Пасланне Віцебска

№ 26 (946) 26.06.2010 - 02.07.2010 г

25 — 26 чэрвеня віцябчане святкуюць 1036-ы дзень нараджэння Віцебска.

З улікам пажаданняў віцябчан гэтае свята ўпершыню будзе праводзіцца асобна ад фэсту "Славянскі базар у Віцебску". Таксама ўпершыню, па ініцыятыве губернатара вобласці Аляксандра Косінца, у горада з'явіўся вызначаны дзень нараджэння - 25 чэрвеня.

Святочныя мерапрыемствы распачаліся ўчора на Васкрасенскай плошчы ля гарадской ратушы, дзе адбылася гістарычная "сустрэча" - сённяшняга мэра Віктара Нікалайкіна з легендарнай заснавальніцай горада княгіняй Вольгай. Тут жа была закладзена капсула з Пасланнем нашчадкам.

У той жа дзень у КЗ "Віцебск" пасля ўрачыстага пасяджэння прайшоў святочны канцэрт. А ўвечары жыхароў і гасцей горада чакалі яшчэ два прадстаўленні- у Летнім амфітэатры і на плошчы Перамогі.

Сёння ж горад сустракае тэатралізаванае шэсце і аўта-парад, байк-шоу і конкурс графіці... А на вуліцы "Праўды" адбудзецца арт-акцыя "Вуліца УНОВИСа". Яе ўдзельнікі паспрабуюць узнавіць атмасферу горада 20-х гадоў мінулага стагоддзя.

Алена АЛІМАВА