Габелен… простым алоўкам

№ 26 (946) 26.06.2010 - 02.07.2010 г

Існуе шэраг мастакоў, з творчасцю якіх гледачу даводзіцца знаёміцца толькі “ўскосна”. Іхнія работы мы бачым і нават ацэньваем, але вельмі рэдка атаясамліваем іх з самімі аўтарамі. Гэта — мастакі-сцэнографы і мастакі-пастаноўшчыкі, чыя плённая праца над кінастужкамі і спектаклямі нібы схавана за кадрам.

/i/content/pi/cult/273/4239/12-3.jpgУспрымаюцца гэтыя творцы часцяком ўвогуле па-за межамі ўласна мастацкай рэчаіснасці: пастаянна працуючы над эскізамі і замалёўкамі, часу на стварэнне маштабных палотнаў не маюць, на выстаўках іх работ амаль не сустрэнеш, у пленерах удзелу не бяруць...

80-годдзе беларускага мастака Міхаіла Карпука - цудоўная нагода, каб змяніць такое ўспрыняцце мастакоў кіно і тэлебачання. З творчасцю Карпука дасведчаныя людзі добра знаёмыя. Дыяпазон ягонай працы вельмі шырокі: канцэртныя праграмы эстраднага, камернага і класічнага жанраў, дзіцячыя перадачы і літаратурныя пастаноўкі, кароткаметражныя і шматсерыйныя мастацкія тэлевізійныя фільмы... Выстаўка ў Палацы мастацтва адкрыла шырокаму гледачу яшчэ аднаго Карпука - мастака-станкавіста.

Графічныя работы, выкананыя пераважна пастэллю, сангінай або простым алоўкам, уражваюць незвычайнай мяккасцю, плаўнасцю ліній і штрыхоў і, у той жа час, - дакладнасцю ў перадачы дэталей. Творы, у найвышэйшай ступені рэалістычныя, яны ўсё ж такі валодаюць лёгкім адценнем рамантычнасці: відаць, гэта - адбітак асабістага стаўлення аўтара да куточкаў беларускай прыроды. Урэшце, з іх за доўгія гады працы майстар саткаў сапраўдны партрэт роднай зямлі. Дарэчы, знайшлося ў гэтым "габелене" месца і персаналіям: створаны Карпуком вобраз нашага краю ўдала дапаўняюць партрэты, у тым ліку і класікаў айчыннага слова Янкі Купалы і Якуба Коласа...

Майстар намагаецца стварыць максімальна аб'ектыўны партрэт навакольнай рэчаіснасці. Народны мастак Беларусі Георгій Паплаўскі трапна назваў работы Карпука "фотакадрамі, дапоўненымі цёплымі адносінамі". Творца імкнецца занатаваць тое, што ўжо заўтра можа застацца толькі ў памяці: буянне прыроды, якое бясследна знікае, ствараючы такім чынам своеасаблівую Чырвоную кнігу прыгожых куточкаў.

Над фільмамі і пастаноўкамі юбіляр працаваў да 1983-га, але ніводнага эскіза або сцэнічнай замалёўкі на выстаўцы, якая павінна нібыта падсумаваць пройдзены творчы шлях, няма. Чаму? На гэтае пытанне адказаў сам мастак: "Усё тое, чаму навучыўся пад час працы на кінастудыі, увасобілася ў прадстаўленыя пейзажы, а завершанасць кампазіцый і адчуванне прасторы ў творах з'явілася менавіта дзякуючы вялікай сцэнаграфічнай практыцы".

Дар'я ДАНІЛЕВІЧ