“Транспалескі” магніт для турыста

№ 26 (946) 26.06.2010 - 02.07.2010 г

Івацэвіцкі раён цяжка назваць турыстычнай Мекай. Але месцам правядзення выязнога пасяджэння калегіі Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, якое адбылося 16 чэрвеня і на якое быў запрошаны карэспандэнт “Культуры”, гэты край абраны зусім невыпадкова. Убачанае стала прыкладам дбайнага выкарыстання наяўных рэсурсаў — прычым перадусім менавіта з разлікам на ўласныя сілы. Значная частка такіх рэсурсаў, зазначым, знаходзіцца ў руках аддзела культуры раёна. Зрэшты, пасяджэнне, тэмай якога было развіццё туріндустрыі і экскурсійных маршрутаў у Брэсцкай вобласці, лішні раз засведчыла: культурны складнік прысутнічае, не раўнуючы, ва ўсіх “відах і жанрах” беларускага турызму — або, прынамсі, можа прысутнічаць.

/i/content/pi/cult/273/4248/19-2.jpgСустракае сам Касцюшка

 Ля адноўленай сядзібы ў Мерачоўшчыне ўдзельнікаў пасяджэння сустракаў... сам славуты гаспадар Тадэвуш Банавантура Касцюшка. Спярша - у хлапечым веку, а потым ужо як прывабны фацэт, які ўмее танчыць паланез. Анімацыйная праграма, падрыхтаваная народным тэатрам з Івацэвічаў, мабыць, яшчэ патрабуе адаптацыі "пад турфармат" - з абавязковай для яго інтэрактыўнасцю. Але ўжо сама прысутнасць маладых людзей у прыгожых касцюмах той эпохі прыемна ўразіла спецыялістаў. Прадстаўнікі турагенцтваў ахвотна звярталіся да начальніка райаддзела культуры Любові Фосцікавай па кантактныя тэлефоны.

Анімацыйныя прадстаўленні адбываюцца ў Мерачоўшчыне далёка не штодня. Але пошукі адказу на актуальнае пытанне - якім чынам найдаўжэй затрымаць наведвальніка на аб'екце паказу, заахвоціўшы яго інвеставаць у развіццё айчыннага турызму як мага больш уласных грошай? - тут ужо вымалёўваюцца. Сам аб'ект паспеў абрасці тым мінімумам інфраструктуры, які павінен спадарожнічаць, не раўнуючы, кожнай беларускай адметнасці.

Кавярня з панібрацкай назвай "У Тадэвуша" працуе тут ужо не першы год. Не так даўно турысты займелі і магчымасць спыніцца на начлег: прыналежныя аддзелу культуры гасцявы/i/content/pi/cult/273/4248/19-3.jpgя дамкі былі здадзены ў арэнду прадпрымальніцы, і на брак попыту яна не скардзіцца. Арыгінальнымі ж сувенірамі з саломкі ўсіх ахвотных можа забяспечыць майстрыха з Косава. І такая ненавязлівая інфраструктура - створаная, адзначым, "сваімі сіламі", не чакаючы дапамогі звонку,- толькі ажыўляе маляўнічы краявід, над якім дамінуюць велічныя руіны.

Каб заспець палац Пуслоўскіх у яго цяперашнім выглядзе, турыстам трэба спяшацца. Рэстаўрацыя ідзе ўжо трэці год, і бліжэй да сярэдзіны дзесяцігоддзя руіны зноў маюць стаць палацам. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лянкова, які быў запрошаны да ўдзелу ў выязным пасяджэнні, аб'ём фінансавання штогод расце. Сёлета будаўнікам належыць засвоіць два мільярды рублёў, выдаткаваных на парытэтных асновах з дзвюх крыніц - рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў.

 Магчыма, колішняму палацу наканавана стаць першым у краіне туркомплексам новага тыпу, які спалучае ў "адным флаконе" і аб'ект паказу, і належную інфраструктуру. Чаму "магчыма"? Бо могуць і апярэдзіць: гэтая ідэя даўно лунае ў паветры. Што і не дзіўна.

- Адна з асноўных праблем беларускага турызму заключаецца ў тым, што на выхадных днях няма дзе пакарміць і размясціць на начлег экскурсійную групу, - адзначыў намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга. - Паводле ацэнак экспертаў, гэта тычыцца 35% раёнаў Беларусі.

Да таго ж, як адзначыў начальнік упраўлення фізкультуры, спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Хявук, з 54 гатэляў Брэстчыны далёка не кожны адпавядае сучасным патрабаванням: большасць з іх з'явіліся на свет некалькі дзесяцігоддзяў таму, і з таго часу ўсур'ёз не абнаўляліся.

Шукаць прыкладаў доўга не давялося. У тых самых Івацэвічах гатэль разлічаны ўсяго на 60 чалавек, і шыльдачка "Няма месцаў" красуецца на яго дзвярах даволі рэгулярна. Праўда, як запэўніў старшыня райвыканкама Анатоль Ткачук, ужо ў бліжэйшай перспектыве колькасць "койкамесцаў" у раёне павінна падвоіцца.

Як падкрэсліў Чэслаў Шульга, ужо ў бліжэйшыя гады праблему начлегу супольнымі намаганнямі трэба закрыць - перадусім дзякуючы прыцягненню інвестараў, у тым ліку і замежных.

 - Ёсць прыклады, калі інвестары звярталіся з прапановай у мясцовыя органы ўлады, але тыя іх адштурхоўвалі: маўляў, мы і "самі з вусамі", - дадаў намеснік міністра. - А ў выніку - і самі пабудаваць не здолелі, і тым, хто мог, не далі. Зразумела, што з такім падыходам мы праблем не вырашым.

Яшчэ раз пра "рухавік прагрэсу"

 Як паведаміў Мікалай Хявук, аб'ём платных паслуг у сферы турызму на Брэстчыне павялічыўся ў 6,7 раза ў параўнанні з 2005 годам. Але... Удзельная вага гэтай сферы ў эканамічным жыцці рэгіёна па-ранейшаму пакідае жадаць шматкроць лепшага: яна прыносіць усяго 1,6% ад агульнага аб'ёму платных паслуг вобласці (сярэднерэспубліканскі паказчык - 2,7%).

Міністр спорту і турызму Алег Качан перакананы, што рэсурсы для выпраўлення сітуацыі - гэта не толькі шматмільённыя інвестыцыйныя праекты, але і тыя малазатратныя "дробязі", якія, на вялікі жаль, па-ранейшаму застаюцца па-за ўвагай мясцовых улад./i/content/pi/cult/273/4248/19-4.jpg

- Я абсалютна перакананы, што аб'ём турпаслуг можна нарасціць толькі за кошт рэкламы і інфармацыйнага забеспячэння, - адзначыў ён на пасяджэнні калегіі. - Узяць хаця б дарожныя знакі, якія скіроўвалі б патэнцыйных турыстаў на цікавыя для іх аб'екты...

Чэслаў Шульга агучыў у сваім дакладзе такую інфармацыю: з тых амаль пяці тысяч адметнасцей, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыкакультурных каштоўнасцей, дарожнымі знакамі і ўказальнікамі забяспечаны меней за 10%. Падобная статыстыка характэрна і для Брэстчыны. Як адзначыў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык, задача выправіць сітуацыю была пастаўлена перад мясцовымі ўладамі Брэстчыны яшчэ тры гады таму. І паколькі прыкметных зрухаў дасягнуць не ўдалося, пад час пасяджэння гэтыя патрабаванні набылі катэгарычны тон. Адным з найпрыярытэтных напрамкаў развіцця беларускага турызму Алег Качан назваў пераўтварэнне занядбаных шляхецкіх сядзіб у сучасныя туркомплексы. Пошук новых гаспадароў для іх ужо арганізаваны, аднак... Праблема тут - тая самая: інфармацыйнае забеспячэнне. Як нагадаў пад час пасяджэння Аляксандр Лянкоў, паводле даручэння Урада, Міністэрства культуры падрыхтавала пералік, куды ўвайшлі 47 такіх аб'ектаў. На сайтах аблвыканкамаў павінна была з'явіцца падрабязная інфармацыя пра кожны з іх - з гістарычнай даведкай, фотаздымкамі і, галоўнае, умовамі продажу. Але пакуль што гэтых звестак там не знойдзеш.

 Адно з вострых пытанняў, зададзеных Аляксандру Лянкову, тычылася знакамітай сядзібы ў Залессі. Яе пераўтварэнне ва унікальны тураб'ект было закладзена ў Рэспубліканскую праграму па развіцці турызму на 2008 - 2010 гады, але працы там сёння нават не пачаліся. Бо, нягледзячы на ўсе захады Міністэрства культуры, знайсці фінансаванне для рэстаўрацыі "Паўночных Афінаў" пакуль не ўдалося.

Хаця "дэдлайн" завяршэння работ вымалёўваецца вельмі выразна. Як нагадаў Аляксандр Лянкоў, у 2015 годзе будзе адзначацца юбілей найзнакамітага ўласніка той сядзібы - Міхала Клеафаса Агінскага. А ягоны Паланез у сённяшнім залескім антуражы пакуль не гучыць...

Транспалескі водны маршрут

Пазалетась на Пінскім суднабудаўнічым заводзе здарылася вялікая радасць: упершыню за многія гады прадпрыемства атрымала заказ на пабудову пасажырскага цеплахода. Карабель назвалі "Паланез" - і, між іншым, зусім невыпадкова.

...Аўтобусы з удзельнікамі калегіі рушылі ў самы зацішны куток Івацэвіцкага краю. Доўгі час праваруч ад дарогі былі адно жывапісныя лясы і балоты. Па ўсім відаць: чалавек у гэтых краях - паранейшаму толькі госць, прычым пакуль што госць рэдкі.

Тым часам, у левыя вокны віднелася роўная вузкая палоска вады. Водны шлях, збудаваны па ініцыятыве дзядзькі знакамітага кампазітара - Міхала Казіміра Агінскага, наўрад ці калісьці верне сваё эканамічнае значэнне. Але не выклікае сумневу, што ён можа быць запатрабаваны ў іншым вымярэнні: як адметны помнік гісторыка-культурнай спадчыны і, адпаведна, прывабны турыстычны аб'ект. Па "экалагічнай сцежцы", якая дазваляе пранікнуць у патаемны свет лясістага балота бяскрыўдна для яго самога, удзельнікі пасяджэння выйшлі на бераг возера Выганашчанскае. Той, хто не быў тут, прынамсі, год, адразу здзівіўся сюрпрызу: за гэты час там з'явіўся прычал, а ля яго красаваўся навюткі цеплаход - той самы "Паланез". Мы сталі яго першымі пасажырамі. Водны шпацыр быў нядоўгім: праплыць па канале сёння немагчыма. Але некранутая дзесяцігоддзямі трава канала дзе-нідзе была парушана гусеніцамі бульдозераў. Работы па рэканструкцыі гэтага адметнага гідрааб'екта паспяхова вядуцца ўжо пяты год. Тэма воднага турызму атрымала працяг і пад час пасяджэння ў зале Івацэвіцкага райвыканкама. Балазе Брэстчына мае ў гэтай сферы выключны патэнцыял. Дзякуючы яшчэ аднаму помніку гідрабудаўнічай спадчыны эпохі Агінскіх - Дняпроўска-Бугскаму каналу, які раней называлі Каралеўскім, - Палессе можна праплыць літаральна наскрозь: ад Брэста і ажно да Мазыра. Праўда, такія прапановы ў каталогах турагенцтваў пакуль не значацца.

 Алег Качан паставіў перад брэсцкімі калегамі канкрэтную задачу: нягледзячы на ўсе арганізацыйныя і фінансавыя цяжкасці, "транспалескі" водны маршрут павінен стаць рэальнасцю ўжо ў бліжэйшы час. Тым болей, ужо з'явіліся прыклады з іншых рэгіёнаў: неўзабаве можна будзе набыць білет на цеплаход ад Бабруйска да Барысава і ад Віцебска да Полацка.

 Разам з тым, намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга звярнуў увагу і на прыбярэжную інфраструктуру водных маршрутаў. Праблема не з лёгкіх - асабліва калі ўзяць пад увагу заканадаўчыя абмежаванні на будаўніцтва ў ахоўнай зоне вадаёмаў. Зрэшты, заканадаўства прадугледжвае і шлях яе вырашэння: на аб'екты аграэкатурызму тыя абмежаванні не распаўсюджваюцца.

Вёска Селішча, што месціцца на самым беразе Каралеўскага канала, ужо сёння перажывае бум аграсядзіб - хутка там іх стане больш, чым звычайных хат. Укладаючы грошы і высілкі, многія гаспадары разлічваюць менавіта на тую перспектыву, што госці будуць трапляць да іх не толькі па сушы. Зрэшты, бум сельскага турызму характэрны не толькі для Селішча. У 2005 годзе аграсядзіб на Брэстчыне было ўсяго 6, сёння ж- 146. А быў час, калі многія ставіліся да гэтай дзяржаўнай ініцыятывы са скепсісам... З аднаго толькі гэтага выязнога пасяджэння зацікаўленыя прадстаўнікі турагенцтваў маглі вылучыць у лік сваіх прапаноў з паўдзесятка разнастайных маршрутаў. Ці будуць яны ўвасоблены? Пакажа час. А вось у тым, што зацікаўленасць у іх на рынку наспела даўно, сумнявацца не выпадае.

наш спецыяльны карэспандэнт Мінск - Івацэвіцкі раён - Мінск