Нерэальная рэальнасць: ледзь улоўны пераход

№ 26 (946) 26.06.2010 - 02.07.2010 г

Кажуць, самае страшнае для творцы — абыякавасць да ягонай працы, адсутнасць у гледача якіхсьці эмоцый і адчуванняў. Жывапісцу Мацвею Басаву пра гэта, здаецца, хвалявацца не даводзіцца: яго творы не проста не пакідаюць раўнадушнымі — яны вабяць, прыцягваюць да сябе ўвагу незвычайнай мяккай і ўтульнай унутранай атмасферай.

/i/content/pi/cult/273/4242/13-3.jpgЯшчэ адна мастакоўская фобія - не знайсці прызнання пры жыцці - Басава таксама абмінула. Увагу на яго звярнулі яшчэ ў дзяцінстве: ужо ў 14 гадоў Мацвей атрымаў бронзавы медаль на Міжнародным конкурсе дзіцячага малюнка ў Італіі. Тады маленькі мастак наўрад ці мог уявіць, што гэтая ўзнагарода стане прыступкай да сапраўды плённага, яркага і заўважнага ў мастацкім асяроддзі творчага жыцця. Толькі за апошнія 20 гадоў М.Басаў меў 25 персанальных выставак у краіне і за мяжой, яшчэ 30 - калектыўных. Яго работы - не толькі ў шматлікіх прыватных галерэях і калекцыях, але і ў шэрагу салідных музеяў нашай краіны і замежжа. Сёння Нацыянальны мастацкі музей прадастаўляе знаўцам і аматарам магчымасць пазнаёміцца з творчасцю майстра больш грунтоўна і поўна: лепшыя палотны аўтара аб'яднаны тут у выстаўку "Жывапіс разнастайны".

Заходзячы ў залу, адразу ўражваешся незвычайным святлом ад карцін. Своеасаблівая тэхніка творцы - калі аб'ём ствараецца напластаваннем фарбы - дапаўняецца дынамікай колераў, кантрастам добра прапісаных, асветленых "цэнтраў" з атачаючымі іх глыбокімі фонамі. Усё гэта стварае незвычайны эфект: упэўненасць, што патрапіў ці то ў казку, ці то ў мару. Адчуванне незвычайнага ствараюць і сюжэты: лейтматыўная ў творчасці Басава біблейская тэма, высокадухоўнае стаўленне мастака да яе робяць кампазіцыі папраўдзе сакральнымі, нерэальнымі.

Увогуле, работы Басава - прыклад найяскравейшай узаемаадпаведнасці формы і зместу. Чысціня думкі выяўляецца ў знешняй прастаце кампазіцый - у святле, што нібыта крыніцай б'е з некаторых палотнаў. А ў кожным з іх - душа. Адбітак яе бачым і ў форме: у ледзь улоўных пераходах, мяккіх межах, лёгкасці і неакрэсленасці ліній.

Гэта, магчыма, і ёсць код да разгадкі творчай таямніцы мастака... Але калі гаворка ідзе пра Басава, неяк няёмка ўзгадваць якіясьці мастацкія тэрміны, імкнуцца ахарактарызаваць яго творчасць з пункта гледжання мастацкай тэорыі, "падганяць" творы пад нейкія рамкі і шаблоны. Свет, створаны майстрам, прымушае гледача адчуць сябе далучаным да яго дабрыні і чысціні. Карціны, шчырыя і сімвалічныя, пакідаюць у душы незвычайную радасць і ўзнёсласць, гэтым і прывабліваючы гледачоў.

 Алена ШАХНОВІЧ