Сёння і заўжды

№ 27 (947) 03.07.2010 - 09.07.2010 г

Гледачы, якія бачылі цырымонію перапахавання астанкаў трох салдат трох войн у крыпце храма Усіх Святых на ўласныя вочы або з тэлеэкранаў, былі ўражаны не толькі маштабамі дзеі, але і яе прачулым гуманістычным пафасам. Пабываўшы на адной з рэпетыцый цырымоніі, можна было здзівіцца таму, з якой далікатнай дбайнасцю прапрацоўвалася кожная яе дэталь.

/i/content/pi/cult/274/4266/5-3.jpg Убачыць грандыёзную задуму ў поўным выглядзе ў рэпетыцыйных умовах, вядома, было няпроста. Але галоўны рэжысёр урачыстасці- заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай ДУДЧАНКА распавёў карэспандэнту "К" пра той глыбінны сэнс, які ён укладвае ў гэтую дзею. Бліцінтэрв'ю адбывалася непасрэдна на прыступках храма, пад пералівы званоў, якія ці не ўпершыню напоўнілі ваколіцы.

 - Самае галоўнае пры адлюстраванні святых тэм - пазбегнуць фармалізму,- лічыць рэжысёр. - Бо інакш не будзе водгуку ў сэрцах людзей, не ўдасца перадаць разнастайныя эмоцыі, што з'яўляюцца стрыжнем гэтай дзеі, тэма якой - стан чалавечай душы. Таму тут для мяне важным было ўсё: музыка, насычанасць сімваламі, нават святло. Акампаніруючы музычнай структуры, апошняе з'яўляецца выдатным споса/i/content/pi/cult/274/4266/5-2.jpgбам перадачы настрою. Таму гэты інструмент быў задзейнічаны напоўніцу: ад агню свечкі і да вялізных зенітных пражэктараў, якія ў пэўны кульмінацыйны момант нечакана асвятляюць купалы храма.

Што да сімволікі... Перш-наперш, вельмі сімвалічным мне падаецца тое, што цырымонія, аналагаў якой у нашай гісторыі я не ведаю, адбылася напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Гэта сведчыць пра духоўныя арыенціры нашай дзяржавы, пра тое, што сваю будучыню мы будуем на ўшанаванні продкаў. Цырымонія - пачатак новай традыцыі: выказваць пашану героям Беларусі розных часоў, маліцца за іх душы ў гэтым храме.

Выступаць рэжысёрам такой знакавай урачыстасці - вялікая адказнасць. Перапахаванне астанкаў тых, хто аддаў сваё жыццё дзеля выратавання Айчыны, - гэта не толькі наш абавязак, але і выхаванне патрыятызму. На такім высокім узроўні падобная дзея праводзіцца ў нас упершыню, і мы, можна сказаць, закладаем новую традыцыю - перапахавання на Радзіме астанкаў вялікіх беларусаў. Ужо праз нейкі час, як вядома, плануецца перанесці сюды прах Максіма Багдановіча...

Хацелася паказаць пераемнасць эпох і пакаленняў, таму ў ганаровай варце ля крыпты паўстаюць і "сведкі" гістарычных падзей - салдаты ў строях 1812-га, 1914-га і 1945-га гадоў, і нашы сучаснікі - цяперашнія вайскоўцы і сувораўцы. Дзяўчаты ў белых адзеннях, стоячы па краях лесвіцы, трымаюць тры тысячы свечак. І гэтыя свечкі разам са званамі сімвалізуюць саму дарогу да храма. Вельмі хочацца, каб кожны ўдзельнік і відавочца цырымоніі адчуў сябе далучаным да гісторыі ва ўсіх сэнсах гэтага слова: і да нашай мінуўшчыны, і да той гісторыі, што ствараецца намі сёння.