Дзевяць гістарычных сядзіб не выкарыстоўваюцца і знаходзяцца ў рознай ступені разбурэння. Прычына простая: для рэстаўрацыі патрэбны грошы, і немалыя. Так, толькі на рэстаўрацыю сядзібы колішняга памешчыка Ю.Бішэўскага ў пасёлку Лынтупы Пастаўскага раёна неабходна 1,2 млрд. рублёў.
Дапамагаюць інвестары. На сённяшні дзень адна прыватная фірма ўзяла ва ўласнасць гаспадарчыя пабудовы гістарычнай сядзібы ў вёсцы Старая Беліца Сенненскага раёна і плануе выкарыстаць іх пад турыстычны комплекс. Гэта добры прыклад для іншых ініцыятыўных прадпрымальнікаў, і з развіццём аграэкатурызму ў нашым Беларускім Паазер'і падобную практыку мы будзем пашыраць.
Адзін з бліжэйшых праектаў такога кшталту з прыцягненнем прыватнага капіталу - аднаўленне гістарычнага асяродка на вуліцы Пакроўскай у Віцебску і рэканструкцыя Дома-музея Марка Шагала. У Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь зарэгістраваны Міжнародны фонд адраджэння гістарычнай часткі горада "Залатая спадчына Віцебска", які створаны ў гэтых мэтах. Музеефікацыя гістарычнага квартала Задзвіння зробіць імя Шагала сапраўдным брэндам нашага абласнога цэнтра. Плануецца таксама правядзенне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ былога Палаца губернатара. У далейшым сюды будуць перанесены найбольш каштоўныя экспазіцыі Абласнога краязнаўчага музея.
Акрамя таго, ёсць планы стварыць у будынку Ратушы экспазіцыю гістарычнага развіцця рэгіёна, і наконт Музея тэатральнага жыцця - як працягу экспазіцыі Літаратурнага музея. Да 2012 года ў Полацку ў будынку былога Дома афіцэраў размесціцца Музей гісторыі горада з рэстаўрацыйнымі майстэрнямі, турыстычным і выдавецкім цэнтрамі.
Сярод набыткаў апошняга часу - адкрыццё мастацкай галерэі ў будынку былога езуіцкага калегіума ў Оршы, стварэнне Алеі Славы побач з плошчай Перамогі ў Віцебску, дзе сабрана баявая тэхніка часоў Вялікай Айчыннай вайны, і экспазіцыі партызанскага побыту ў парку абласнога Музея Героя Савецкага Саюза М.П. Шмырова. Актыўна вядуцца работы па стварэнні Верхнядзвінскага раённага музея і Музея гісторыі Дзісненскага краю на Міёршчыне. Ужо па гэтых напрамках можна меркаваць аб тым, што мы імкнёмся ўзняць галіну культуры Віцебшчыны на новы ўзровень, з улікам павышэння цікавасці да айчыннай гісторыі і нацыянальнай культурнай спадчыны.
- У 2007 годзе Вы гаварылі на старонках "К" пра неабходнасць развіцця інфраструктуры "Славянскага базару ў Віцебску", пра стратэгію найбольш поўнага выкарыстання галоўнай сцэнічнай пляцоўкі фестывалю - Летняга амфітэатра - цягам усяго года, пра другую і трэцюю чэргі яго рэканструкцыі... Гэта быў пункт гледжання віцэ-прэм'ера краіны на той час. Сёння ў якасці кіраўніка Віцебскага аблвыканкама Вы не толькі аналізуеце дадзеныя праблемы, але і рэалізоўваеце іх. Раскажыце, калі ласка, пра вынікі гэтай працы.
- Дзякуючы "Славянскаму базару ў Віцебску" ў вобласці з года ў год набірае абароты так званы "з'явавы" турызм. Каб інтарэс да яго не падаў, ён павінен увесь час развівацца, штогод здзіўляць чымсьці новым. Гэта, вядома, няпроста. Але Віцебск знайшоў чым і сёлета здзівіць сваіх гасцей.
Цяпер абноўленым паўстаў перад гасцямі і ўдзельнікамі фестывалю Летні амфітэатр, вядуцца работы ў межах другога этапа яго рэканструкцыі. Тут з'явяцца кавярні, магазіны, шматфункцыянальны спартыўны комплекс і маладзёжны забаўляльны цэнтр, пры ўдзеле беларускіх інвестараў будзе пабудаваны каток на ўсе сезоны са штучным пакрыццём і гандлёва-забаўляльны комплекс.
Вельмі добрым падарункам гораду да 65-годдзя Перамогі стала завяршэнне рэканструкцыі плошчы Перамогі, у тым ліку абноўлены мемарыяльны комплекс у гонар воінаў-вызваліцеляў, партызанаў і падпольшчыкаў.
У гістарычнай частцы горада вуліцы Суворава і Гогаля ператвораны ў пешую зону, дзе віцябчане і госці могуць азнаёміцца з помнікамі архітэктуры канца XVIII - пачатку XX ст. Вядуцца работы па стварэнні помнікаў заснавальніцы горада - княгіні Вользе, князям Аляксандру Неўскаму і Альгерду. Выканана рэканструкцыя Свята-Уваскрэсенскага храма, праведзены аднаўленчыя работы па рэстаўрацыі Успенскага сабора.
Набліжаецца да завяршэння будаўніцтва бізнес-цэнтра "Марка-Сіці", рэканструкцыя Прывакзальнай плошчы, чыгуначнага вакзала: на 2,5 - 5 гадоў раней запланаваных тэрмінаў. Пабудаваны прыстані, паглыблены фарватар ракі Заходняя Дзвіна ад маста Блахіна да парку імя Савецкай арміі, добраўпарадкавана яе набярэжная. Мы зрабілі паўнаводнай раку Віцьбу, на яе берагах з'явіліся пірсы для лодак і катамаранаў, лыжаролерная траса, утульныя веранды і кавярні. У горадзе адкрыўся новы рэстаран "Паўночная сталіца", хутка запрацуюць яшчэ два - побач з плошчай Перамогі - "Вікторыя" і "Журавінка".
Уздоўж Заходняй Дзвіны ад плошчы Перамогі да Нацыянальнага драматычнага тэатра ствараецца парк Пераможцаў. Дзякуючы тэрмарэнавацыі змяняюць сваё аблічча дамы ўздоўж цэнтральных праспектаў - Маскоўскага, імя Чарняхоўскага і Фрунзэ, а таксама вуліцы Леніна. У жніўні будуць уведзены марфалагічны корпус і бібліятэка Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта.
Паўсталі і прырастаюць новабудоўлямі два буйныя жылыя мікрараёны - "Білева" і "Медцэнтр". Хутка зазвіняць дзіцячыя галасы ў новай, на 930 месцаў, школе і дзіцячым садку. У канцы Маскоўскага праспекта, за горадам, ствараецца буйны гарадскі заапарк. Тут, на плошчы амаль у 10 гектараў, ужо падрыхтаваны вальеры для аленя, лася, лані, казулі, дзіка.
Для тых, хто бываў у нашым горадзе раней, сёлета ён паўстае ў новым абліччы. Але на гэтым змены ў Віцебску не закончацца. Вядуцца работы па стварэнні дзіцячага забаўляльнага цэнтра ў парку 1000-годдзя на праспекце Будаўнікоў, распрацоўваецца праект новай абласной бібліятэкі.
Акрамя таго, у бліжэйшыя два гады плануецца стварыць 8 паркавых культурна-аздараўленчых цэнтраў з зонамі актыўнага адпачынку, дзе будуць атракцыёны, гандлёвыя кропкі, дзіцячыя кавярні, рэстараны з нацыянальнымі кухнямі, спартыўна-аздараўленчыя комплексы, міні-гатэлі, веладромы, аквапаркі і г. д.
Вядома ж, усё, што пабудавана, павінна працаваць і прыносіць прыбытак. У бягучым годзе мы паклапаціліся, каб, з улікам пажаданняў гледачоў, з ранняй вясны да позняй восені ў Летнім амфітэатры праходзілі канцэрты зорак беларускай і замежнай эстрады, а таксама розныя гарадскія культурныя мерапрыемствы.
- Работнікі культуры вобласці ўжо паспелі ацаніць Ваш "рэфарматарскі" характар. Павышэнне бібліятэчных заробкаў і сутнаснае павелічэнне планаў платных паслуг для ўстаноў культуры Віцебшчыны - гэта толькі пачатак планамернага ўдасканалення галіны?
- Пад час афіцыйнага наведвання абласной бібліятэкі, калі прымалася рашэнне аб яе далейшым лёсе, супрацоўнікі ўзнялі пытанне аб нізкіх заробках у бібліятэчнай сістэме. І мы знайшлі рэзервы, каб з улікам адукацыі і напружанасці працы ўстанавіць бібліятэкарам надбаўку да заработнай платы за кошт сродкаў абласнога бюджэту.
Але ж грошы з неба на нас не сыплюцца! Іх трэба зарабіць. Якім чынам? Праз павелічэнне аб'ёму платных паслуг насельніцтву. За 5 месяцаў бягучага года ўстановы культуры зарабілі 6,1 млрд. рублёў, што склала 12,5% да бюджэтнага фінансавання. Заданне выканана на 125,6% .
Аказалася, што зарабляць грошы самім не так ужо і складана: актывізавалі работу па арганізацыі гастрольна-канцэртнай дзейнасці, правядзенні дыскатэк, прыцягненні наведвальнікаў у музеі, увялі новыя віды культурных паслуг (кшталту арганізацыі хаця б той жа зоны адпачынку на рэчцы Віцьба ў абласным цэнтры). Для гэтага патрэбны толькі жаданне і ініцыятыва.
- Наколькі нам вядома, Вы нярэдка пакідаеце свой рабочы кабінет, каб азнаёміцца з праблематыкай на ўласныя вочы, а не праз "папяровую прызму". Якія ўражанні склала ў Вас знаёмства з працай тых устаноў культуры вобласці, што Вам давялося наведаць?
- Усё пабачыць на свае вочы, на месцы выслухаць меркаванні спецыялістаў, прааналізаваць, зрабіць высновы, а ўжо пасля прыняць рашэнне, - адзін з асноўных прынцыпаў работы Віцебскага аблвыканкама.
Мяркуйце самі. Пасля наведвання абласной бібліятэкі мы паставілі задачу аб пераўтварэнні яе ў шматфункцыянальны інфармацыйны цэнтр і аб узвядзенні новага будынка. Пасля рабочых паездак у Бягомль, Лёзна, Лепель, Сянно, Бешанковічы распрацаваны і рэалізуюцца комплексныя мерапрыемствы па ўмацаванні матэрыяльнай базы ўстаноў культуры, добраўпарадкаванні прылеглых тэрыторый.
У чэрвені адбылося выязное пасяджэнне аблвыканкама ў Расонскім раёне. Ёсць рашэнне аб прыняцці праграмы развіцця рэгіёна на 2011 - 2015 гады, якая ахоплівае і галіну культуры. Сёлета ў Расонах пройдуць абласныя "Дажынкі", у сувязі з чым у райцэнтры вядзецца мадэрнізацыя раённага Дома культуры.
На Мемарыяльным комплексе "Праклён фашызму" ў вёсцы Шунёўка Докшыцкага раёна, якую фашысты зажыва спалілі, як і Хатынь, было дадзена даручэнне па аднаўленні гэтага памятнага месца. Сёння там вядуцца работы па добраўпарадкаванні.
Нездарма ж кажуць: лепш адзін раз пабачыць, чым дзесяць - пачуць.
- Вы неаднойчы звярталі ўвагу на арганізацыю продажу арыгінальных сувеніраў, зробленых рукамі народных умельцаў. Сёння зрух у гэтай справе - відавочны. Ці мае турызм на Віцебшчыне перспектыву стаць адной з бюджэтаўтваральных галін вобласці? Які ўнёсак у развіццё гэтай комплекснай з'явы можа і павінна зрабіць галіна культуры?
- Калі мы кажам, што галоўны гонар нашага рэгіёна - працавітыя і таленавітыя людзі, тут няма перабольшвання. Віцебская вобласць з'яўляецца лідэрам у развіцці народных промыслаў і рамёстваў. Для захавання і развіцця адпаведных навыкаў, рэалізацыі самабытных вырабаў народных майстроў і ўмельцаў у кожным раённым цэнтры, ва ўсіх гарадах Прыдзвіння дзейнічаюць дамы рамёстваў, адчынены салоны-магазіны.
Самы значны з іх - Цэнтр народных рамёстваў і мастацтва "Дзвіна" ў Віцебску: тут можна не толькі набыць сувеніры, але і атрымаць майстар-клас па іх вырабе. Адмысловыя рэчы ў абласным цэнтры прапануе наведвальнікам і магазін "Фэст", які знаходзіцца на пешаходнай вуліцы Суворава: тут сабрана ўсё лепшае, што ствараюць народныя майстры, а таксама розныя мастацкія творы, у тым ліку жывапіс, графіка, батык.
Аб прывабнасці нашай вобласці для турыстаў сведчыць тое, што ў мінулым годзе, напрыклад, яе наведалі больш як 7 тысяч замежных гасцей. Большасць з іх - грамадзяне Расійскай Федэрацыі. Цікавасць да Віцебшчыны расце таксама ў Германіі, Літвы, Эстоніі, Швецыі, Францыі, Нідэрландаў, Карэі, Кітая і іншых краін. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца туры з наведваннем Віцебска, Полацка, Браслава ды мясцін, звязаных з імёнамі мастакоў Іллі Рэпіна і Марка Шагала. Прыцягваюць турыстаў таксама Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры" і Бярэзінскі біясферны запаведнік. У мэтах падтрымання ўстойлівага прывабнага вобліка Беларусі і стварэння добрых умоў для далейшага развіцця турызму ў вобласці распрацаваны і рэалізуюцца праграмы-100: "100 аб'ектаў прыдарожнага сервісу", "100 паляўнічых хатак", "100 азёраў".
- Якое месца ў галіне культуры павінна быць нададзена прыватнай ініцыятыве? Ці стануць сённяшнія ўладальнікі аграсядзіб заўтрашнімі спонсарамі рэгіянальнай культуры?
- Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны - адна з першасных задач, якія стаяць перад сучасным грамадствам. І прыватная ініцыятыва тут павінна атрымаць самае шырокае развіццё.
З гэтай мэтай у нашай вобласці сталі традыцыйнымі міжнародныя інвестыцыйныя форумы. Бліжэйшы з іх запланаваны на 15 - 16 чэрвеня. Адміністрацыі рэгіёнаў прапаноўваюць патэнцыйным інвестарам розныя праекты, у тым ліку і па рэстаўрацыі гістарычных сядзіб. У нас ёсць надзея, што з цягам часу жадаючых укладаць грошы ў гэтую справу будзе больш.
Сёння суб'ектам аграэкатурызму вобласці даецца магчымасць набыцця шляхам перадачы ва ўласнасць тых сядзіб, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей і пакуль не маюць функцыянальнага прымянення. Мы зацікаўлены ў тым, каб гэты від дзейнасці стаў прыбытковай справай. Разлік тут просты: гаспадар будзе імкнуцца захаваць сядзібу ў належным стане для нашчадкаў, дзякуючы чаму матэрыяльна падтрымае развіццё рэгіянальнай культуры, а турысты атрымаюць незабыўны, эксклюзіўны адпачынак.
Паколькі аграэкатурызм на Віцебшчыне - запатрабаваны (у нас амаль 300 аграэкасядзіб - трэцяя яго частка ад рэспубліканскай колькасці), думаю, што станоўчыя зрухі - будуць.
Фота Юрыя ІВАНОВА