- Гледачы ўжо з першых хвілін, - растлумачыла сваю канцэпцыю рэжысёр Ніна Осіпава, - павінны былі трапіць у своеасаблівы "музей гісторыі" Беларусі. А гэта значыць - убачыць знаных гістарычных постацей, славутых асоб, пачынаючы з эпохі Полацкага княства. Ну, а надалей - святочны дывертысмент, дзе творчая моладзь выступае побач і нароўні з вядомымі артыстамі, што складаюць гонар нашай краіны. Пры гэтым гістарычная лінія не страчваецца, а працягваецца ў сучаснасці, далучаючы нас да лепшых культурных здабыткаў народа. Вольнае развіццё нашага мастацтва ў суквецці іншых культур свету - гэта таксама адна са шматлікіх граней Незалежнасці.
Канцэрт сапраўды сабраў шыкоўнае прадстаўніцтва лепшых салістаў і творчых калектываў рэспублікі.
Апоўдні 3 ліпеня распачнецца шэсце ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны да помніка Перамогі і ўскладанне кветак.
А сёння ўвечары гледачамі святочнага гала-канцэрта "Беларусь - гэта мы!" змогуць стаць не толькі мінчане і госці сталіцы, якія збяруцца ля стэлы "Мінск - горад-герой", але і ўсе тыя, хто ўключыць тэлевізар. Канцэрт, які падрыхтавала і транслюе ў прамым эфіры АНТ, падзяляецца на некалькі блокаў. Тут вылучаецца збор лепшых песень розных гадоў, прысвечаныя роднай Беларусі. Кульмінацыяй стане традыцыйная акцыя "Спяваем гімн разам!", якая завершыцца святочным салютам.
Брэстчына
У Брэсце 3 ліпеня а 10-й гадзіне раніцы на плошчы Перамогі, а ў 10.40 - у Брэсцкай крэспасці адбудзецца ўрачыстае ўскладанне кветак і вянкоў з удзелам кіраўніцтва вобласці і горада, ветэранаў і моладзі. Пасля на працягу дня запланаваны святочныя мерапрыемствы ў парках культуры і адпачынку, а ў 21 гадзіну распачнецца канцэрт, прымеркаваны да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Напрыканцы дня, а 22-й гадзіне, адбудуцца святочны салют і феерверк, які пройдзе ў Брэсцкай крэпасці. А ў 22.55 у рамках акцыі "Спяваем гімн разам!" фінальным акордам у Брэсце прагучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.
Віцебшчына
У абласным цэнтры Дзень Незалежнасці адзначаны тэатралізаваным шэсцем. Гарадскі цэнтр рамёстваў "Задзвінне" прапануе выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і канцэртныя праграмы самадзейных творчых калектываў. Вядома, усіх віцябчан і гасцей горада чакае таксама мноства забаўляльных мерапрыемстваў.
Гомельшчына
Урачысты сход і святочны канцэрт, падрыхтаваны эстрадна-сімфанічным аркестрам абласной філармоніі, прайшлі 2 ліпеня ў Гомельскім абласным грамадска-культурным цэнтры. Пад час мерапрыемства сем прадстаўнікоў Гомельшчыны атрымалі званне "Чалавек года". Сярод іх у намінацыі "Майстар" - дырэктар Гомельскай дзіцячай харэаграфічнай школы і рэжысёр масавых мерапрыемстваў Пётр Свярдлоў. У Гомельскім палацава-паркавым ансамблі пачала працаваць фотадакументальная выстаўка, у абласной універсальнай бібліятэцы - літаратурная экспазіцыя.
Гродзеншчына
Святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня Незалежнасці распачнуцца ў абласным цэнтры 3 ліпеня. А 10-й раніцы на плошчы Леніна пройдзе мітынг, а пасля - ускладанне кветак у гарадскім парку. Па вуліцах горада пройдуць войскі Гродзенскага гарнізона, а пасля ў парку і на плошчы Савецкай распачнуцца канцэрты з удзелам лепшых калектываў горада. Завершацца мерапрыемствы акцыяй "Спяваем гімн разам!".
Магілёўшчына
Святкаванне ў Магілёве стартавала з ускладання кветак у Мемарыяльным комплексе "Буйніцкае поле". Бібліятэкі абласнога цэнтра доўжаць культурна-адукацыйную акцыю "Магілёў - горад тых, хто чытае". Ля ратушы праходзіць выстаўка старадаўніх аўтамабіляў. На Савецкай плошчы ўвечары адбудзецца музычна-забаўляльная праграма "Мой цудоўны і прыгожы Магілёў". А ў скверы 40-годдзя Перамогі для ветэранаў вайны і працы рыхтуецца святочная праграма з удзелам духавога аркестра "В городском саду играет...". А 23-й на ўзбярэжжы Дняпра ўсе ўбачаць святочны феерверк.
Міншчына
У Мінскай вобласці святочныя мерапрыемствы распачаліся ўжо 2 ліпеня. У 12 гадзін на Кургане Славы прайшла цырымонія ўрачыстага ўскладання кветак і вянкоў з удзелам кіраўніцтва Мінскага аблвыканкама. У гэты ж час на тэрыторыі Мемарыяльнага комплексу "Хатынь" таксама адбылося ўскладанне кветак з удзелам дэпутатаў Мінскага абласнога савета.