Нашы "супланецяне" - так вызначае мастак жывёлін, якіх ён выявіў на большай частцы палотнаў, - пазіраюць на нас вачыма, дзе бачныя трывога або чаканне ласкі, стомленасць і надзея. Незвычайная пуантылістычная тэхніка майстра дадае карцінам спецэфектаў: героі то глядзяць на нас як бы з глыбіні, сцішыўшыся ў сваім свеце, і іхнія контуры ледзь акрэслены ("Мы"), то, здаецца, так прагнуць нешта нам сказаць, што вось-вось пакінуць межы палатна ў руху насустрач ("Залатыя вочы"). Непрацяглае знаёмства з экспазіцыяй - і ўсе творы застаюцца ў памяці, а такое здараецца нячаста.
У жывапісе Рыгора Несцерава няма "лішніх" колераў: кожная карціна выканана ў адной гарманічнай гаме, без эмацыйных выбухаў. Бывае, "галоўны герой" стварае фон, займаючы ці не ўсю плошчу карціны: велізарны папяліста-шэры кот - сама меланхолія - ("Свет у сабе") або ціхі конь ("Маўклівасць"), што нібы выпраменьвае святло і цяпло. А часам, ствараючы кампазіцыйны эксперымент, аўтар дазваляе патануць выяўленай істоце ў прасторы палатна, як, напрыклад, фанабэрыстаму страусу з ганарлівым выразам "твару" ("Гэта я"). Маштабны трыпціх "Знесеныя ветрам" дазваляе нам бачыць не толькі пустое паветра, але ўглядацца ў сляды на ім - хвалі ветру - можна бясконца.
Творчасць гэтага мастака - нібы псіхалагічны поп-арт, створаны на аснове рэальнасці, а не гульні з колерамі. Здалёк бачна нашмат больш, чым зблізку; пасля спробы прааналізаваць заўважаеш яшчэ больш. І за якую б тэму ні ўзяўся Рыгор Несцераў - жывёльны свет, каханне, адлюстраванне прыроды, - заўсёды вылучаецца яго позірк на пэўны момант існавання. Мігатлівы, нібы з атамаў - дробных мазкоў, напоўнены адчуваннямі і пачуццямі момант...