Аляксандр ЛУКАШЭНКА:“Лепшы спосаб стаць грамадзянінам багатай і квітнеючай дзяржавы — гэта стварыць яе самому”

№ 27 (947) 03.07.2010 - 09.07.2010 г

“Сёння мы — маладая дзяржава, у якой наперадзе каласальныя перспектывы, і ўсе яны звязаны з моладдзю,” — пра гэта заявіў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка 29 чэрвеня, пад час традыцыйнага Рэспубліканскага балю выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў у Палацы Рэспублікі, у якім сёлета прынялі ўдзел 270 лепшых выхаванцаў беларускіх ВНУ.

/i/content/pi/cult/274/4259/2-1.jpg

У сваім слове, звернутым да выпускнікоў, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што маладыя людзі, завяршыўшы важны этап свайго жыцця, падышлі да новага рубяжа, за якім з кожным днём на іх будзе ўскладацца ўсё больш адказнасці: за блізкіх, сям'ю, выбар свайго месца ў жыцці і, нарэшце, за нашу краіну. "Цяпер вам неабходна скарыстаць падораны лёсам шанц у поўнай меры: не адступаць перад часовымі цяжкасцямі, дзейнічаць рашуча і мэтанакіравана, быць адзінымі і сплочанымі ў любых сітуацыях", - сказаў Прэзідэнт.

"Беларусь развіваецца, нягледзячы на крызісы і знешнія пагрозы, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Так што тыя, хто робіць стаўку на эміграцыю або супрацьдзеянне сваёй краіне і свайму народу, рана ці позна апынуцца ў пройгрышы, бо лепшы спосаб стаць грамадзянінам багатай і квітнеючай дзяржавы - гэта стварыць яе самому". І дадаў: "Калі вы жадаеце, каб нашу дзяржаву паважалі ва ўсім свеце, то цалкам прысвяціце сябе прымнажэнню яе дабрабыту і духоўнай велічы. Вы пачынаеце дарослае жыццё ў незвычайны час эканамічнага і тэхналагічнага рыўка, якога яшчэ не ведала найноўшая гісторыя нашай краіны", - падкрэсліў беларускі Лідэр.

Прэзідэнт нагадаў, што ў наш час усё больш маладых людзей займаюць кіруючыя пасады, плённа працуюць у перадавых галінах навукі, інфармацыйных тэхналогіях і інавацыйных праектах, адкрываюць новыя прасторы ў сучаснай культуры, уяўляючы з сябе каталізатар дзелавой і творчай актыўнасці, праяўляючы неабыякавасць і крэатыўнасць мыслення. "Не бойцеся адстойваць свой пункт гледжання і змагацца за рэалізацыю ўласных ідэй, - адзначыў у сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка,- не разменьвайце свой талент на дробязі і не здраджвайце мары".

Лідэр краіны таксама зазначыў, што сёння з боку дзяржавы робіцца стратэгічны разлік на тое, што "наша палітыка, памножаная на энергію і энтузіязм маладых людзей, узніме краіну на такую гістарычную вышыню, пра якую нашы продкі маглі толькі марыць". І, натуральна, дзяржава заўсёды падставіць сваё плячо тым, хто будзе прымнажаць свой уласны талент і прафесійныя здабыткі на карысць роднай краіны. "Але не забывайце,- нагадаў выпускнікам Кіраўнік дзяржавы, - у любой справе ў першую чаргу неабходна разлічваць на ўласныя сілы, самім ствараць сабе рэпутацыю і зарабляць аўтарытэт".

 Прэзідэнт выказаў словы падзякі рэктарам і педагогам вышэйшых навучальных устаноў краіны за тую няпростую і карпатлівую працу па выхаванні моладзі, зазначыўшы, што місія іх не абмяжоўваецца адно толькі перадачай прафесійных ведаў і здольнасцей. "Місія педагога - адна з самых складаных і адказных. Бо менавіта ён фарміруе характар і волю, вучыць маладых валодаць тым пяром, якім яны потым упішуць слаўныя старонкі ў летапіс сваёй краіны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Па традыцыі, у рамках Рэспубліканскага балю дзесяць лепшых выпускнікоў айчынных ВНУ былі ўзнагароджаны лістамі аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і каштоўнымі падарункамі, якія яны атрымалі ад Лідэра краіны. Пасля быў зроблены калектыўны здымак на памяць разам з Кіраўніком дзяржавы.

Для ўсіх прысутных на Рэспубліканскім балі прагучаў старадаўні студэнцкі гімн- "Gaudeamus", шчырай і натхнёнай была ўрачыстая клятва выпускнікоў, што сталася своеасаблівай прысягай на вернасць сваёй прафесіі, Радзіме і ідэалам дабра і справядлівасці, якім павінен служыць кожны сумленны грамадзянін. Традыцыйным сімвалам выхаду ў новае, невядомае яшчэ жыццё сталася жывое, стракатае "воблака" матылькоў, што ўзляцелі з рук выпускнікоў да самых высокіх вышынь, - бы іх імкненні і надзеі, якія ўжо сёння, пасля заканчэння навучання, крок за крокам пачнуць ператварацца ў рэальнасць. Па завяршэнні ж урачыстай цырымоніі адбылося студэнцкае свята і прыём ад імя Кіраўніка дзяржавы ў гонар выпускнікоў беларускіх вышэйшых навучальных устаноў.

На здымку: Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у Рэспубліканскім балі выпускнікоў.

Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА