Большасць палотнаў пазначаны добрай іроніяй, і гэта адчуваецца, калі з задавальненнем разглядаеш абкладзенага гароднінай печанага асятра на вялікім блюдзе, а побач- крышталёвы графінчык. А калі ў нас цякуць слінкі ад выгляду апетытнага смажанага парасяці, мы разумеем, што аўтар ужо адкрыта "здзекуецца" з нас, але не крыўдзімся, бо згаджаемся са слушнасцю яго стаўлення - і не толькі да нас, але і да сябе самога. Лагічны шэраг могуць працягваць выявы аладак з ікрой, крэветак з півам...
Адвечны сакральны канон смела інтэрпрэтуецца аўтарам у кампазіцыі "Тайная вячэра". З традыцыйнага хрысціянскага сюжэта мастак выбраў толькі сімвалічныя прадметы, якія нясуць найбольш значны духоўны сэнс: метафарычныя выявы дванаццаці стромкіх бакалаў з чырвоным віном і бохана белага хлеба, што ляжыць зверху.
Як бачым, у работах С.Уткіна, такіх розных паводле сваёй скіраванасці, адчуваецца ўнутраная аб'яднанасць адзіным пазітыўным настроем, уменнем аўтара паказаць кожны прадмет як цэлы комплекс багатых зрокавых уражанняў, стварыць агульны каларыстычны ансамбль твораў, сцвердзіўшы тым самым нязменную прыгажосць і каштоўнасць навакольнага свету.
Марына ЗАГІДУЛІНА, мастацтвазнаўца
Гродна