Дзе спалучаюцца “хачу” і “магу”?

№ 26 (946) 26.06.2010 - 02.07.2010 г

Працяг дыскусіі Мы працягваем нашу дыскусію пра дзень сённяшні маладой беларускай драматургіі і яе ўваходжанне на айчынныя падмосткі. Сёння сваімі развагамі на гэты конт дзеліцца з “К” мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай ПІНІГІН.

/i/content/pi/cult/273/4235/6-1.jpg - Мікалай Мікалаевіч, ці верыце вы ў дачыненні да беларускай драматургіі на айчыннай сцэне ў дыялектычны закон пераходу колькасці ў якасць?

- Хутчэй так, чым не.

- І маеце для такога меркавання пэўныя падставы?

 - Гэта агульная практыка: у буйным мегаполісе добрых артыстаў больш, чым у якім меншым горадзе, - проста таму, што там народу больш. Калі мы кажам пра сучасную беларускую драматургію, то павінны ўсведамляць, што гэта працэс, які мусіць быць належным чынам арганізаваны. У свой час Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі існаваў у статусе лабараторыі, дзе маладыя драматургі якраз і мелі магчымасць спрабаваць свае сілы. Сёння гэта звычайны рэпертуарны тэатр са сваім планам, які яны павінны выконваць. А я лічу, што было б добра, калі ў Мінску ўзнікла б яшчэ адна адмысловая пляцоўка, магчыма, пад эгідай Акадэміі мастацтваў, дзе маладыя людзі маглі б ажыццяўляць свае пастаноўкі, у тым ліку і па п'есах аўтараў-пачаткоўцаў.

- Такая адмысловая пляцоўка, між іншым, ёсць: Цэнтр беларускай драматургіі і рэжысуры пры РТБД. І там віруе сваё жыццё. Іншая справа, што амаль ніхто з тэатральнага люду не ведае, што там адбываецца. Асабіста я не бачыла на іх паказах нікога з "купцоў": ні дырэктараў тэатраў, ні мастацкіх кіраўнікоў...

- Чаму ж, я глядзеў там "Сталіцу Эраунд", пастаўленую Вольгай Саратокінай, "Вяртанне Галадара" Кацярыны Аверкавай.

- Але гэта спектаклі, якія выйшлі на вялікую, асноўную сцэну. Я ж кажу менавіта пра лабараторную работу, шматлікія чыткі новых п'ес. Іншая справа, што я асабіста не веру ў тое, што як толькі з'явіцца пэўная структура, дык адразу ж пачнуць, як грыбы пасля дажджу, "вырастаць" новыя цікавыя драматургі.

 - Добра, не трэба структуры. Але той факт, што з маладымі драматургамі неабходна займацца, для мяне неаспрэчны. Бо яны сёння ў сваёй пераважнай большасці проста не валодаюць элементарным рамяством, не здольныя выбудаваць драматычную структуру. Усе пішуць тэксты, у якіх адсутнічае драматургія. Тэксты гэтыя - цікавыя, але ў іх, прыкладам, няма фіналу: таму што не ведаюць аўтары, пра што ім пісаць. І гэта праблема не толькі нашых творцаў. Думаю, у сувязі з гэтым варта які раз вярнуцца да праблемы адсутнасці ў нас спецыяльнага часопіса для маладых драматургаў, дзе, за адносна невялікія грошы, на самай простай паперы, плён іх працы друкаваўся б, а пасля распаўсюджваўся па тэатрах.

- А які сэнс у гэтым? Для таго, каб рэжысёры чыталі тыя ж недаробленыя тэксты і разумелі: не, я гэта ставіць не буду?

- У мяне няма адказу на гэтае пытанне. Як рэжысёр я чытаю шмат падобных тэкстаў - сам, не перадаручаючы літчастцы. Адзначаю для сябе: тут ёсць сёе-тое цікавае. Але ставіць іх у тэатры не буду. І не хачу, каб гэта ў мяне ставілі маладыя рэжысёры: не бачу ў тым ніякага сэнсу.

- Гэта кажа рэжысёр, які зрабіў сабе імя на нацыянальнай драматургіі?

 - Але я ніколі не браў маладых беларускіх аўтараў. Я ставіў класічныя п'есы, і толькі тады, калі разумеў, навошта яны патрэбны. Я не магу браць на сябе функцыі па навучанні драматургіі - ніколі выкладаннем асноў напісання п'ес не займаўся і, шчыра кажучы, не ведаю, як гэта робіцца. У якасці рэжысёра магу ўзяць твор і патлумачыць аўтару, што мяне ў ім не задавальняе, дзе правальваецца структура, адсутнічае канфлікт, характары. А вучыць пісаць п'есы павінны спецыялісты ў гэтай справе.

- Значыць, галоўнае, чаго не хапае сёння маладым драматургам, - прафесійных навыкаў пісьма?

 - Што б мы ні казалі, а ў любой прафесіі існуе рамяство. Вось перад табой стол, і ты адразу бачыш, зрабіў яго прафесіянал або нейкі "дзядзька Ваня" збіў трыма цвікамі. А далей ужо можна разважаць, з'яўляецца гэты стол творам мастацтва ці не. Драматургічнаму рамяству і неабходна навучаць маладога аўтара: каб ён, папершае, навучыўся ясна выказвацца. А па-другое, - але гэта ўжо пытанне таленту і адчування часу, - зразумеў, пра што ён хоча нам расказаць. Што такога ў яго баліць, каб гэта магло стаць фактам мастацтва?

- Зрэшты, у нас існуе падрыхтоўка літработнікаў ва Універсітэце культуры і мастацтваў; з гэтага года пісьменніцкім навыкам пачнуць вучыць на факультэце журналістыкі БДУ...

- Мне падаецца больш мэтазгодным арганізацыя падрыхтоўкі на базе добрай філалагічнай адукацыі. Бо адсутнасць цікавай сучаснай драматургіі звязана не ў апошнюю чаргу з агульнай культурай. Што чытаюць нашы маладыя аўтары і ці чытаюць увогуле? Наколькі глыбока ведаюць яны класічную літаратуру, сур'ёзную драматургію?

- Ёсць такое "моднае" меркаванне: маўляў, падобная "нагрузка" прыводзіць да таго, што малады аўтар страчвае свой арыгінальны стыль, губляе індывідуальнасць...

 - Калі ты чытаеш і вывучаеш, што ж людзі пісалі і думалі да цябе, гэта і ёсць элементарная вучоба. Іначай проста будзеш вынаходзіць веласіпед. Я на месцы маладых драматургаў заняўся б вывучэннем механізмаў уздзеяння драмы на свядомасць чалавека, псіхалогіяй успрыняцця. Наша псіхалогія - рэч абсалютна прымітыўная, але, не засвоіўшы яе законаў, як можна наважвацца ўздзейнічаць на яе?

 - Як жа ў такім выпадку быць гледачам?

 - Як глядач за сябе магу сказаць, што хачу, каб мне паказалі ў тэатры неверагоднае чарадзейства з дзіўнымі, містычнымі рэчамі - тое, чаго я не ведаю, не адчуваю, не разумею і пра што нават не здагадваюся. Гісторыю, да канца мне незнаёмую, якая папросту ўразіла б мяне. Мне ж увесь час "падсоўваюць" гісторыі пра тое, як дрэнна жывецца сёння маладым людзям, як "шыраюцца" наркаманы, якія няшчасныя алкаголікі... А я не хачу гэтага бачыць у тэатры! Мяне цікавіць асоба, якая ўспрымала б навакольны свет іначай, - магчыма, больш паэтычна... Зусім нядаўна глядзеў "Трохграшовую оперу" ў пастаноўцы Кірыла Сярэбранікава, дзе ён расказвае, што Масква напоўнена прастытуткамі, злодзеямі і забойцамі, прычым праз вобразы інспектара Брауна і Мэкі-Нажа дэманструе поўнае зліццё міліцыі і крыміналу. Але калі так гэта штодня паказваюць па кожным тэлеканале, і ўсе ўжо стаміліся ад падобнай інфармацыі, навошта такія рэчы цягнуць у тэатр? Я пасля першай жа дзеі сышоў.

Тэатр мусіць рашуча размежавацца з тэлебачаннем - гэта яшчэ адна праблема, пра якую ідзе гаворка не ад сённяшняга дня. Нашы ж маладыя аўтары ў сваіх п'есах мысляць серыяльнымі катэгорыямі. Яны і жывуць праз тэлескрыню, а не праз уласнае жыццё.

- Але праз тэлескрыню жыве, па сутнасці, усё сучаснае пакаленне.

- Значыць, трэба ставіць класіку. Магчыма, праз некаторы час з'явіцца пакаленне "гуманоідаў", якое будзе распавядаць пра іншыя, невядомыя мне рэчы...

 - Дык чаму ж не паставіць пра гэта спектакль цяпер?

 - Відаць, веды гэтыя пакуль што не адкрываюцца і не даюцца: адпаведнага тэатральнага тэксту няма. Чаму ў свой час драматургія Чэхава стала для тэатра адкрыццём і своеасаблівым шокам? Яму адкрыліся новыя веды, і персанажы ў п'есах загаварылі інакш, так, як да гэтага ў тэатры ніхто не размаўляў: паўзы, недагаворванні, мігценне...

- Але такі быў не адзін Чэхаў - у розных кутках Еўропы пачалі прарастаць і распускацца падобныя "пупышкі": Ібсен, Стрындберг...

 - І гэта адлюстроўвала агульны стан чалавечай свядомасці ў той перыяд. Нешта змянілася, ссунулася, - на змену класічнаму, фундаментальнаму прыйшло асколачнае светаадчуванне. Значыць, і нам сёння неабходна проста чакаць таго моманту, калі нешта зменіцца. Бо для таго, каб маладыя драматургі штосьці нам сказалі, патрэбна, каб яны хацелі гэта сказаць і, самае галоўнае, маглі: каб ім гэтае "нешта" адкрылася.

- Будзем чакаць?

- Проста так чакаць - бессэнсоўна. Рамяству іх усё роўна трэба навучаць. Бо калі чалавек не ведае літар, як ён зможа чытаць?

 - Ці магчымае існаванне беларускага тэатра без сучаснай беларускай драматургіі?

 - Гэта вельмі абстрактнае і філасофскае пытанне. Кожны рэжысёр займаецца тым, што шукае для пастаноўкі добрую, цікавую п'есу. І я не веру, што калі такая з'яўляецца, яе ніхто з рэжысёраў не ставіць. Не веру! Але калі мне прапаноўваюць п'есы Паўла Пражко з ненарматыўнай лексікай персанажаў і кажуць, што, маўляў, у Маскве яго ставяць, я адказваю: няхай ставяць! Не бачу праблемы і прычын рабіць гэта тут, у нас, бо для падобнай драматургіі існуюць адпаведныя тэатры. Купалаўскі ж я бачу тэатрам "буржуазным".

 - У якім сэнсе - "буржуазным"?

 - У сэнсе мастацкага і творчага цэнтрызму. Ёсць элітарны Оперны тэатр, - ёсць тыя сцэны, дзе ставяцца спектаклі пра наркаманаў, алкаголікаў і маргіналаў. Мы ж знаходзімся недзе пасярэдзіне і мусім трымаць пэўную раўнавагу. У прыватнасці, не размаўляць са сцэны вулічнай мовай, мацюкамі. Хачу, каб у Купалаўскім тэатры ішла насамрэч годная літаратура.

- Дарэчы, як ацэньваюць рэпертуар Купалаўскага тэатра гледачы?

 - Нядаўна студэнты Універсітэта культуры і мастацтваў праводзілі на гэты конт сацыялагічнае апытанне. Рэспандэнтамі былі маладыя людзі ад 12 да 30 гадоў. Цікавая акалічнасць: на пытанне аб тым, чаго ім не хапае ў рэпертуары, адказвалі: нацыянальнай класікі. Але дзе ж яе ўзяць? Няма! Што зробіш, калі так склалася, што наша драматургічная спадчына не вельмі багатая?..

 - Але калі няма сучаснай п'есы і "не засталося" не пастаўленай яшчэ класічнай, як жа беларуская тэма будзе прадстаўлена на беларускай сцэне?

 - У мяне ёсць на гэты конт пэўныя планы. Цяпер мы ў тэатры будзем рабіць спектакль пад назвай "Выкраданне Еўропы" - па творах Уршулі Радзівіл, - які злучыць балет, оперу, традыцыі дэль артэ. Потым планую падабрацца да "Пана Тадэвуша" Адама Міцкевіча... Хачу падкрэсліць гэты вельмі важны момант: што маюць на ўвазе гледачы, калі кажуць пра жаданне бачыць на нашай сцэне нацыянальную класіку? Гэта зусім не значыць, што яны - супраць адных п'ес і за другія. Проста, для іх надзвычай важна, жывучы ў прасторы, у многім прадыктаванай расійскім тэлебачаннем з тамтэйшымі жыццёвымі рэаліямі, прыйсці ў тэатр і зразумець, чаму яны - беларусы? Ім вельмі важна пра гэта думаць, і акурат таму гаворка ідзе пра патрэбу ў нацыянальнай класіцы, якая адзіная сёння можа даць для гэтага глебу.

Фота Юрыя ІВАНОВА