“Брэсцкая крэпасць”: прэм’ера ў Цытадэлі

№ 26 (946) 26.06.2010 - 02.07.2010 г

Лічыцца, што сказаць новае слова ў кіно пра Вялікую Айчынную вайну вельмі складана. Альбо нават зусім немагчыма. Тым не менш, аўтарам карціны “Брэсцкая крэпасць” праз амаль дзесяць гадоў пасля выхаду на экраны стужкі Міхаіла Пташука “У жніўні 44-га” гэта ўдалося. Няхай дакладна вызначыць жанр “Брэсцкай крэпасці” вельмі складана, але новы фільм не падобны да сваіх “равеснікаў” на экране. І перш за ўсё— сваёй надзвычайнай эмацыйнасцю, экстраардынарным “уключэннем” гледача ў падзеі на экране, характэрным для карцін, знятых людзьмі, якія бачылі вайну на свае вочы. “Брэсцкая крэпасць” — гэта і заяўлены пад час мінулагодніх здымак “фільм-катастрофа”, і рэдкі жанр рэквіема па ўсіх загінулых у першыя, а на самой справе— і ва ўсе дні Вялікай Айчыннай.

/i/content/pi/cult/273/4237/11-5.jpgШто ёсць вайна? Вайна - гэта боль, гэта кроў, гэта страх. Героі з'яўляюцца потым на старонках газет - спачатку ж ёсць толькі людзі, загнаныя лёсам у смяротную пастку, выхад з якой - толькі праз неверагодныя выпрабаванні, што нельга абмінуць, можна толькі годна трываць... Аб гэтым гавораць нам кадры "Брэсцкай крэпасці", знятай менавіта на месцы Подзвігу, які здзейснілі абаронцы Айчыны 69 гадоў таму. Аўтарскі калектыў на чале з рэжысёрам Аляксандрам Коттам і генеральным прадзюсерам Ігарам Угольнікавым у неверагодна сціслыя тэрміны стварыў відовішчны аповед пра першыя дні вайны і першую перамогу над ворагам. Калектыў сцэнарыстаў (Аляксей Дудараў, Канстанцін Вараб'еў, Яўгенія Цірдатава, Уладзімір Яромін) забяспечылі здымачную групу якасным драматургічным матэрыялам. Галоўны матыў стужкі - маральная перамога абаронцаў Крэпасці над ворагам- лепшым чынам увасоблены ў дзвюх з лішкам гадзінах экраннага часу. Самае вялікае дасягненне стваральнікаў карціны - у тым, што вобразы рэальных герояў, пацверджаныя вуснымі і пісьмовымі крыніцамі падзеі, годна перанесены на экран і, разам з тым, з'яўляюцца зразумелымі сучаснаму гледачу. Як і вышэйзгаданая стужка Міхаіла Пташука, фільм Аляксандра Котта створаны на актуальнай кінамове. "Брэсцкая крэпасць"- відовішчны, якасны твор кінамастацтва, які прываблівае не забаўляльным ракурсам.

Выбар Котта на ролю рэжысёра трэба прызнаць удалым, бо гэты малады кінематаграфіст здолеў, паўтаруся, у сціслыя тэрміны зрабіць вельмі прафесійную пастаноўку, якая, за выключэннем першых 20 хвілін, па сутнасці, уяўляе з сябе адну вялікую батальную сцэну. Паказальна, што баявыя дзеянні для Котта не абмяжоўваюцца стрэламі, выбухамі і танкамі. Чалавечыя лёсы, характары, асобы не адыходзяць на другі план за жудаснымі баямі, няхай і зробленымі на вышэйшым тэхнічным і мастацкім узроўні.

Менавіта абставіны здымак на святым, палітым крывёю месцы, плённае супрацоўніцтва з калектывам Мемарыяла, найперш - з яго дырэктарам, генерал-маёрам Валерыем Губарэнкам, садзейнічалі неверагоднаму рэалізму ў кадры. Паспяховае візуальнае рашэнне аператара Уладзіміра Башты ўвасобілася ў шэрагу агульных планаў масавых сцэн з удзелам сотняў статыстаў і буйных маляўнічых планаў твараў герояўабаронцаў. Ужо можна казаць, што стужка будзе этапнай для жанру батальнага кіно, прычым не толькі айчыннага. Гранічны рэалізм пранізвае ўсю стужку, аднак нават не набліжаецца да "кіношнага" натуралізму, створанаму "знарок". Вялікае ўражанне пакідаюць дэкарацыі мастака-пастаноўшчыка Аліма Матвейчука: давялося адбудаваць Брэсцкую крэпасць наноў, побач са старымі мурамі пад час здымак паўсталі іх дакладныя копіі па стане на 21 чэрвеня 1941 года. Бездакорнымі з'яўляюцца і касцюмы персанажаў аўтарства мастакоў Сяргея Стручова ды Уладзіміра Карэцкага. Сучасныя тэхналогіі дапамаглі дакладна перадаць гукавую палітру баявых дзеянняў.

"Брэсцкая крэпасць" - калектыўны партрэт абаронцаў-герояў лета 1941-га. Праз усю карціну праходзяць вобразы камісара Фаміна, лейтэнанта Кіжаватава, маёра Гаўрылава. На экране іх надзвычай таленавіта ўвасобілі Павел Дзеравянка, Андрэй Мярзлікін, Аляксандр Коршунаў. Юны акцёр Аляксей Капашоў вельмі пераканаўча выканаў ролю гадаванца музычнага ўзвода Пятра Клыпы. Задзейнічаны былі і беларускія акцёры Сяргей Уласаў, Анатоль Кот, Генадзь Давыдзька, маладыя артысты мінскіх тэатраў, жыхары горада Брэста, якія з натхненнем прымалі ўдзел у здымках. Асобая роля выпала Генадзю Гарбуку: ён з'яўляецца ў фінале, самым эмацыйным месцы стужкі.

 Сучаснае кіно наўздагон за ўсёй культурай імкнецца да глабалізацыі. Трэба адзначыць, што "Брэсцкая крэпасць" - з'ява сучасная і ў гэтым сэнсе. Таленавітыя аўтары абыходзяцца без дадатковых слоў, каб перадаць маштаб ваеннай трагедыі, і без залішняга пафасу, каб паказаць духоўную моц абаронцаў. Стужка не з'яўляецца дакументаль/i/content/pi/cult/273/4237/11-6.jpgнай рэканструкцыяй, да якой за апошнія гады прызвычаіліся тэлевізійныя гледачы. Мастацкія прыёмы, што выкарысталі аўтары карціны, узнімаюць яе на куды вышэйшы ўзровень, зразумелы кожнаму, незалежна ад нацыянальнасці і гістарычнай падрыхтоўкі.

Кінематограф часта звяртаецца да ваенных падзей, але яшчэ часцей вайна на экране аказваецца імітацыяй. Так, шмат часу прайшло, шмат стужак знята, кожны аўтар імкнецца сказаць новае слова, але не ўсе маюць на гэта маральнае права. Аўтары новай карціны "Брэсцкая крэпасць" такое права маюць: яго ім даюць чырвоныя муры Цытадэлі. Тое, што стужка відавочна атрымалася, - сведчанне цуду сапраўднага мастацтва, калі супадаюць час, месца і талент.

"Брэсцкая крэпасць" яшчэ раз распавядае ўсяму свету праўду аб духоўнай, маральнай перамозе над нацызмам і аб тых беларусах, рускіх, украінцах, прадстаўніках іншых народаў, якія яе заваявалі. Таму гэтае кіно - больш чым кіно: сапраўды вялікі фільм аб вялікай вайне.

На здымках: кадры з фільма "Брэсцкая крэпасць".