“Маладзёжная-2010”: футуралогія непасрэднасці ўспрыняцця

№ 26 (946) 26.06.2010 - 02.07.2010 г

Назва, канцэпцыя і мэты з задачамі Рэспубліканскай выстаўкі “Маладзёжная-2010”, якая нядаўна прайшла ў Палацы мастацтва, былі артыкуляваны настолькі выразна, што першы абзац прэс-рэліза можна пакінуць без каментарыяў: “Што будзе з беларускім мастацтвам праз 15 гадоў? Хто тыя мастакі, якія будуць вызначаць творчае аблічча краіны? Такія пытанні мы павінны задаваць ужо сёння. І гэта не проста філасафічныя развагі на тэму мастацтва — гэта цалкам надзённая праблема, якая патрабуе аналізу і наступных дзеянняў”.

/i/content/pi/cult/273/4240/13-1.jpgЗаяўленая "інтрыга навізны" была вытрымана. Большасць аўтараў, якія падзялілі Вялікую залу палаца, пакуль нават "вядомымі ў вузкім коле" не назавеш. Але пры гэтым выразна "вучнёўскім" работам месца ў экспазіцыі амаль не знайшлося. Большасць удзельнікаў выстаўкі можна назваць "маладымі прафесіяналамі" - са сваім адметным мастацкім светапоглядам, памножаным на адукацыю. Яны перажываюць папраўдзе унікальны перыяд фарміравання ўласных аўтарскіх практык - з характэрнай для яго асаблівай эмацыйнасцю і непасрэднасцю ўспрыняцця.

 Менавіта гэты, амаль няўлоўны, фактар найбольш прываблівае ў творчасці маладых. І менавіта ён аб'ядноўвае рафінаваную мінімалістычнасць Івана Сямілетава, фантасмагарычна-іранічны лірызм Ганны Сілівончык, эфемерныя перспектывы Кацярыны Сумаравай і мноства іншых твораў, на сузіранне якіх не шкада часу. Менавіта гэтая рыса падкупляе і ў такім, здавалася б, "састарэлым" жанры, як пейзаж. Але таксама і прага заглыблення - ці то ў натуру, ці то ва ўласную падсвядомасць. Гэта другая характэрная рыса, што аб'ядноўвае большасць прадстаўленых твораў.

Відавочна, што бінарныя апазіцыі "традыцыя/эксперымент" і "фігуратыўнае/абстрактнае" для маладога пакалення мастакоў не маюць той абвостранай актуальнасці, як для іх папярэднікаў. З ладнага арсенала ідэй, назапашаных у мінулым стагоддзі, нашы сучаснікі засвойваюць і выкарыстоўваюць тое, што ім найбольш пасуе.

Калісьці прыклейванне да палатна розных "іншародных прадметаў" падавалася верхам авангардызму. Сёння гэта проста тэхнічны прыём - адзін з многіх. Зразумела, што і інтэнцыі - іншыя: не руйнаванне жывапісу, як тое было ў часы "дада", але пошукі яго новых выяўленчых рэсурсаў. У такіх мастакоў, як Алеся Скорабагатая і Аляксандр Балдакоў, гэта, здаецца, атрымалася. Правёўшы на выстаўцы добрыя дзве гадзіны, лішні раз прыйшоў да высновы, што сумныя прагнозы адносна будучыні айчыннага мастацтва маюць усе шанцы не спраўдзіцца. Але ў прыведзеным вышэй фрагменце прэс-рэліза прысутнічае і слова "праблема". І яно, п/i/content/pi/cult/273/4240/13-2.jpgадаецца, да месца.

Амаль сінхронна са "зборнікам" у Палацы мастацтва ў Мінску прайшла іншая выстаўка. Былыя аднакурснікі-скульптары Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў сабраліся разам у галерэі сваёй alma mater праз дзесяць гадоў пасля атрымання дыпломаў, каб прадэманстраваць уласную творчую эвалюцыю. Мастацтвазнаўцы, запрошаныя на прымеркаваны да падзеі "круглы стол", ад некаторых яе ўзораў былі не ў захапленні: тыя аўтары, якія ў свой час выяўлялі няўрымслівыя творчыя амбіцыі, імпэтна рушаць у кірунку "салона". Бо кан'юнктура рынка аказваецца больш важкім фактарам за патрэбу ў самавыяўленні. І, як сцвярджаюць адмыслоўцы, гэта - тэндэнцыя.

Магчыма, прычына тут таксама і ў тым, што для гэтага самавыяўлення папросту бракуе прасторы - фізічнай, а не эстэтычнай. І, зразумела, - адпаведнай арганізацыйнай інфраструктуры. Многія з аўтараў, якія "прагучалі" на аналагічных "маладзёжках" 10 - 12-гадовай даўніны, дагэтуль не мелі паважных персанальных выставак у Мінску.