Як “запланаваць” поспех?

№ 26 (946) 26.06.2010 - 02.07.2010 г

Лаўрэатаў міжнародных конкурсаў у нас паболела. Гэтым разам уганараваны салісты Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

/i/content/pi/cult/273/4247/14-8.jpg Праўда, іхняя перамога не толькі не стала "нечаканай навіной", а, наадварот, аказалася ледзь не "запланаванай". Бо на Міжнародны конкурс маладых артыстаў аперэты і мюзікла імя У.Курачкіна нашы салісты ездзяць з моманту заснавання гэтага конкурсу. І ўжо трэці раз запар робяць у Екацерынбургу сапраўдны фурор. А між тым, сам гэты горад - з вялікімі музычна-тэатральнымі традыцыямі ўкаранення ўсяго самага найноўшага, цікавага і перадавога. Так што тыя перамогі дарагога вартыя!

У намінацыі "Мюзікл" Ілоне Казакевіч і Аляксею Грыненку дасталася II прэмія. Нашы салісты здзівілі спрактыкаванае міжнароднае журы адметным рэпертуарам і яго стыльным, папраўдзе "мюзіклавым" увасабленнем. У намінацыі ж "Харэаграфічнае мастацтва" Рыгор Крукоўскі і Рына Івакіры здабылі Першую і Трэцюю прэміі. Нішто сабе "ўраджай"!

Але ж галоўны, як аказалася, прыз - прэмію імя А.Марэніча, што прысуджаецца далёка не на кожным такім конкурсе, - прывёз галоўны балетмайстар тэатра Дзмітрый Якубовіч. Будучы ўжо лаўрэатам конкурсу імя У.Курачкіна, сёлета ён у ім не ўдзельнічаў. А прэмію атрымаў - як лепшы партнёр конкурсу. І гэта - дадатковае прызнанне высокага прафесіяналізму нашых артыстаў, які з кожнай новай творчай працай толькі ўзрастае.