“Начны дазор” па-шапэнаўску

№ 27 (947) 03.07.2010 - 09.07.2010 г

Цікавасць да новага праекта Беларускай дзяржаўнай філармоніі “Ноч музыкі” была вялізнай. Такі праект ладзіўся ў нас упершыню: больш як пяцігадзінны мастацкі марафон, прычым складзены не з эстрадных твораў, а з канцэпцыйных музычных, харэаграфічных, тэатралізаваных нумароў розн а й п р а цягласці, і ўсё — у гонар Шапэна.

/i/content/pi/cult/274/4276/12-4.jpg Не меншую цікавасць выклікала і асоба кампазітара Ларысы Сімаковіч. Працуючы ў рэкламна-інфармацыйным аддзеле філармоніі, гэтая рознабакова адораная, папраўдзе таленавітая творца выступіла аўтарам і нават бенефіцыянткай вечарыны. Бо яна не толькі прыдумала ідэю і стала галоўным ініцыятарам "начнога музіцыравання", але і распрацавала сцэнарый, напісала вядучым тэксты, выступіла ў якасці аўтара п'есы, рэжысёра, харэографапастаноўшчыка і выканаўцы адной з цэнтральных роляў музычнага спектакля "Жорж Санд, мазурка і Шапэн", а таксама стварыла адну з васьмі фінальных калыханак у гонар Шапэна (і пры гэтым зацікавіла сямёра астатніх кампазітараў, каб тыя напісалі свае калыханкі, кожны - на свой лад). Але ж ноч на тое і ноч, што ў ёй многае "дзённае" (а разам з ім і будзённае) успрымаецца іначай. Дый больш як пяць гадзін музыкі запар, хай і з невялікімі антрактамі, аказаліся не абы-якім выпрабаваннем для гледача. Ды толькі, падаецца, варта больш разлічваць арганізатарам такога канцэрта, хто стане тым самым гледачом: прэм'еры васьмі новых партытур завяршыліся бліжэй да першай гадзіны ночы, ды яшчэ/i/content/pi/cult/274/4276/12-5.jpg ў ноч з серады на чацвер. Вось і сыходзіла публіка раней за час "даслухоўваць" свае калыханкі дадому. Тым больш, што паспела "зачаравацца" ў зале пад час даволі медытатыўнага выступлення амерыканскай скрыпачкі Крысціны Фонг.

Затое як запаліў прысутных варшаўскі гурт "Zespol Polski"! Тое, што ён прадэманстраваў, можна азначыць хіба фразай: "І немагчымае - магчыма!". Бо аўтэнтычныя народныя інструменты спалучаліся з музыкай Шапэна ў джазавай апрацоўцы і, галоўнае, такой энергетыкай, што здольная была б, здаецца, уваскрэсіць вялікага класіка!

Адточанае класічнае выкананне шапэнаўскай музыкі дэманстравалі нашы піяністы. Атрымаўся сапраўдны "фартэпіянны парад" (ці, можа, гэткая "фартэпіянная нарада", бо раялі часам станавіліся "ў кола" - амаль як удзельнікі Клуба вясёлых і знаходлівых у час абмеркавання).

 Безумоўна, упрыгожылі вечар артысты балета. Юлія Дзятко, Надзея Філіпава, Рына Івакіры, Рыгор Крукоўскі і Ігар Вяршынін паказалі тры мініяцюры, пастаўленыя Раду Паклітару. А вось спектакль "Жорж Санд, мазурка і Шапэн", таксама насычаны пластыкай, выклікаў самыя супрацьлеглыя меркаванні. Можа, начны час не садзейнічаў заглыбленню ў яго сімволіку?

 Як бы тое ні было, першы блін атрымаўся зусім не камяком: былі ў ім сапраўдныя "разыначкі", перлінкі і нават дыяменты. Але агульную драматургію такіх "начных дазораў" трэба ўсё ж адбудоўваць больш узважана.

Фота Ігара КУЗНЯЦОВА

На здымках: Надзея Філіпава;

дырыжыруе Яўген Бушкоў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"