Шоу "Зоркі "Еўрабачання" збярэ на віцебскай Плошчы Перамогі шасцёра салістаў і калектываў, што выступалі нядаўна ў Осла, а таксама ўдзельнікаў спаборніцтва з Беларусі і Еўропы мінулых гадоў. Пра гэта паведаміў карэспандэнту "К" галоўны спецыяліст аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Ігар Баярынцаў.
Беларускі калектыў "3+2", уладальнікі Другога месца "Еўрабачання-2010"- група "MaNga" з Турцыі, уладальнікі III месца- румынскі дуэт Полу Сілінг і Ові Марцін, ізраільцянін Харэл Скаат, армянка Ева Рыас, дацкія выканаўцы Чэні і Томас Нэвэргрын прымуць удзел у свяце. Нашу краіну на ім прадставяць таксама Пётр Ялфімаў, Руслан Аляхно, Аляксандра & Канстанцін ды іншыя. А 14 ліпеня, тут жа, з вялікім канцэртам выступіць Дзіма Білан. Плошча ператворыцца ў вялікі танцпол: білеты на абодва мерапрыемствы - вельмі танныя.
"Плошчы Перамогі і Свабоды, дзе адбудуцца канцэрты "Славянскага базару", і пляцоўка перад Цэнтрам народных рамёстваў і мастацтваў "Дзвіна" ўжо гатовы прыняць гасцей, - адзначае Ігар Баярынцаў. - У Летнім амфітэатры абнаўляюць тэхнічнае абсталяванне, адбываецца невялікі рамонт. Увогуле, аблічча горада вельмі змянілася: усе зоны адпачынку, лакальных мерапрыемстваў былі ўдасканалены і набылі еўрапейскі выгляд. Адных "лунапаркаў" будзе чатыры. Вялікую ўвагу надалі таксама ілюмінацыі Віцебска ў вечаровы час і ноччу: яна - незвычайная! Вернецца на фестываль "Вернісаж": карціны беларускіх мастакоў будуць выстаўлены на пешаходнай зоне і вуліцы імя Суворава. Знакавыя экспазіцыі пабачаць наведвальнікі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея і Віцебскага мастацкага музея".
Таксама стала вядома, што наш канкурсант Дзяніс Вяршэнка выступіць на "Славянскім базары ў Віцебску" крыху з іншай праграмай. Працяглы пошук "сваёй" песні зноў прывёў яго да "Птушак" Дзмітрыя Даўгалёва на словы Валянціны Паліканінай у перакладзе Людмілы Кебіч. Гэтая песня ўжо была ў яго рэпертуары, штораз зачароўваючы слухачоў асаблівай "простай прыгажосцю" мелодыі і глыбокім філасофскім сэнсам.
-Няхай вашы чытачы не хвалююцца, - адказаў Дзяніс на наша тэлефанаванне. - Падрыхтоўка ідзе па плане, графік вытрымліваецца, мы ўсё паспяваем.