Формула паветра “Берагіні”

№ 27 (947) 03.07.2010 - 09.07.2010 г

Калаж спадчыны ў аўтэнтычным стылі Бязмежная захопленасць справай, улюбёнасць у фальклор — быццам неад’емныя элементы самога паветра на фестывалі “Берагіня”, што адбыўся нядаўна ў гарадскім пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці. Спрыяла таму вялікая канцэнтрацыя апантаных даследчыкаў, педагогаў, дзяцей цягам усіх чатырох дзён насычанага фестывальнага жыцця. І зусім не дзіўна, што сярод вялікай колькасці новых гасцей аказалася нямала тых, хто раптам пачаў “хварэць” на беларускую аўтэнтыку, лавіць кожны гук, рух са сцэны і з насычанага чыстай, непадробнай творчасцю асяроддзя.

/i/content/pi/cult/274/4272/8-1.jpgVI Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва "Берагіня" аб'яднаў дзіцячыя калектывы народных танцаў ды спеваў з усёй Беларусі, а таксама творцаў з Расіі, Украіны, Польшчы, Латвіі і Малдовы. Удзел у свяце прынялі і выканаўцы сталага ўзросту з розных рэгіёнаў: некалькі аўтэнтычных гуртоў, якія складаюцца з носьбітаў народнай культуры, паказалі прысутным сапраўдныя майстар-класы. Колькасць удзельнікаў і гасцей перавысіла 800 чалавек.

Увесь фестываль складаўся з "урокаў", што давалі адказы на пытанні: як зрабіць фальклор цікавым для дзяцей не толькі ў вёсках, але і ў гарадах, як педагогам правільна адраджаць страчаныя традыцыі, зрабіць іх працу больш прадуктыўнай ды ўдзячнай і- самае галоўнае- як захаваць чысціню мастацтва ад безгустоўнай стылізацыі. Убачыць сапраўдную нашу аўтэнтыку ў такім маштабе можна толькі на "Берагіні"- адзіным у сваім родзе фестывалі. Адзначалі гэта /i/content/pi/cult/274/4272/8-2.jpgў Акцябрскім і намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі, і самыя маленькія ўдзельнікі рэгіянальных калектываў.

Ім падабаецца!

Дзеці, падлеткі, студэнты, моладзь, людзі сярэдняга і сталага веку- каля фестывалю групуецца самая розная аўдыторыя, якая "гарыць" справай. Сярод яе, бадай, выглядае дзіваком той, хто лічыць фальклор з'явай, што адыходзіць і не мае будучыні. Вось маленькія артысты з годнасцю нясуць свае касцюмы, а толькі пакінуўшы сцэну - зноўку танчаць пад музыку і спевы калектыву, які на яе ўзышоў. Назіраюць, што дэманструюць іхнія малодшыя і старэйшыя калегі некалькі гадзін запар. І відавочна: яны - больш зацікаўленыя гледачы.

На VI Рэспубліканскім турніры танцавальных пар, які ў тры этапы праходзіў на фестывалі і заняў шмат напружаных гадзін, буялі эмоцыі. Дзеці трох узроставых катэгорый дэманстравалі танцавальныя традыцыі сваіх рэгіёнаў у выкананні "Полькі", "Лявоніхі", "Лысага", "Месяца", "Мікіты", "Вальса". Хтосьці - з хваляваннем і разняволенасцю, хтосьці - з выдатным валоданнем танцам або з некаторымі недасканаласцямі ў ім, з гарэзлівай весялосцю або заклапочанасцю, пад воклічы глядзельнай залы юныя танцоры паказвалі сваё ўменне. А таксама мелі шмат магчымасцей вучыцца. Старшыня журы "Бер/i/content/pi/cult/274/4272/8-3.jpgагіні"- дацэнт кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Вячаслаў Калацэй зазначыў, што конкурс не мае на мэце вызначыць, хто "хутчэйшы, вышэйшы, мацнейшы", а прызначаны для самаўдасканалення дзяцей.

Ці лёгка быць пераможцам?

Удзельнік танцавальнай пары - уладальніцы I месца сярод вучняў 9-х - 11-х класаў - Васіль Пузырына з Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці згадзіўся, што вывучаць фальклор - вельмі складана: патрэбна шмат працаваць. Аднак адзначыў, што звярнуцца да эстраднай творчасці ён ужо не хацеў бы. "Народны танец - гэта маё!" - сказаў Васіль.

 Асабліва шумным гарадскі сквер быў перад выкананнем карагода ды кадрылі і прэзентацыяй канцэртных праграм дзіцячых фальклорных калектываў: у кожным яго куточку адбываліся маленькія рэпетыцыі. Усхваляваныя педагогі хацелі дапамагчы калектывам і ў той час, калі яны ўжо былі на сцэне, "дырыжыруючы" з залы. Вельмі парадавалі чацвёртакласнікі з мінскай школы № 3- удзельнікі фальклорнага калектыву "Гарлачыкі". Хоць яны, падавалася б, і найбольш адарваныя ад сельскага жыцця і носьбітаў традыцый, але іхнія звонкія спевы самі пераконвалі ў адваротным.

Мастацкі кіраўнік ансамбля Галіна Яфімава кажа, што яны павязуць дадому ажно пяць дыпломаў! "Існуём мы ўсяго тры гады. На "Берагіні" - упершыню. Было і нямала ск/i/content/pi/cult/274/4272/8-5.jpgладанасцей, скажам, дзецям даводзілася тлумачыць літаральна кожнае слова. У падрыхтоўцы ж да фестывалю вельмі дапамог яго мастацкі дырэктар Мікола Козенка: ён навучыў педагогаў, а ўжо мы гэтыя веды перадаём выхаванцам. І цяпер, летам, многія бацькі тэлефануюць: просяць узяць іх дзяцей у наш першы клас. Аднойчы нават знаёмыя паведамілі, што жанчына, якая толькі нарадзіла дзіця і знаходзіцца ў радзільным доме, ужо прагне "заняць месца" для свайго малога менавіта ў нас..."

Адкрыццём на "Берагіні" стаў вельмі моцны калектыў з Гродзеншчыны - "Смаргонскія гарэзы" Смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў імя М.К. Агінскага, што, між іншым, існуе з 1996 года: іх прызналі лідэрамі ў намінацыі "Інструментальная музыка". Скрыпкі насамрэч ажывалі ў руках дзяўчат, яны дэманстравалі непаўторную рэгіянальную традыцыю. Кіраўнік калектыву Чэслаў Жых адзначыў, што ў перамозе яны былі ўпэўнены, бо за плячыма шмат іншых фестываляў, у тым ліку і замежных. "Дзіўна, што раней мы не ведалі пра "Берагіню". Цудоўная магчымасць для беларусаў выявіць сваё, паказаць адно аднаму, чым багаты! Таму будзем расказваць пра форум іншым калектывам у нашай мясцовасці. Спачатку здавалася, што складана будзе выканаць усе ўмовы ўдзелу, аднак не так гэта і боязна. І хачу параіць усім кіраўнікам прыехаць паглядзець на гэтае свята!"

А Гран-пры прысуджана ансамблю "Жэўжык" з Любані, што на Міншчыне, пад кіраўніцтвам Сяргея Выскваркі. Існуе калектыў больш за пяць гадоў, выступаў на справаздачным канцэрце Мінскай вобласці ў Палацы Рэспублікі ў 2009 годзе. Няшмат у рэспубліцы мастацкіх кіраўнікоў, больш адданага справе ўзнаўлення мясцовага фальклору ў любой яго праяве: касцюме, танцах, спевах - чым на "Берагіні". Адзін з іх - Сяргей Выскварка. Ён амаль на ўсе імпрэзы фестывалю прыходзіў у традыцыйнай вопратцы, з'яўляючыся прыкладам для астатніх.

Значную выснову зрабіў адзін з членаў журы фестывалю - дацэнт кафедры касцюма і тэкстылю Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Юрый Піскун: "Фестываль вырас проста фантастычна! Калі раней назіралася некалькі лідэраў, якія выдатна выяўлялі сябе ва ўсіх намінацыях, дык сёння ўсе калектывы, што прыехалі, могуць нечым здзівіць. Такая вялікая канкурэнцыя, што працаваць у журы было складана, як ніколі! Добра, што адгукнуліся ўсе рэгіёны, - гэта ўжо не кропкавая рэакцыя, а рух у рэспубліцы. Прычым многія дакладна выканалі патрабаванні канцэпцыі фестывалю, значыць, дасягнуць іх абсалютна магчыма".

Незабыўнае відовішча

 Тое, што фестываль "Берагіня" скіраваны не на масавую публіку, а на ўдзельнікаў, вядома ўжо даўно. Не трацячы шмат часу на задавальненне патрэб гледача, арганізатары дабіваюцца максімальнай якасці праграмы. Жыхары Акцябрскага з радасцю "адгукаліся" на канцэрты, аднак іх было не так ужо і шмат, хаця часам здавалася, што бачыць, чуць, адчуваць моц гэтага мастацтва патрэбна кожнаму. Святочнае купальскае шэсце, якое першы раз зладзілі на фестывалі два гады таму, і гэтым разам стала такім відовішчам для гледачоў, забыцца на якое немагчыма. Энергетыка розных калектываў, што прадстаўлялі сваю творчасць адначасова, падбадзёрвала і ўзрушвала. Вялізныя вогнішчы, карагоды на лузе каля возера для многіх дзяцей сталі незабыўнымі. Моцны дождж пад час канцэртнай праграмы не прагнаў самых вясёлых, і яны разам з замежнымі ўдзельнікамі дачакаліся феерверка ды пабачылі вогнішчы на вадзе.

Госці з суседніх краін зрабілі праграму фестывалю яшчэ больш каларытнай. Асабліва прываблівалі аўдыторыю выступленні ансамбля песні і танца "Лія" пры ўпраўленні культуры Басарабянскага раённага савета Малдовы: не адводзілі вачэй ад іх скокаў ні дзеці, ні дарослыя, ні спецыялісты-навукоўцы, ні жыхары пасёлка. Кіраўніца Святлана Маляшцяну кажа, што раённыя ўлады за кошт сваіх сродкаў прыкладна раз на год даюць магчымасць калектыву выязджаць за мяжу на розныя фестывалі. І гэта вялікі стымул для жыхароў сяла Абаклія, дзе жывуць артысты. Некаторыя працуюць на будаўніцтве, стамляюцца пасля працоўнага дня, але ідуць пасля на рэпетыцыі з вялікім задавальненнем. Пэўна, таму і танчаць так бездакорна.

Не спыняцца і ставіць задачы

 Кіраўнік калектыву "Biteites" з Латвіі Інга Стафецка адзначыла, што сёння ў краіне, дзе жыве 2,5 мільёна чалавек, амаль у кожным раёне ёсць з дзесятак фальклорных калектываў. Там дзеці і моладзь па ўласным жаданні ідуць спяваць, развучваць танцы, рабіць касцюмы. "На шматлікіх канферэнцыях пыталіся: як у нас так добра атрымліваецца захоўваць фальклор? Гэта складана, але я лічу, што выйсце - у навучанні дзяцей літаральна з калыскі".

За амаль 12-гадовую гісторыю існавання "Берагіні" некаторыя ўдзельнікі з дзіцячага калектыву трапілі ў студэнцкі, пасля сталі выкладчыкамі універсітэта і праз увесь гэты шлях пранеслі фальклор, робячы свой унёсак у справу яго пераймання. Мэтай сённяшніх дзяцей, што паказалі безліч выступленняў, таксама павінна стаць перадача гэтых ведаў сваім дзецям. На "круглым стале" "Традыцыйная культура і сучаснасць: Школа. Дзеці. Будучыня" выкладчык каф/i/content/pi/cult/274/4272/8-6.jpgедры этналогіі і фальклору БДУКіМ Таццяна Пладунова выказала сваё назіранне: "Вельмі заўважна, як кіраўнік фантазіруе разам з дзецьмі. Яны быццам прывозяць сюды кавалачак сваёй зямлі, ва ўсіх намінацыях выяўляюць яе багацце. Гэта - мазаіка, калаж з тых элементаў, якімі жыве мясцовасць, і менавіта такімі мазаікамі каштоўны фестываль".

Увесь цяжар арганізацыі форуму неслі на сваіх плячах Акцябрскі раённы выканаўчы камітэт, асабліва ж - начальнік аддзела культуры Святлана Беразоўская. Падтрымалі форум Міністэрства культуры краіны, Гомельскі абласны выканаўчы камітэт, а таксама спонсар - адзін з айчынных мабільных аператараў. На прэс-канферэнцыі старшыня Акцябрскага райвыканкама Аляксандр Максіменка адзначыў, што пасёлак зрабіў усё магчымае, каб госці захацелі прыехаць сюды яшчэ раз.

 Намеснік міністра культуры Тадэуш Стружэцкі заўважыў, што адным са станоўчых бакоў "Берагіні" з'яўляецца наяўнасць моцнага навуковатворчага актыву, які штораз падтрымлівае яе. Многія з іх дадаюць форуму аўтарытэт, дазваляюць яму падтрымліваць планку. Старшыня Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO Уладзімір Шчасны чарговы раз назваў "Берагіню" адзіным фестывалем, дзе можна пазнаёміцца з традыцыйнай культурай беларусаў. "Дзеці-ўдзельнікі выконваюць важную ролю: яны захоўваюць эталон нашай нацыянальнай культуры, - і іх трэба заахвочваць, падтрымліваць".

наш спецкарэспандэнт Мінск - Акцябрскі - Мінск

 Фота аўтара