Сальеры на... Месяцы

№ 27 (947) 03.07.2010 - 09.07.2010 г

Высокая арбіта брэсцкіх лялечнікаў Брэсцкія лялечнікі вядомыя далёка за межамі нашай краіны. Тэатр — уладальнік ганаровага звання “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На яго творчым рахунку — шматлікія гучныя перамогі на самых прэстыжных фестывалях. Летась ён быў адзіным прадстаўніком беларускіх тэатраў лялек на Расійскім фестывалі “Залатая Маска” ў праграме “Маска-Плюс”, дзе спектакль “Месяц Сальеры” паводле А.Пушкіна атрымаў самую высокую ацэнку тэатральнай грамадскасці. Днямі Брэсцкі тэатр лялек завяршыў сваё “турнэ” ажно па чатырох міжнародных фестывалях: у Сербіі, Польшчы, Беларусі і Чэхіі. Дарэчы, брэстчане прывезлі шэраг узнагарод, сярод якіх — Гран-пры Сусветнага фестывалю тэатраў лялек у Празе!

/i/content/pi/cult/274/4271/7-3.jpgПачалося ўсё ў сербскай Субоціцы, дзе праходзіў XVII Міжнародны фестываль тэатраў лялек для дзяцей. Брэстчан тут памяталі па спектаклі "Халстамер", які ў 2006 годзе літаральна зачараваў і гледачоў, і журы фестывалю. Сёлета ж калектыў прадставіў "Месяц Сальеры", які выклікаў не меншы рэзананс. Спектакль атрымаў два ганаровыя прызы фестывалю: "За лепшую рэжысуру" і "За лепшую мужчынскую ролю". А яшчэ да падвядзення вынікаў журы, амаль адразу пасля паказу, са сваёй прапановай да тэатра звярнулася АнФрансуаз Кабаніс - дырэктар найбуйнейшага Сусветнага фестывалю тэатраў марыянетак, які з 1961 года праводзіцца ў прыгарадзе Парыжа Шарлевіль-Мез'ер. Яна запрасіла калектыў на наступны год у Францыю, зазначыўшы: "Гэты спектакль упрыгожыць наш фэст, які будзе адзначаць сваё 50-годдзе".

З цудоўным настроем ехалі брэстчане ў Польшчу - на XXIV Міжнародны фестываль лялечнага мастацтва ў Бельска-Бяла, дзе таксама паказалі "Месяц Сальеры". І адразу паспяшаліся дамоў: там іх чакала не менш адказнае выступленне на VI Беларускім міжнародным фестывалі тэатраў лялек у Мінску, праграму якога завяршала апошняя прем'ера брэсцкага тэатра - "Русалачка" паводле Г.Х. Андэрсена (рэжысёр - Дзмітрый Нуянзін, мастак - Таццяна Нерсісян).

А ў чэрвені трупа была ўжо ў Празе, дзе праходзіў XIV Сусветны фестываль тэатраў лялек. Традыцыйна гэты форум вызначаецца надзвычай вялікай канкурэнцыяй. Вось і сёлета на розных сцэнічных пляцоўках горада за час фестывалю было паказана 38 спектакляў з 24 краін Еўропы, Азіі і Амерыкі. Зрэшты, гэтак жа было і ў 2006 годзе, калі першую перамогу на пражскім фэсце брэсцкія акцёры атрымалі з "Халстамерам". Натуральна, што сёлета ім проста неабходна было "трымаць марку". Мяркуючы па рэакцыі на "Месяц Сальеры", ім гэта ў поўнай ступені ўдалося. "Калі пасля спектакля да нас адзін за адным пачалі падыходзіць прадстаўнікі тэатраў з Румыніі, Англіі, ЗША, - распавядае дырэктар Брэсцкага тэатра лялек Міхаіл Шавель, - і заводзіць гутарку пра тое, ці можам мы наведаць іхнія фестывалі, я штораз адчуваў гонар і за наш тэатр, і за Беларусь, якую мы прадстаўлялі. Асабліва моцна мы гэта адчулі пад час закрыцця, калі пад гучныя апладысменты залы нас віталі ўсе госці і ўдзельнікі фестывалю, бо мы - адзіныя за ўсю гісторыю фэсту, хто атрымаў Гран-пры другі раз". Такая пачэсная перамога была адзначана яшчэ і тым, што на наступны год калектыў тэатра атрымаў запрашэнне прыняць удзел у юбілейным, XV Сусветным фестывалі тэатраў лялек, які збярэ ў сваёй афішы ўсіх пераможцаў мінулых гадоў.

- У чым жа сакрэт гэткага поспеху? - звяртаюся я з пытаннем да Міхаіла Шавеля.

 - Ды ніякага сакрэту няма. Проста, патрэбна настойліва працаваць і ставіць перад сабой вялікія мэты. Гэта ў поўнай ступені адносіцца і да выбару матэрыялу для пастаноўкі, і да запрашэння тых цікавых творцаў, якія могуць нешарагова прачытаць іх, даць сцэнічнае жыццё класічным творам, што ніколі не ішлі ў лялечным тэатры. У выніку супрацоўніцтва з вядомым беларускім рэжысёрам Алегам Жугждам у нас з'явіліся спектаклі паводле твораў Марыны Цвятаевай і Міколы Гусоўскага. Сумесная праца з таленавітым расійскім рэжысёрам, лаўрэатам "Залатой Маскі" Русланам Кудашовым узбагаціла наш рэпертуар спектаклямі "Халстамер" паводле Льва Талстога і "Месяц Сальеры" А.Пушкіна. А ўдзел у міжнародных фестывалях дапамагае нам вывяраць свой мастацкі курс, знаёміцца з лепшымі набыткамі сусветнага тэатра. У сваю чаргу, па нашых выступленнях за мяжой складваецца ўражанне аб усім беларускім тэатральным мастацтве. І я магу зазначыць, што наш, айчынны, тэатр лялек - запатрабаваны і канкурэнтаздольны ў свеце.

Рыгор БАКІЕВІЧ Брэст

На здымку: сцэна са спектакля "Месяц Сальеры".