Гарачыя дні

№ 26 (946) 26.06.2010 - 02.07.2010 г

Гэтымі днямі Навагрудак прымае Фестываль сярэднявечнай культуры “Навагрудскі замак-2010”.

Карэспандэнт "К" ледзь звязаўся з начальнікам аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Аляксандрам Карачанам: увесь час у тэлефоннай слухаўцы чуліся кароткія гудкі. Як пасля патлумачыў сам Аляксандр Мікалаевіч, у гэтыя дні ягоныя тэлефоны - і службовы, і мабільны - літаральна распальваюцца ў прамым сэнсе слова. Колькі хвілін таму ён тэлефанаваў у Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, куды неабходна было адправіць праграму фестывалю, а за якое імгненне да майго званка размаўляў з Польшчай: гасцей з суседняй краіны таксама чакаюць у Навагрудку.

- Рыхтуемся да свята вельмі сур'ёзна, - распавёў Аляксандр Карачан.- Ужо ў чацвер будаўнічыя арганізацыі распачнуць асноўныя работы на тых пляцоўках, дзе будуць праходзіць фестывальныя мерапрыемствы. Плануем зрабіць агароджу для лучнікаў, якія будуць праводзіць свой турнір каля Замкавай гары. Там жа будуць праходзіць і беларускі этап Адкрытага Кубка Еўропы па гістарычным фехтаванні ды конны турнір.

 А ўжо 25 чэрвеня Навагрудак чакае гасцей з Акадэміі навук Беларусі, гісторыкаў і навукоўцаў з краін СНД і Еўропы: у Цэнтральнай бібліятэцы горада пройдзе "круглы стол" "Грунвальд у гісторыі Беларусі".