Дынаміка “Не пакідай…”

№ 27 (947) 03.07.2010 - 09.07.2010 г

Днямі ў Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В.І. ДунінаМарцінкевіча ў Бабруйску адбылася прэм’ера спектакля “Не пакідай мяне” па п’есе Аляксея Дударава ў пастаноўцы Сяргея Карбоўскага. “Жанчына на вайне — сорам для мужчыны”, — гэтая фраза галоўнага героя стала лейтматывам п’есы. Сказаць пра гэта лепш, чым Барыс Васільеў і Станіслаў Растоцкі, наўрад ці можна. Але сама тэма такая, што кожны мае права выказацца, выявіць сваю жыццёвую пазіцыю.

/i/content/pi/cult/274/4269/7-1.jpgРэжысёр Карбоўскі вырашае спектакль у жанры драматычнай музычнай балады - у ім шмат музыкі, танцаў: выкарыстаны творы ваенных гадоў, рамансы, аўтарам музыкі да дзвюх песень выступіў сам рэжысёр. Усё гэта і шмат чаго іншага сведчыла пра імкненне стварыць жывое дынамічнае дзейства. Мастак-пастаноўшчык спектакля Валерый Навакоўскі ў якасці галоўнай сцэнаграфічнай дамінанты прапанаваў канструкцыю з трох пашкоджаных ад абстрэлаў арак і разбітай балюстрады ў глыбіні сцэны, якія сімвалізавалі сабой фрагмент панскай сядзібы. Асноўная частка спектакля будавалася як чаргаванне невялікіх па працягласці сцэн у штабе, што разгортваліся на пярэднім плане, і дзеяння ў сядзібе, якое займала галоўнае месца ў спектаклі.

Ролю Капітана Міхасёва выканаў Павел Мікулік, які стварыў вобраз знешне стрыманы, але з актыўным унутраным жы/i/content/pi/cult/274/4269/7-2.jpgццём. У другім саставе яго сыграў Мікіта Сафронаў, што фактурна вельмі добра падыходзіць для вобраза разведчыка, які прыводзіць языкоў з-за лініі фронту. Вераніка Крэміс Алены Сафронавай - стрыманая, "зацягнутая ў мундзір", што адпавядала заяўленаму вобразу. Зіна Бацян, роля якой выведзена найбольш жывой і актыўнай, у выкананні Наталлі Буднік атрымалася жартаўлівай, задзірыстай, нават з некаторым выклікам. Яе супрацьлегласць - Ядвіга Гурская (Віталіна Лебедзева) - сціплая, стрыманая, сарамлівая і крыху "ў ценю" Зіны. Аднак у характары гераіні моцна адчуваецца выхаванне і ўменне ў патрэбны момант мабілізаваць уласныя сілы. Асю Ладысеву сыграла Марыя Малішэўская. Яе гераіня, самая юная і рамантычная, адзіная з дзяўчат застаецца ў жывых. У другім прэм'ерным спектаклі гэтую ролю выканала Юлія Пулатава, якая дадала ёй яшчэ больш непасрэднасці, кранальнасці, наіўнасці. Апошні з дзейных асоб спектакля - Палкоўнік, чыю ролю выканаў Анатоль Двараннікаў, хоць і пазначае пэўную зачарсцвеласць уласнага вобраза, аднак рэжысёр не дае яму развіцца.

Сяргей Карбоўскі прызнаваўся, што стужку Станіслава Растоцкага лічыць адной з вяршынь фільмаў пра вайну, і пры пастаноўцы спектакля рэжысёр абапіраўся на свае ўражанні ад яго. Капітан Міхасёў не змог зберагчы давераных яму дзяўчат, і яму, таксама як і старшыні Васкову ў фільме, мучыцца да канца дзён.

Генадзь БЛАГУЦІН Бабруйск

 На здымках: сцэны са спектакля.