Сёння гэты музей знаходзiцца ў былым жылым доме, узведзеным уладальнікамі мясцовага палаца Горватамі для свайго аканома Андрэя Лiневiча напрыканцы ХIХ - пачатку ХХ стст. Пабудова з'яўляецца помнiкам архiтэктуры, прыкладам драўлянага дойлiдства. Невыпадкова, відаць, тэматыка-экспазiцыйны план даволі маладой установы культуры быў распрацаваны супрацоўнiкамi Беларускага дзяржаўнага музея народнай архiтэктуры i побыту.
На адносна невялікай плошчы можна пазнаёмiцца з ваеннай экспазiцыяй: у шафах захоўваюцца гiльзы ад снарадаў i патроны, ваеннае адзенне i посуд. Тут жа размешчаны стэнды, дзе прадстаўлена гiсторыя i развiццё аднаго з сучасных мiкрараёнаў Нароўлi. Асобная зала прысвечана Чарнобыльскай трагедыі: супрацоўнікамі музея падрыхтавана і прадстаўлена 36 гiсторый адселеных вёсак.
Адметнае на Нараўляншчыне і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Яго найлепшыя ўзоры захоўваюцца ў музеі. Сярод іх - прадметы ткацтва: упрыгожаныя мясцовым арнаментам жаночыя сарочкi, вытканыя каляровымi нiткамi i вышытыя ўручную ручнiкi, па-мастацку створаныя каляровыя посцiлкi. Маюць каштоўнасць і iконы XVII - XVIII стст., сярод якіх - абразы з выявамі святога Мiкалая, вобразы Божай Маці Казанскай і Iверскай, Георгiя Пабеданосца, Пакрова Багародзіцы.
І, нарэшце, "Сялянская хата" - апошняя экспазiцыйная зала, аформленая з улiкам узору вясковага iнтэр'ера. Тут сабраны рэчы побытавага ўжытку, якiмi карысталiся сяляне напрыканцы XIX - на пачатку XX ст. У экспазiцыi даволi ёміста прадстаўлены прадметы хатняга побыту: печ, ложак, канапа, драўляныя куфры, шафа, дзiцячая калыска i шэраг iншых прадметаў. На сценах жа размешчана серыя работ мастака-нараўлянца Юрыя Фісюка "Этнаграфiя". Сёння супрацоўнiкi музея праводзяць этнаграфiчныя экспедыцыi, збіраюць фальклорную спадчыну, апрацоўваюць, вывучаюць i ўводзяць у дзеючую экспазiцыю новыя цiкавыя экспанаты. А ў межах Праграмы сацыяльнаэкалагічнага развіцця прыродных рэсурсаў Палесся на 2011 - 2015 гг. адбудзецца рэстаўрацыя палаца Горватаў, які будзе музеефікаваны.
Iрына КАМКОВА, галоўны захавальнік Нараўлянскага этнаграфiчнага музея