У вечных манументальных формах увасоблена даўняя грамадская ідэя будаўніцтва мемарыяла, прысвечанага дзяцінству, абпаленаму вайной. Ідэя была распрацавана Леанідам Левіным - выдатным майстрам прасторава-пластычных кампазіцый, адным з аўтараў сусветна вядомай "Хатыні". Ён выдатна валодае ўсімі сродкамі мастацкай выразнасці, умее стварыць вакол сябе надзвычайную энергетычна моцную прастору, у якой плённа працавалі яго калегі-творцы - скульптар Аляксандр Фінскі і мастакманументаліст Святлана Каткова, якія разам з ім вылучаны на суісканне Дзяржаўнай прэміі, а таксама скульптар Максім Пятруль і архітэктары Галіна Левіна і Аляксандр Капылоў.
Комплекснае аб'ёмнапланіровачнае рашэнне мемарыяла "Чырвоны Бераг" было падказана кіраўніку аўтарскага калектыву тамтэйшымі мясцінамі. Яно было задумана і распрацавана як ландшафтная архітэктурна-мастацкая кампазіцыя, што моцным стрыжнем прыцягвае да сябе ўсё прасторавае асяроддзе, і ў першую чаргу - вялікі яблыневы сад, вясновае цвіценне якога надае асабліва шчымлівае адценне пры ўспрыманні асобных фрагментаў комплексу.
У дадзеным выпадку, выкарыстоўваючы вопыт комплекснага фарміравання прадметна-прасторавага асяроддзя сродкамі архітэктуры, скульптуры і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, творцы дасягнулі непаўторнага па змесце і эмацыянальнай выразнасці ансамблевага вырашэння мемарыяла. Помнік валодае ўсімі якасцямі твора сінтэтычнага мастацтва. Ён быў задуманы аўтарамі як своеасаблівая "Белая Хатынь", як чысты белы аркуш паперы з ненапісанымі біяграфіямі ахвяр фашызму...
Кампазіцыйным ядром з'яўляецца "Плошча Сонца". Ад яе разыходзяцца восем промняў, што абрываюцца ў яблыневым садзе. Адзін з промняў - цёмны, ён сімвалічна пранізвае ўмоўны школьны клас з 21 белай партай. За іх ніколі ніхто не сядзе. Ад класа гэтага адыходзіць перарывістая паласа з чырвонага граніту: у дзяцей канцлагера бралі кроў для лячэння нямецкіх салдат. Няма статыстыкі, колькі дзіцячай крыві было адабрана, але ў памяці людзей, якія наведалі мемарыял, назаўсёды застануцца імёны дзяцей з лагерных архіваў, напісаныя на ветразях папяровага карабліка ў цэнтры "Плошчы Сонца". На чорнай паверхні сімвалічнай класнай дошкі дзіцячым почыркам адлюстравалі пісьмо дзяўчынкі Каці Сусанінай свайму бацьку з мальбой аб вызваленні з германскага рабства (захавалася ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі). Асабліва балюча ўспрымаюцца звесткі аб колькасці дзіцячых канцлагераў, пададзеныя на адваротным баку ў выглядзе надламанай рэльефнай карты Беларусі, з месцамі іх размяшчэння. Такіх лагераў на нашай зямлі было 13. Адносная літаратурнасць асобных пластычных фрагментаў мемарыяла апраўдваецца дакладна распрацаванай аўтарскай рэжысурай кампазіцыі з усіх узаемадапаўняючых элементаў.
Па перыметры плошчы стаяць скульптуры-мальберты з каляровымі вітражамі, якія выкананы па эскізах Святланы Катковай з дзіцячых малюнкаў навучэнцаў студыі яе бацькі - мастака Сяргея Каткова (сярод дзіцячых твораў выпадкова быў знойдзены і малюнак маленькага Лёні Левіна). На мальбертах стаяць імітаваныя скульптуры, вылепленыя адным з сааўтараў помніка - Максімам Петрулём - па матывах дзіцячай глінянай пластыкі. Чорны прамень - цэнтральная кампазіцыйная вось мемарыяла- звязвае ўсе элементы кампазіцыі з бронзавай скульптурнай выявай дзяўчынкі, што ўспрымаецца як прывід сярод асляпляльна белага помніка.
Аляксандр Фінскі, стваральнік запамінальнага вобраза гэтай безабароннай дзяўчынкі, вядомы як аўтар скульптурнай групы ў Мінскім мемарыяле "Яма", помніка Сімяону Полацкаму ў Полацку, сааўтар помніка Адаму Міцкевічу ў Мінску, а таксама некаторых пластычных кампазіцый на фасадзе Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Вышэйзгаданыя творчыя работы падцвярджаюць вялікі досвед сумеснай працы з архітэктарамі, што стала падставай запрашэння яго ў калектыў стваральнікаў мемарыяла.
Святлану Каткову, аўтара выразных паводле кампазіцыі і вобразнай дакладнасці дзіцячых малюнкаў, пераведзеных у манументальную тэхніку вітража, мы добра ведаем як майстра знакамітых манументальных роспісаў у Палацы чыгуначнікаў, Інстытуце праблем інфарматыкі, гасцініцы "Планета", кінатэатры "Вільнюс" (у сааўтарстве з Зояй Літвінавай), а таксама многіх твораў станковага жывапісу.
Зрэшты, немагчыма асобна пералічваць дасягненні аўтараў мемарыяла, таму што іх працу мы ўспрымаем як адзіны і непаўторны твор мастацтва.
Леанід ДЗЯГІЛЕЎ, мастацтвазнаўца, мастак
На здымках: фрагменты Мемарыяльнага комплексу "Чырвоны бераг".