Перамога над сонцам Льва Юдзіна

№ 27 (947) 03.07.2010 - 09.07.2010 г

Дык пра якую ж версію я распачаў гаворку мінулым разам? Па-першае, з пачатку 30-х Юдзін цалкам перайшоў на станковую графіку, кніжнае афармленне і “рэалістычны” жывапіс (у Трацякоўцы ёсць яго “Блакітны нацюрморт” гэтага перыяду); па-другое, лічу, не апошнюю ролю тут адыграла яго стрыечная сястра Марыя Веніямінаўна Юдзіна, блізкая сяброўка Кацярыны Пешкавай і іншых уплывовых асоб. Гэтыя сувязі дапамаглі ёй выратаваць ад ГУЛАГа і рэпрэсій не адну чалавечую душу. Ну і, па-трэцяе, Юдзін, паводле складу характару, мабыць, быў “не арол” і пазбягаў усялякай палітыкі. Хаця я павінен тут зрабіць наступную рэмарку. (Заканчэнне. Пачатак у № 26.)

/i/content/pi/cult/274/4282/15-1.jpgПрактычна ўсе 1930-я гады Юдзін прапрацаваў у дзіцячым аддзяленні Дзяржаўнага выдавецтва, што друкавала цудоўныя тагачасныя часопісы "Чиж" і "Ёж". У гэтай "Акадэміі Маршака" працавалі найбольш таленавітыя паэты і мастакі краіны, якія расказвалі ва ўмовах сталінскага рэжыму прыгожыя байкі пра тое, "как хорошо в стране советской жить", і што жыццё з кожным днём становіцца лепшым і весялейшым. Гэта быў, так бы мовіць, "парадны" бок жыцця "Акадэміі". А "непарадны" заключаўся ў тым, што многія члены рэдкалегіі гэтых дзіцячых часопісаў былі арыштаваны, рэпрэсіраваны, расстраляны або замардаваны ў лагерах. Сярод іх - В.Ермалаева, П.Сакалоў, Д.Хармс, М.Алейнікаў, А.Увядзенскі, Б.Малахоўскі і многія іншыя. Урэшце, цкаванне лепшых дзіцячых паэтаў і мастакоў СССР пачалося яшчэ ў 1929 годзе. Тады ж пачалі рэзка выкрываць творчасць С.Маршака і асабліва- К.Чукоўскага. І тут жа, як заўсёды, усе цэнтральныя газеты і часопісы адгукнуліся пад лозунгам "Дадим нашим детям новую литературу!" уласцівымі таму часу артыкуламі ды карыкатурамі з заклікамі расправіцца з выдумшчыкамі такіх казак і фантазій, што адцягвалі ўвагу дзяцей ад рэальнага жыцця і класавай барацьбы.

І як адчувалі сябе Юдзін - аўтар малюнкаў да кніг рэпрэсіраванага А.Увядзенскага "Хто я?" - або яго сябра Э.Крымер - ілюстратар кнігі пазней загінуўшага ў лагеры Д.Хармса "Як бабулька чарніла купляла"? Не ведаю, ці паўплывалі гэтыя рэпрэсіі на далейшую творчасць Юдзіна, але ў перадваенныя гады ён быў вельмі асцярожны ў сваіх мастакоўскіх прыхільнасцях, пераходзячы на больш "лёгкія" і "бяспечныя" віды і жанры мастацтва.

У асноўным, гэта - друкаваная графіка, кніжная ілюстрацыя і "па/i/content/pi/cult/274/4282/15-2.jpgпяровая скульптура". Серыя апошніх, па перакананні мастацтвазнаўцаў, прадугадала сённяшнюю канцэптуальную пастановачную фатаграфію. Справа ў тым, што свае напаўабстрактныя папяровыя скульптуры Юдзін фатаграфаваў строга пры пэўным асвятленні. Аднак не ўласна скульптуры, а менавіта гэтыя фотаздымкі рабіліся канчатковымі творамі мастацтва. Такі прыём праз паўстагоддзя зазначыў маскоўскі мастак-авангардыст Францыска Інфантэ (я яго трошкі ведаў), які ішоў у сваёй творчасці ў рэчышчы так званых еўраканцэптуалаў. Але ў даваенным Ленінградзе Юдзін быў першым і адзіным наватарам у гэтай галіне.

Яшчэ ён вызначаўся ў гра/i/content/pi/cult/274/4282/15-3.jpgфіцы асаблівым талентам сілуэтнага адлюстравання. Гэтаму мастацтву ён навучыўся ў сваёй матулі яшчэ ў Віцебску. Без папярэдняй падрыхтоўкі ён віртуозна выразаў нажніцамі маленькія сілуэты жывёл, птушак і людзей, часта - у складаных кампазіцыйных спалучэннях. Творы вылучаліся дзівоснай тонкасцю і зграбнасцю малюнка, дэкаратыўна-рытмічным майстэрствам і прывабнасцю "вобразаў".

Але галоўнай галіной яго творчай дзейнасці стала кніжна-часопісная графіка. Менавіта на гэтай глебе Юдзін здружыўся з такімі цудоўнымі мастакамі і літаратуразнаўцамі, як У.Лебедзеў, У.Курдаў, П.Сакалоў, Д.Хармс, Ю.Васняцоў, М.Забалоцкі, М.Алейнікаў.

У 1938 - 1939 гг. Юдзін прыдумаў дзве кнігі, прысвечаныя святочным сустрэчам яго самых блізкіх сяброў: мастакоў Паўла Кандрацьева, Эдуарда Крымера, Тэадора Пеўзнера, Саламона Левіна. Справа ў тым, што гэтая неразлучная чацвёрка ў суправаджэнні жонак, дзяцей і сваякоў здзяйсняла доўгія падарожжы па Наўгародскай, Ленінградскай абласцях і Украіне. Актыўны адпачынак ва ўсіх іх спалучаўся з напружанай і творчай працай: ні дня без малюнка... Успаміны Юдзіна якраз і адлюстраваны ў гэтых кнігах.

 Першая - "Охтиньки" - была падрыхтавана да сустрэчы 8 лістапада 1938 года пасля вяртання групы з вёскі Мірабудзіцы, што на Наўгародчыне. Назва ўзята з характэрных воклічаў тамтэйшых сялянак пасля мясцовых навін:"Охтиньки! Что делается!". Тут жа Юдзін прыдумвае сяброўскія эпіграмы на ўсіх членаў групы: № 1 і №2 адрасаваны Левіну; № 3 - Пеўзнеру; № 4 - жонцы, Марыі Гарохавай; № 6 - Кандрацьеву; № 7 - Крымеру; № 8 - сястры, А.Юдзінай.

 Другая кніга - "Бягучыя справы" - была падрыхтавана да сустрэчы 2 мая 1939 года. Гэта падрабязныя апісанні побыту, алоўкавыя і акварэльныя накіды, карыкатуры, шаржы і беглыя подпісы да іх. Ёсць і водгаласы гарачых дыскусій ды спрэчак паміж паслядоўнікамі Малевіча, што засталіся яшчэ на волі, і іх раз'юшанага антыпода - мастака Дзмітрыя Мітрохіна, які, дарэчы, у перадваенныя гады аказаў моцны ўплыў на Юдзіна як выдатны майстар разцовай гравюры.

Юдзін, Кандрацьеў і Крымер шмат кантактавалі з Мітрохіным і захавалі да канца захопленыя адносіны як да чалавека і маэстра разца, нягледзячы на яго "антымалевічаўскія" пазіцыі.

У нешматлікіх лістах з фронту Юдзін часта ўзгадваў сваіх сяброў і настаўнікаў. Так, у кастрычніку 1941 года піша: "Малевіч і Мітрохін абудзілі такія пачуцці, якія могуць загінуць ужо толькі са мной разам". А будучы народны мастак Расіі, акадэмік, калісьці вядомы авангардыст, Канстанцін Ражджэсцвенскі, сябар Юдзіна, ганіў яго за захапленне "непапраўным "рэалістам" Мітрохіным: "Мне становіцца сумна за цябе. Ты сам сябе падманваеш і падманваешся, звужаючы свой творчы дыяпазон. Інакш я не магу растлумачыць тваё захапленне Мітрохіным". Ну што тут можна сказаць? Мабыць, Ражджэсцвенскі не зусім меў рацыю: Юдзін аднолькава паважаў як мастакоў і Пікаса, і Сезана, і Рэпіна, і Дэйнеку, і Малевіча. Чаму ж не? Да новага - 1941 - года Юдзін намаляваў серыю віншавальных паштовак, якія чамусьці не былі ўручаны адрасатам-сябрам ("Полю" - П.Кандрацьеву; "Дарагому Эдзіку" - Э.Крымеру; "Брату Тэа" - Т.Пейзнеру), у якіх выкарыстоўваў вясёлыя аплікацыі з цукерачных фанцікаў з дамаляванымі смешнымі дэталямі. Гэта былі апошнія работы, якія аб'ядналі сяброў... З першых дзён вайны ўсе яны пайшлі на фронт... Кандрацьеў і Крымер дайшлі да Перамогі. Пеўзнер у 1942-м загінуў у Ленінградзе...

А вось малодшаму лейтэнанту Льву Юдзіну доўга паваяваць не давялося: камандуючы ўзводам, ён загінуў у першым жа баі пад вёскай УсцьТосна 9 ці 10 лістапада 1941 года...

Гэта быў пачатак стратэгічнай контрнаступальнай аперацыі 54-й ар/i/content/pi/cult/274/4282/15-4.jpgміі Ленінградскага фронту супраць буйной Ціхвінскай групоўкі фашыстаў, якая, на жаль, скончылася няўдала. Напярэдадні бою, па злой іроніі лёсу, Юдзін атрымаў "бронь" ад Саюза мастакоў, але адмовіўся выкарыстаць нечаканы "падарунак". Мастак палічыў гэта здрадніцтвам у адносінах да байцоў свайго ўзвода.

 Апошнія лісты з фронту былі адпраўлены ім 5 і 6 лістапада 1941-га. Прывяду некалькі фрагментаў з іх. Упершыню яны былі надрукаваны ленінградскім журналістам Віктарам Царыцыным у № 3 часопіса "Нева" за 2006 год.

"Ленінград 5 лістапада 1941 г. Д.І. Мітрохіну.

Сёння ад'язджаю ў дзеючую армію. У маёй запісной кніжцы - застаўкі і ініцыялы з Вашай кнігі пра Суворава. Радуюся, што маю рэчы, зробленыя Вашай рукой. Углядаюся ў іх з любоўю і ўваходжу ў ваш свет мастака, які мне такі блізкі і дарагі...";

"5 лістапада 1941 г. М.Гарохавай.

Дарагая мая жонка, мая радасць! Ведаеш, хто ўчора адправіў мае лісты табе? Паша Кандрацьеў! Ён быў учора ў мяне на выпуску (Малодшых камандзіраў. - Б.К.). Як было прыемна яго пабачыць! Любы мой Паўлік! Шкада было з ім расставацца...";

 "6 лістапада 1941 г. Ленінград. М.А. Гарохавай.

 20.00. Мая дарагая жонка! Віншую цябе і сынулю з надыходзячым святам! Не так важна, што гэтая паштоўка прыйдзе пазней. У гэты ўрачысты дзень я з вамі, мае любімыя! Рухаючыся па дарозе ў сваю часць, я ведаю, што і вы думаеце пра мяне зараз. Праязджаў міма твайго дома. Якім новым паказаўся мне мой горад, якім цудоўным! Ляжым на нарах, балбочам. Цёпла, светла, мы цалкам пад'еўшыя. Таварышы расказваюць пра баі, у якіх удзельнічалі..."

Пасля вайны імя Юдзіна як бы выпала з гісторыі сучаснага выяўленчага мастацтва. А калі і згадвалася, у тым ліку і ў нашым друку, дык толькі - як вучня Малевіча, члена віцебскага УНОВИСа і супрацоўніка ГИНХУКа.

 Наколькі я ведаю, толькі ў 2003 годзе адбылася яго больш-менш поўная персанальная выстаўка ў Музеі сучаснага мастацтва "Царскосельская коллекция" ў горадзе Пушкіне Ленінградскай вобласці. Праз шэсць гадоў, у 2009-м, у Музеі пецярбургскага авангарда (Дом Мацюшына) па вуліцы Прафесара Папова адкрылася наступная выстаўка Юдзіна, дзе былі прадстаўлены копіі 10 жывапісных карцін мастака, створаныя жонкай Юдзіна- Марыяй Юдзінай-Гарохавай, а таксама макеты кніг, кніжкі-цацкі, ілюстрацыі і дзіцячыя паштоўкі. Аднак, пры ўсёй візуальнай блізкасці да арыгіналаў, жывапісныя творы (копіі), па сведчанні мастацтвазнаўцаў, не з'яўляліся іх механічным паўтарэннем і неслі адбіткі індывідуальнасці гэтай самабытнай мастачкі.

Н а й б о л ь ш значныя творы Юдзіна - нац ю р м о р т ы "Аранжавы малочнік і бутэлька", "Кафейнік, збан і цукарніца", "Нацюрморт з чывоным самаварам", "Блакітны нацюрморт", супрэматычныя кампазіцыі пачатку 1920-х гадоў - знаходзяцца ў розных расійскіх музеях, у тым ліку ў Рускім музеі і Трацякоўскай галерэі. Партрэт Л.Юдзіна напрыканцы 1930-х напісаў вядомы паэт Сяргей Гарадзецкі, які таксама займаўся і жывапісам, - той самы Гарадзецкі, што адным з першых разгледзеў талент юнага Ясеніна. Гэты партрэт калісьці я бачыў у Рускім музеі, але тады, у 1960-я гады, я не ведаў, што Юдзін меў прамое дачыненне да Беларусі, што ён - родам з Віцебска.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"