- Павел Паўлавіч, не першы год журналісты з многіх краін свету намагаюцца разгадаць, у чым крыецца поспех Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", які з'яўляецца адным з найбуйнейшых творчых форумаў насамрэч сусветнага маштабу і аналагаў якому не адшукаць у іншых краінах свету...
- Тут спрацоўвае мноства самых розных фактараў. Адзін з галоўных - тая атмасфера творчасці, якая на час фестывалю літаральна насычае кожны квадратны сантыметр Віцебска. Так што, унікальны настрой "Славянскага базару..." ствараюць і жыхары горада, і яго шматлікія госці. Гасціннасць, адкрытасць і добразычлівую атмасферу неаднойчы адзначалі ўдзельнікі форуму. А яшчэ - высокі арганізацыйны і тэхнічны ўзровень усіх мерапрыемстваў у рамках фестывалю. Для таго, каб гэтага дасягнуць, вядзецца сур'ёзная праца цягам усяго года. І тое прыгожае і яркае дзейства, якое мы назіраем пад час фестывальнага тыдня ўжывую і на тэлеэкранах, з'яўляецца плёнам карпатлівай работы прафесіяналаў самых розных накірункаў дзейнасці.
"Гэты фестываль - амаль равеснік нашай маладой дзяржавы, любімае стварэнне ўсёй Беларусі, у якое мы ўкладваем нашу душу", - акрэсліў феномен форуму Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. "Славянскі базар у Віцебску" традыцыйна праходзіць пад патранатам Кіраўніка нашай дзяржавы, які пад час цырымоніі адкрыцця фестывалю ўручае спецыяльны прыз "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Сёлета ім услаўлены імя Уладзіміра Мулявіна і Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры". Пад "зоркай" Мулявіна пройдзе і шэраг іншых фестывальных імпрэз.
Так што дзякуючы менавіта гэтаму свайму магутнаму пасылу на сяброўства і пазітыўную сутворчасць людзей яму ўдалося набыць такую папулярнасць не толькі сярод жыхароў і гасцей горада, якія кожны год збіраюць поўныя залы ў Амфітэатры і на іншых пляцоўках фэсту, але і сярод тых творцаў самага высокага класа, што з задавальненнем наведваюць у гэтыя фестывальныя дні Віцебск і дораць усім ахвотным сваё мастацтва.
Зразумела, у полі зроку члены аргкамітэта трымалі шмат пытанняў - ад распрацоўкі канцэпцыі форуму, мастацкага і творчага насычэння яго імпрэз да вырашэння вузкіх тэхнічных і маштабных арганізацыйных момантаў, - дзякуючы чаму "Славянскі базар у Віцебску" мае трывалы імідж фестывалю са зладжанай работай усіх службаў.
- Так, гэты буйны міжнародны форум ужо даўно вырас да фармату крэатыўнага творчага і культурнага свята. І гэты фармат кожны год убірае ў сябе імёны новых удзельнікаў з новых краін свету...
- Прынамсі, сёлета ў горад на Заходняй Дзвіне завітаюць прадстаўнікі 34 краін свету. Упершыню сваё мастацтва прадставяць на віцебскай сцэне творцы з Кубы, Панамы і Чарнагорыі. Калі казаць пра лічбы, дык у рамках сёлетняга "Славянскага базару ў Віцебску" горад наведае каля 5 тысяч артыстаў. Запланавана 70 культурных праектаў, якія будуць ажыццяўляцца ажно на 16 пляцоўках горада. Сярод іх - і новая сцэнічная пляцоўка на рэканструяванай плошчы Перамогі, якая можа змясціць тысячы чалавек.
"Славянскі базар у Віцебску" цягам многіх гадоў транслюе на шырокае міжнароднае супольніцтва імідж Беларусі як краіны, што мае не толькі багатыя традыцыі мінулага, але і магутны культурны складнік дня сённяшняга, а таксама патэнцыял на заўтрашні дзень. Сведчаннем гэтага з'яўляюцца не толькі выступленні у рамках фестывальных мерапрыемстваў нашых эстрадных выканаўцаў і калектываў самых розных жанраў, але і ўвесь спектр творчых імпрэз форуму, якія суправаджаюць тыдзень "Славянскага базару ў Віцебску". Я разумею, чаму для беларускіх артыстаў ужо сам удзел у мерапрыемствах Міжнароднага фестывалю мастацтваў - своеасаблівы творчы "конкурс".
Літаральна днямі на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры, прысвечанай развіццю айчыннай эстрады, мы, сярод іншага, абмяркоўвалі і тыя патэнцыйныя магчымасці для творчай самарэалізацыі, якія здольны даць нашым артыстам гэты буйны міжнародны форум. Вялася размова і пра функцыянаванне сістэмы прадзюсерства ў Беларусі, што паспрыяе папулярызацыі іх мастацтва.
Асабіста перакананы, што ў будучым прысутнасць на "Славянскім базары ў Віцебску" айчыннай культуры ў асобах нашых музычных калектываў і салістаў, танцавальных гуртоў, народных майстроў, кінематаграфістаў, тэатральных калектываў ды іншых творцаў можа і павінна быць яшчэ больш шырокай і прадстаўнічай. Каб міжнародная грамадскасць, якая сочыць за фестывальнымі падзеямі, мела магчымасць атрымаць больш поўнае ўяўленне пра тое, чым жыве беларуская культура сёння. І частку яе людзі спасцігаюць акурат праз Віцебск мастацкі - terra-брэндынг Беларусі!
Фота Аляксандра ХІТРОВА, БелТА,
з архіва "Культуры"