Да Радзівілаў за оперным багаццем

№ 27 (947) 03.07.2010 - 09.07.2010 г

“Вечары оперы і балета ў замку Радзівілаў” — адбыліся і сталі першым фестывальным праектам адноўленага Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Разам са святамі камернай музыкі “Музы Нясвіжа”, што цягам вось ужо 15-ці гадоў ладзяцца тут Нацыянальным канцэртным аркестрам нашай краіны, “Вечары...” склалі гэткі “нясвіжска-фестывальны дыялог”.

/i/content/pi/cult/274/4275/12-1.jpg"Пралогам" да гэтага опернага фестывалю стала, вядома, прэс-канферэнцыя, у якой узялі ўдзел намеснік генеральнага дырэктара тэатра Валерый Гедройц, заслужаны артыст Беларусі Віктар Скорабагатаў, дырыжор Вячаслаў Воліч і дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Валерый Сталярчук.

 Опера Яна Голанда "Чужое багацце нікому не служыць", а другім вечарам- балет "Шапэніяна" і гала-канцэрт былі паказаны на меншай, у параўнанні з тэатрам, сцэне. А галоўнае - у новым навакольным антуражы, апынуўшыся быццам "замкнёнымі ў адно кола" ўнутраным дворыкам Нясвіжскага палаца. Ці не пра такую еднасць з залай і самой прыродай марыць кожны артыст?

 Таму не дзіва, што ўжо цяпер арганізатары праекта вынеслі свой ве/i/content/pi/cult/274/4275/12-2.jpgрдыкт: гэтаму фестывалю - быць! І праз год, і надалей. Сёння ўжо вядома, што будзе паказана тут у 2011-м: опера Уладзіміра Солтана "Дзікае паляванне караля Стаха", балет "Трыстан і Ізольда" на музыку Рыхарда Вагнера і, ужо паводле традыцыі, гала-канцэрт. Тым больш, што і сам Нясвіжскі палац плануецца ператварыць у шматфункцыянальны культурны цэнтр. Невялічкая тэатральна-канцэртная зала на сотню месцаў з'явіцца і ў самім палацы, "дапоўніўшы" ўласна музейную экспазіцыю. "Паселіцца" ў замку і арган. А ў Ратушы, дзе цяпер праходзіў яшчэ адзін фестывальны канцэрт (гэткі "дуэтны сольнік" Таццяны Траццяк і Станіслава Трыфанава), праз час з'явіцца батлейка. Дый вулічна-"дворыкавыя" канцэрты, як гэта было зараз, тут можна праводзіць не толькі раз на год у межах фестывальнага мерапрыемства, але і часцей, з мая па верасень, зрабіўшы неад'емнай часткай "немузейна-музейнай" экспазіцыі.

На здымках: пад час галаканцэрта; у "глядзельнай зале".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"