Полацк святкуе дзень нараджэння…
Паэтка Данута Бічэль-Загнетава напісала пра асветніцу і апякунку: “Сілай духоўнай узвысіла Полацк высока. Тым, хто імкнуўся да кнігі, свяціла, бы зорка…”.Мы едзем у Полацк разам з Людмілай Машчэнскай, доктарам філалагічных навук, прафесарам Белдзяржуніверсітэта.
— Семдзесят гадоў споўніцца ў Полацку! — гаворыць яна мне з радасцю, нібы 17-гадовае дзяўчо, што толькі што скончыла школу. — Вельмі прыемна, што ўдзельнічаю ў Еўфрасіннеўскіх чытаннях…
Прафесар Белдзяржуніверсітэта Людміла Машчэнская. |
Разважалі пра гісторыю Полацка і пра тое, як выхоўваць дзяцей у школах, аб праблемах наркаманіі і нават пра тое, ці не шкодзіць ім камп’ютэр. Чытанні праводзяцца кожны год і кожны раз становяцца больш глыбокімі і разнастайнымі.
Мы здзіўляемся кожнай вуліцы Полацка. Людміла Рыгораўна не была тут шмат гадоў, а я— толькі некалькі месяцаў, але для кожнай — шмат нечаканасцей. Чыста, светла, быццам увесь горад заззяў у промнях срэбранай ракі Прападобнай!
Як адбываецца веча?
Мясцовыя ўлады, натуральна, маюць ужо багаты досвед у наладжванні гарадскіх урачыстасцей. Адухоўленасць традыцый даўніх продкаў палачан дыктуе сучаснікам: калі ўжо святкуем — дык весела, але і сціпла, калі прыбіраем вуліцы — дык да бляску, але без паказухі, калі спяваем і танцуем — дык толькі шчыра… Культура ва ўсёй яе шматстайнасці — вось што выразна вылучае сённяшні Полацк.Памятаю, як перажывала, што няма ў горадзе помніка салдатам вайны 1812 года. Але вось ужо і месца для яго пазначана каменем: будзе ўзноўлены. І Чарадзея пакінуць тут на вякі, і многіх іншых герояў, асветнікаў, ужо сучасных…
Заўважыла: вуліца Еўфрасінні Полацкай сутыкаецца з вуліцай Касманаўтаў. Напэўна, інакш і быць не можа — мінуўшчына заўжды побач з сучаснасцю. Такія ўжо палачане! Яны дапамагаюць свайму мэру, энергічнаму і дзелавому Уладзіміру Сцяпанавічу Тачылу, кіраваць горадам.
Як адбываецца сённяшняе полацкае веча? Вельмі проста.
Паветраны шар над Полацкам. |
— Шчыра абмяркоўваем праблемы і працуем творча, — распавядае Уладзімір Сцяпанавіч. — Ля дзвярэй гарвыканкама ёсць паштовая скрынка. Кожны можа задаць любое пытанне, унесці прапанову. І пра гарадское свята — таксама. Уся культасветработа — перад вачыма простага палачаніна. Натуральна, маем багаты досвед правядзення гарадскіх мерапрыемстваў. Былі ў Полацку і Дні славянскага пісьменства, і рэспубліканскія Дажынкі, святкавалі 900-годдзе Прападобнай Еўфрасінні Полацкай. І, ведаеце, ні свае, ні госці з 14-ці гарадоў-пабрацімаў не сумавалі. Дый духоўная магутнасць горада дапамагае пазбегнуць легкаважкасці ў любой нашай справе.
— Сёлета, напэўна, шмат новага ў арганізацыі Свята горада?
— Так, стараемся не паўтарацца. Тым больш, што гэты год асаблівы: праз некалькі дзён будзе асвячацца срэбраная рака Прападобнай Еўфрасінні Полацкай. На Свяце горада мы нібы распавядаем сваёй Святой, што ўмеем, чаго дасягнулі…
Творчых калектываў у Полацку так шмат, што, на жаль, не ўсе змогуць удзельнічаць у сённяшніх урачыстасцях. Таму святкаванні пачаліся, бадай, з дня апошняга званка ў нашых школах. Такая традыцыя прыжылася, палачане яе падтрымалі.
Умеем вучыцца, умеем працаваць, умеем і адпачываць годна. Усё лепшае, што напрацавана культасветработнікамі, дорыцца людзям. Не шкадуем сродкаў на тэатралізаванае прадстаўленне. Дапамагаюць усе прадпрыемствы горада.Сёлета ў Полацк прыязджае з вялікай музычнай праграмай Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Артысты выступяць на адкрытай пляцоўцы перад Сафійскім саборам.
Так бы мовіць, эксклюзіў. Пабойваемся нечаканых навальніцы ці дажджу… А нашы таленты дадуць агульны спектакль, які складаецца з гістарычных сцэн, танцаў і песень, з відэаэфектамі і феерверкамі на адкрытай сучаснай сцэне. Дарэчы, у гэтай дзеі занята шмат школьнікаў і навучэнцаў з сістэмы прафтэхадукацыі.
— Полацку — 1145 гадоў!.. Уладзімір Сцяпанавіч, што азначае для вас гэтая дата? Бо Еўфрасіння Полацкая жыла ў 1145 годзе… Тварыла, будавала манастыры…
— Сапраўды! Можа, таму, па яе вышэйшай боскай волі, і нам многае ўдаецца. З поспехам ладзіліся так званыя вандроўкі ў краіну беларускай кнігі, урокі славянскай літаратуры ў Інтэрнеце, творчыя сустрэчы паэта Сяргея Панізніка, гасцёўні з тымі, хто зрабіў серыю кніг “Стваральнікі Полацкай зямлі”. І нашы мясцовыя паэты з літаб’яднання “Полацкая галіна” чытаюць свае вершы проста на вуліцах. Адбыўся і фестываль праваслаўных песняспеваў і царкоўнага перазвону. “Полацкая перліна”, “Еўфрасіння Полацкая”, “Загадка Францыска Скарыны” — так называюцца кінафільмы, якія можна ў гэтыя дні паглядзець у горадзе.
— Ці цяжка кіраваць святам?
— Гэта асаблівае мастацтва. Ёсць і галоўны рэжысёр, ёсць сцэнарый, Але ніхто не павінен здагадвацца аб гэтым!
Усё натуральна і без хібаў. Полацкім досведам мы гатовы падзяліцца з кожным.
Пра духоўны досвед
Менавіта пра полацкі досвед мы і размаўлялі з начальнікам аддзела культуры Полацкага гарвыканкама Віктарам Ушаком.
— Полацк заўжды праслаўляў славянскія землі сваімі талентамі, — зазначыў Віктар Мікалаевіч. — “Тут свой менталітэт, полацкі”, як трапна заўважыў Рыгор Барадулін.— Беларускі Вялікі Ноўгарад?
—Так. Літаральна ўсе, а не толькі паэты, мастакі і музыкі, адчуваюць гістарычны, патрыятычны грунт нашага жыцця і культуры. Сёлета ўпершыню мы праз Інтэрнет паведамілі свету пра сваё 1145-годдзе. Пайшлі маленькія абярэгі-віншаванні шматковым шыццём, выкананым на розных тканінах, з розных гарадоў і краін. Словам, 70 квадратных метраў абярэгаў — “фішка” свята. Усе ведаюць Полацк, ушаноўваюць ягоную сівую гісторыю і юную сучаснасць…
— Ёсць Полацк музейны, ёсць спартыўны, ёсць духоўны…
— У мастацкай галерэі ладзіцца міжнародная выстаўка “Акварэльная сябрына”, у Музеі ткацтва — фальклорнае свята “Гуканне вясны — Ляльнік”, у дзіцячым музеі — фотавыстаўка “Якім я бачу свой горад”, у Сафійскім саборы — арганныя канцэрты, у Музеі беларускага кнігадрукавання — выстаўка“Свет дзіцячай кнігі”, у кразянаўчым музеі — стацыянарная выстаўка “Полацк у міжваенны час”, у доміку Пятра І — выстаўка “Рака Заходняя Дзвіна і гандлёвыя сувязі Полацка”, а ў Прыродна-экалагічным музеі — экскурсія “Экалогія Полацка”… Кожны знойдзе для сябе штосьці цікавае і новае. Я ўжо не кажу пра “Горад майстроў”, дзе сёння ўпершыню ганчары, кавалі, іншыя народныя майстры на вашых вачах зробяць тое, што пажадаеце!
— І партрэт напісаць змогуць?
— Канешне. У Полацку — свае партрэтысты. Напрыклад, Юлія Шайкова. У яе тонкае адчуванне чалавечых характараў. І малюе ўвобмірг…
Партрэты Юліі Шайковай чамусьці нагадалі мне, як маленькая палачанка Воля Сарока іграла на скрыпцы старажытнага майстра, падараванай ёй за смеласць у сольных выступленнях. Дзе яна цяпер? Мо ў Полацку, а мо і на замежных гастролях. Яе рэдкі талент прымусіў плакаць дарослых. І якая розніца, у якім кутку свету гучыць цяпер яе скрыпка? Усё роўна — у Полацку!
Калі паэт яшчэ ў калысцы
Ля помніка Сімяону Полацкаму — каляска.— Ці не Сімяон у ёй? — пытаюся ў юнай бабулі.
Будучы Сімяон Полацкі?.. |
Тая толькі смяецца.— А чаму б і не? Нават калі імя іншае… У Полацку ўсе — паэты.
З асалодай хаджу па горадзе. Дадому вяртацца не хочацца.
— Гэта для вас, — пажылая палачанка нечакана працягвае мне цудоўную насоўку.
Кацярына Пятроўна Рудак купляе звычайныя танныя насоўкі і абвязвае іх кручком, ніткамі мулінэ і шоўкам. Атрымліваецца вельмі прыгожа. Гэта яе хобі. Насоўкі яна дорыць сябрам…Але дзе ж той самы незамянімы і незаўважны чалавек, чыя дырыжорская палачка ўладарыць сёння на полацкім свяце? Галоўны рэжысёр — прыгожая і танюткая, нібы дзяўчо, — дырэктарка гарадскога Палаца культуры Святлана Багаслаў паведамляе пра тое, што сёння ў Полацку — амаль усё — упершыню. Да прыкладу, унікальнае тэатралізаванае прадстаўленне, зробленае па прынцыпе кліпа.
— Дзея, танец, гістарычныя сцэны, шэсце і песні нібы выцякаюць адно з другога, — тлумачыць Святлана Віктараўна. — Гэта вельмі складана арганізаваць, бо па секундах распісаны кожны нумар.У гістарычных сцэнах і шэсці бяруць удзел сотні людзей.
— Але плошча ж не такая вялікая!— Усё прадумана да тонкасцей, да імгненняў. Ды і рэпеціравалі шмат… Гэта так званая шмат’ярусная пастаноўка. Масавыя сцэны ідуць бесперапынна. Духавы аркестр, харэаграфічная кампазіцыя, потым — зноў шоу… У ім мы выкарыстоўваем барабаны. За два тыдні дзеці засвоілі ролі. У сваім спектаклі-кліпе мы гаворым пра нараджэнне Полацка — калыскі ўсёй Беларусі, пра непахісную веру ў духоўную чысціню палачан. Выкарыстоўваем мноства мазаік, сцягоў, кветак. Факельнае шоу ўвечары ладзіць цудоўны майстар Уладзімір Кустаў. Светлавыя сюрпрызы і феерверкі агаломшваюць нечаканасцю і маляўнічасцю…Словам — свята еўрапейскага ўзроўню. Толькі б не было навальніцы.
У горадзе — спёка, праз хвіліну — нечаканая маланка і град, а потым — зноў спёка, без вады — немагчыма… Мне распавялі дзіўную гісторыю пра тое, што звычайная гарадская водаправодная вада тут — самая чыстая. (Мы жывём у эпоху Вадалея, з вады пачынаецца і жыццё, і культура.)
Гісторыя падобна на казку. Прыехаў у Полацк Хорст Келер з Германіі, пакаштаваў вады і жахнуўся: “Як вы яе п’яце?” Падараваў гораду сістэму ачышчэння, абезжалезвання вады.
Але ёсць яшчэ адна гісторыя, пра якую не магу не распавесці ў Свята горада. Немец Карл Фрэнкель быў цяжка паранены ў час вайны. Яго выратавала простая савецкая сялянка. У мірны час Карл сустрэўся з франтавікамі з Полацка, вырашыў, што будзе дапамагаць гораду ўсё жыццё. Дапамога незвычайная — 100 тысяч шакаладак дзецям кожны год!.. Мноства іншай гуманітарнай дапамогі.
Гэта дар Прэзідэнта
Чыстая і хуткая вада Палаты. Тут любавалася полацкімі краявідамі Святая Еўфрасіння. Мне шмат расказалі пра гэта ў манастыры, куды я напярэдадні прыязджала на послух. Халодная вада, цёмная, але і празрыстая. Хаджу па беразе басанож, званю па мабільным Мікалаю Пятровічу Кузьмічу (майстру, які кіраваў работай над унікальнай ракай), каб даведацца, калі ж трапіць у Полацк новая срэбраная рака Прападобнай Еўфрасінні Полацкай? Толькі што, на маіх вачах, намеснік старшыні гарвыканкама Мікалай Сяргеевіч Іллюшонак выехаў па яе ў Брэст. У трубцы чуецца гул матора.Рака з мошчамі Прападобнай Еўфрасінні Полацкай. |
— Еду ў Полацк, — гаворыць Мікалай Кузьміч. — Вязу раку! Яна цяпер у разабраным выглядзе. Вельмі шмат дэталей, дробных, лічы, мікраскапічных. Збіраць будзем у Полацку. Срэбра вышэйшай пробы.
— Дзе ж вы знайшлі столькі срэбра?
— Гэта дар Прэзідэнта. Лічы, усяго народа! Каля 100 кілаграмаў срэбра… А колішняя рака знікла ў 1920 годзе. Засталіся толькі фотаздымкі. Што мог — узнавіў. Работа карпатлівая і далікатная. Хацелі паспець у мінулым годзе — не атрымалася. Мне дапамагалі яшчэ тры майстры. У рэшце, усё завершана. Таму я саамы шчаслівы чалавек у свеце!
Срэбраная рака Еўфрасінні Полацкай — новы твор мастацтва. Яго ўзнікненнем кіравала сама Прападобная…
■ Вір свята зацягвае. Дэльтапланы, вайсковае мастацтва продкаў, дзіцячы балет, вершы, песні і танцы да ночы… Шчырасць сённяшняга полацкага свята — нібы шклянка прахалоднай чыстай полацкай вады, якая наталяе смагу ў саамы спякотны дзень.
Вольга ЯГОРАВА,
наш спецкар.
Мінск — Полацк — Мінск
Фота аўтара