Хто веславаў у Случы?

№ 27 (947) 03.07.2010 - 09.07.2010 г

Вельмі часта першыя згадкі пра старажытныя гарады былі звязаны з удзельнымі войнамі і нават вынішчэннем саміх паселішчаў. Гэтак сама атрымалася і са Слуцкам. “В лето 6624 (1116)…” вялікі князь кіеўскі Уладзімір Манамах напаў на мінскага князя Глеба, які перад гэтым спаліў Слуцк, і, як зазначае летапіс, “…и не каяшеться о сем, ни покоряшеться”.

/i/content/pi/cult/274/4280/14-8.jpg Большасць даследчыкаў лічыць гэты год найбольш верагоднай датай першай згадкі Слуцка ў пісьмовых крыніцах. Але сярод гісторыкаў існуюць і іншыя версіі, што сведчаць пра больш раннія даты, напрыклад, 1097-ы, 1086-ы і нават 1005 год. Апошнюю слуцкі краязнаўца Р.Родчанка, у свой час, прапаноўваў афіцыйна прызнаць датай першага ўпамінання пра Слуцк у пісьмовых крыніцах. Але сумненні выклікае той факт, што яна згадваецца ў адносна позніх пісьмовых крыніцах. Апошняе не дазваляе яе канчаткова прыняць. Тым не менш, археалагічны матэрыял, знойдзены пад час раскопак, можа пацвердзіць версію мясцовага краязнаўцы.

Археалагічныя раскопкі, якія праводзіліся ў Слуцку ў 1985 - 1987 гг. і ў 1999 г., дазваляюць устанавіць, што першымі жыхарамі на пясчанай выспе, размешчанай у сутоках рэк Случ і Бычок, былі старажытныя балты, якія прыстасавалі гэтую выспу пад гарадзішча./i/content/pi/cult/274/4280/14-5.jpg Артэфакты таго перыяду - ім больш як паўтары тысячы гадоў - прадстаўлены знаходкамі жалезнай утулкавай сякеры-кельта, гліняных прасліц на верацяно і фрагментамі кухоннага посуду са штрыхамі. Верагодней за ўсё, напрыканцы ІХ - на пачатку Х стст. на ўрадлівыя глебы Случчыны прыйшло ўсходнеславянскае племя дрыгавічоў. На такую думку наводзіць знаходка візантыйскай манеты імператара Васілія І (867 - 886 гг.), выяўленая ў раскопках, што праводзіліся на пасадзе Слуцка. Трапіць сюды гэтая манета магла ў выніку гандлёвых стасункаў з паўднёвымі суседзямі дрыгавічоў - драўлянамі, або нават непасрэдна з візантыйскіх калоній паўночнага ўзбярэжжа Чорнага мора. У ХІ ст. прадстаўнікі гэтага племені засялілі старажытнае гарадзішча, сведчаннем чаго сталі чарапкі глінянага посуду гэтага часу, знойдзеныя ў раскопках на гарадзішчы. У ХІІ- ХІІІ стст. яно ператвараецца ўжо ў дзяцінец летапіснага Слуцка, дзе пражываў князь або ягоны намеснік. Тым часам першым князем Слуцка, пра якога згадвае летапіс, быў Уладзімір Мсціслававіч - унук кіеўскага к/i/content/pi/cult/274/4280/14-6.jpgнязя Уладзіміра Манамаха.

Кожны ўдзельны князь лічыў справай гонару мець на сваім двары ўласны храм. І таму, як сведчаць даныя раскопак, на слуцкім дзяцінцы ўзводзіцца царква. Пра гэта сведчаць знаходкі плінфы і вапняковыя падчасаныя пліты, з якіх гэты храм будавалі. Тэхніка ўзвядзення храмаў, дзе спалучаліся плінфа і вапняковыя пліты, адзначана таксама ў Віцебску і Навагрудку. Верагодна, што ўсе гэтыя тры царквы ўзводзіла адна і тая ж арцель дойлідаў.

Праўда, першаму князю Слуцка нядоўга давялося любавацца творчасцю гэтых майстроў, бо праз пару гадоў слуцкі сталец у яго адабраў кіеўскі князь - ягоны брат Расціслаў Мсціслававіч, які затым далучыў Слуцк да Тураўскага княства.

Як і кожны горад эпохі Сярэднявечча, Слуцк меў свае ўмацаванні. У ХІІ- ХІІІ стст. яго дзяцінец ахопліваў насыпны вал шырынёй у падножжы больш за дваццаць метраў і вышынёй каля чатырох, на версе якога ішоў частакол з бярвення.

 Археалагічныя раскопкі, што праводзіліся аўтарам артыкула ў Слуцку, дазваляюць, разам з данымі пісьмовых крыніц, у пэўнай ступені рэканструяваць аблічча сярэднявечнага Слуцка.

У прыватнасці, паводле даных раскопак, шырыня вулічных маставых па дзяцінцы летапіснага Слуцка складала амаль два метры. Вуліцы масціліся з дошак, бярвення і аполкаў на лагі. Цікава, што як і сёння, вуліцы, па даных тых жа раскопак, рэгулярна рамантаваліся.

Уздоўж вулічных маставых месціліся гарадскія сядзібы, якія размяжоўваліся част/i/content/pi/cult/274/4280/14-7.jpgаколам. Звычайна кожная з іх уключала адно-два жытлы і пару-другую гаспадарчых пабудоў. Жытлы Слуцка гэтага часу ўяўляюць з сябе зрубы плошчай да 20 кв. м. У куце зруба размяшчалася глінабітная печ. А вось пабудовы гаспадарчага прызначэння - клеці і хлявы - былі невялікія: усяго 4- 12 кв. м.

 Раскопкамі выяўлена і пабудова вытворчага прызначэння - кузня ХІІ ст. Чаго тут толькі ні знойдзена: гэта і зубілы, і прабойнікі, і малаток-цвікадзёр, і нават цвікарні! А саміх цвікоў, замкоў і ключоў, сабраных у гэтай кузні, хапіла б на цэлую скабяную краму! Увогуле ж, знаходак пад час раскопак Слуцка знойдзена так шмат, што іхні лік ідзе ўжо не на адну тысячу. Сярод іншага, прадстаўлены і прадметы ўзбраення: наканечнікі дзід і стрэлаў, дэталі мяча і шаблі, кісцень і булава. Дарэчы, апошняя выраблена з бронзы і з'яўляецца не столькі зброяй, колькі атрыбутам улады.

Знойдзены ўпрыгожанні з каляровых металаў (срэбра і бронза) - падвескі, бранзалеты, а таксама шкляныя пацеркі, пярсцёнкі, бранзалеты... Апошніх колькасцю больш за паўтысячы. Сярод іх - сінія, блакітныя, зялёныя, жоўтыя, карычневыя, замежнай і айчыннай вытворчасці, словам - на любы густ слуцкіх модніц таго часу. А гандлявалі тамтэйшыя жыхары на той час нават з далёкім замежжам. Напрыклад, з Прыбалтыкі сюды трапіла бурштынавая падвеска ў выглядзе стылізаванага крыжа, на якім, для большай святасці, быў прадрапаны дадаткова раўнаканечны, грэчаскі крыж. З візантыйскіх калоній тут знойдзены шкарлупіна валоскіх арэхаў і фрагменты амфар. У апошніх прывозілі віно на патрэбы царкоўныя і на ўцехі княскія. Прывозіліся адтуль і нацельныя, вырабленыя з чырвонага каменю - парфіру - крыжыкі, якія называлі "карсунчыкі" паводле назвы Корсуні - Херсанэса, як яго тады называлі ў старажытнарускіх пісьмовых крыніцах.

Дзякуючы знаходкам, можна рэканструяваць нават карціны тагачаснага жыцця, пэўныя побытавыя сітуацыі. Да прыкладу, рулявое вясло: відавочна, нехта прыплыў па Случы, паклаў яго за клеццю, ды так яно і засталося там ляжаць, пакуль, праз 800 гадоў, яго не знайшлі археолагі. Або той жа званок, луджаны меддзю, што клапатліва вешаўся чыёйсьці "рыкулі" на шыю, каб тая не заблукала ў час выпасу. Як і цяпер, нашы продкі ў ХІІ - ХІІІ стст. з задавальненнем наведваліся ў лес, пра што сведчыць ці не з паўвядра лясных арэхаў. А вось на глыбіні каля чатырох метраў у вільготным слоі археолагамі быў адшуканы "пеўнік стракаты" - грыб, які захаваўся так, што хоць цяпер у засол кладзі.

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, дацэнт БДПУ імя М.Танка, археолаг