“Ён. Яна...” і акно ў новы сезон

№ 27 (947) 03.07.2010 - 09.07.2010 г

Перад афіцыйным закрыццём сезона 29 чэрвеня коласаўцы запрасілі віцябчан на папулярную камедыю “Ён. Яна. Акно. Нябожчык” Рэя Куні. Спектакль, пастаўлены заслужаным дзеячам мастацтваў Расіі Юрыем Пахомавым у 2005 годзе, сыграюць 81-ы раз. Для Віцебска гэта — своеасаблівы рэкорд.

/i/content/pi/cult/274/4270/7-4.jpgАртысты сярэдняга пакалення, занятыя ў спектаклі, кожны раз з асаблівым задавальненнем разыгрываюць гісторыю пра тое, як у гатэлі сустрэліся чыноўнік, сакратарка і... Зрэшты, сакрэты раскрывае сам спектакль. У ролі Рычарда Уіллі - Валянцін Салаўёў, Пігдэна - Георгій Лойка, сакратаркі Джэйн - Наталля Аладка, дэтэктыва выконвае заслужаны артыст Беларусі Вячаслаў Грушоў.

А 30 чэрвеня адбылася прэм'ера сезона: спектакль "О-ля-ля!", пастаўлены рэжысёрам Юрыем Лізянгевічам па п'есе Марка Камалеці "Вось табе і Ганна!". У галоўных ролях - маладыя артысты: Ніна Обухава, Наталля Саламаха, Андрэй Качан, Павел Давыдоўскі. А Ганну - кемлівую пакаёўку, якая прыкладае шмат намаганняў, каб захаваць сям'ю любімых гаспадароў і самой не застацца "у пралёце", - увасабляе вядучы майстар сцэны Тамара Кабяк. Гэты спектакль завяршае 84-ы тэатральны сезон.

 Наперадзе - новыя цікавыя работы: Юрый Лізянгевіч прадставіць спектакль "Вельмі простая гісторыя" Марыі Ладо, Рыд Таліпаў - "Квартэт" Рональда Харвуда, Міхась Краснабаеў адновіць "Ладдзю роспачы", а потым распачне рэпетыцыі спектакля "Ноч на пароме" паводле рамана "Нельга забыць" і вершаў Уладзіміра Караткевіча. Нагадаем, што ў лістападзе 2010 года грамадскасць Рэспублікі Беларусь адзначыць 80-годдзе нашага знакамітага земляка.

Святлана ДАШКЕВІЧ, загадчык літаратурнай часткі НАДТ імя Якуба Коласа

На здымку: сцэна са спектакля.