Новы погляд, свежыя ідэі, крэатыўнае мысленне

№ 27 (947) 03.07.2010 - 09.07.2010 г

Літаральна перад самім Рэспубліканскім балем выпускнікоў у зале прыёмаў сталічнай Ратушы міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка сустрэўся з лепшымі выпускнікамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

/i/content/pi/cult/274/4261/3-7.jpg

 Ва ўрачыстай атмасферы міністр павіншаваў выпускнікоў з заканчэннем навучання і ўваходжаннем у новае, прафесійнае і творчае, жыццё. Галоўным пажаданнем будучым дзеячам айчыннага мастацтва сталі словы аб тым, што акурат у гэты момант для іх надышоў час зрабіць правільны выбар свайго далейшага прафесійнага шляху.

Словы падзякі выказаў міністр культуры і рэктарам ВНУ, а ў іх асобах - усім тым педагогам, што аддавалі свае веды і ўменні нашым выпускнікам. Да моладзі звярнуліся госці сустрэчы: народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец, заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі Аляксандр Яфрэмаў і Уладзімір Зінкевіч.

 У сваю чаргу, выпускнікі творчых ВНУ звярнуліся са сваімі пытаннямі да міністра культуры. У прыватнасці, на пытанне аб вызначэнні асноўных вектараў развіцця нашай культуры на бліжэйшы час Павел Латушка распавёў наступнае: "Мы цяпер працуем над вельмі важным дакументам - Дзяржаўнай праграмай "Культура Беларусі". Такі дакумент упершыню распрацоўваецца на ўрадавым узроўні. Урад ужо зацвердзіў сваёй пастановай канцэпцыю гэтай праграмы, і цяпер ідзе праца над канкрэтным яе напаўненнем. Дзякуючы гэтай праграме і яе рэалізацыі мы будзем мець даволі дакладную сістэму развіцця культуры на бліжэйшыя пяць гадоў з адпаведным дафінансаваннем. Ёю прадугледжваецца ўвядзенне новых механізмаў і схем, якія будуць дадаткова стымуляваць развіццё культуры. Я перакананы: калі мы не пяройдзем да прынцыпу праектнай дзейнасці ў сферы культуры, мы будзем стаяць на месцы. А сістэма праектаў створыць унікальную сітуацыю, дзякуючы якой на самых розных узроўнях, пачынаючы ад раённага аддзела культуры і заканчваючы міністэрствам, літаральна кожны чалавек зможа прапанаваць свае творчыя ідэі, аформленыя належным чынам у праект, і атрымаць пад яго адпаведнае фінансаванне".

 На пытанне аб бачанні перспектыў і ролі дызайну ў галіне культуры Павел Латушка адказаў, што сёння немэтазгодна "далучаць" яго да выключна тэхнічнай сферы. Дарэчы, пад час сустрэчы міністр выказаў і крытычную заўвагу. "Бадай, упершыню за ўсю гісторыю Міністэрства культуры, - сказаў ён, - у гэтым годзе мы прадугледзелі рэальныя сродкі на стажыроўку нашых студэнтаў і дзеячаў культуры за мяжой. Але, на жаль, да гэтага часу мне так і не было пададзена ніводнай заяўкі з канкрэтнымі прапановамі".

 У завяршэнне ж сустрэчы прысутныя ў Ратушы выпускнікі атрымалі з рук міністра культуры кветкі і каштоўныя падарункі, а таксама - зрабілі здымак на памяць. Ён - перад вамі!

Т.К.

Фота Юрыя ІВАНОВА