“Еўрабачанне” без праблем

№ 27 (947) 03.07.2010 - 09.07.2010 г

Госцем сталіцы чарговы раз стаў выканаўчы прадзюсер Еўрапейскага вяшчальнага саюза Свантэ Стакселіюс. Ён засведчыў: дзіцячае “Еўрабачанне” ў Мінску адбудзецца пры любых абставінах!

Сапраўды, Еўропа, як і ўвесь свет, перажывае не лепшыя фінансавыя часы: тое ж танцавальнае "Еўрабачанне" не склалася сёлета менавіта з-за гэтых прычын, бо многія краіны не знаходзілі адпаведных сродкаў. Але дзіцячаму конкурсу, як запэўніў спадар Стакселіюс, не змогуць перашкодзіць ніякія складанасці, бо мінімальная колькасць яго ўдзельнікаў вызначана даўно. Далучацца да свята і дзве краіны, што не ўдзельнічаюць у конкурсе, але будуць яго трансляваць: гэта Аўстралія і Новая Зеландыя. Што ж да тых краін, якія пакуль адмовіліся ад удзелу з-за эканамічных складанасцей (а тэрмін прыёму заявак ужо мінуў), дык з імі будуць весціся перамовы, каб знайсці магчымыя варыянты вырашэння праблемы.

Тым больш прыемна, што ў беларускіх арганізатараў конкурсу, як заўважыў спрактыкаваны ў гэтых пытаннях госць, няма ніякіх праблем. Стакселіюс застаўся вельмі задаволены падрыхтоўкай: план - выконваецца, усё ўкладаецца ў вызначаныя тэрміны. Што ж да мастацкага боку шоу, дык ён выказаў пажаданне, каб у ім было як мага больш беларускіх нумароў: "Шоу павінна штогод быць розным, і ў кожнага ёсць магчымасць паказаць сваю краіну". У яго была сустрэча з прадзюсерамі Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі, і ў іх, як падкрэсліў С.Стакселіюс, - шмат цікавых ідэй. Пакуль жа ён асабліва вылучыў цудоўную, на яго думку, ідэю запрасіць у Мінск усіх пераможцаў дзіцячага "Еўрабачання": такая акцыя адбудзецца на гэтым конкурсе ўпершыню.

Некаторыя "сакрэты" раскрыў і выканаўчы прадзюсер дзіцячага "Еўрабачання2010", намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Мартыненка. Удзельнікі конкурсу пабываюць на экскурсіях, наведаюць цырк, а таксама Нацыянальны мастацкі музей, пачастуюцца прысмакамі беларускай кухні, паскачуць на дыскатэцы. Колькасць месцаў у глядзельнай зале "Мінск-Арэны" будзе падлічана, калі завершыцца дызайн сцэны. Тады ж білеты трапяць у касы. Сярод жа тых, хто атрымае бясплатныя запрашальнікі, будуць выхаванцы дзіцячых дамоў, дзеці з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Н.Б.