Сакрэты балю ў Палацы

№ 26 (946) 26.06.2010 - 02.07.2010 г

Рэспубліканскі баль лепшых выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў з удзелам Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі па традыцыі выпускнікі чакаюць з нецярпеннем. Выдатнікі, стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта краіны па падтрымцы таленавітай моладзі з усёй краіны прыедуць 29 чэрвеня ў сталічны Палац Рэспублікі на свята. Дзесятка самых таленавітых выпускнікоў творчых ВНУ Беларусі таксама прымае ўдзел у традыцыйным балі.

/i/content/pi/cult/273/4221/2-2.jpg "Быць зацікаўленымі ў сваёй прафесіі, мець цікаўны розум, увесь час самаўдасканальвацца і заўсёды імкнуцца творча падыходзіць да працы", - такое пажаданне для студэнтаў малодшых курсаў і абітурыентаў выказала адна з удзельніц Рэспубліканскага балю выпускнікоў - Паліна Тамашэўская ў гутарцы з карэспандэнтам "К". Яна скончыла тэатральны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці "Кінатэлезнаўства" і чатыры разы станавілася стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Паліна ўзрадаваная магчымасці трапіць на баль: "Гэта добрая ўзнагарода за напружаную дзейнасць цягам вучобы". Зусім хутка дзяўчына прыйдзе на працу ў аддзел планавання Белтэлерадыёкампаніі. Яна ўпэўнена, што зможа паўплываць на развіццё тэлевізійнай культуры, рэалізуецца ў сваёй прафесіі, паспрыяе з'яўленню новых цікавых праектаў.

Разам з Палінай у Палацы Рэспублікі Акадэмію мастацтваў прадставяць дызайнер Павел Канановіч і скульптар Алена Ліпінская. З ліку ж выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў балі прымуць ўдзел дзве выпускніцы фартэпіяннакампазітарска-музыказнаўчага факультэта: піяністкі Улада Шацкая (ёй, дарэчы, 23 чэрвеня ў ліку дзесяці лепшых выпускнікоў ВНУ аб'яўлена Падзяка Кіраўніка дзяржавы) і Эльміра Сіфулаева, радзіма якой - Татарстан. Дарэчы, выпускнікі, што былі замежнымі студэнтамі, ужо не ўпершыню трапляюць на баль з Прэзідэнтам краіны, як заўважыў Першы прарэктар установы Юрый Златкоўскі. "Традыцыйна колькасць удзельнікаў балю з нашай Акадэміі не такая ўжо вялікая, але нароўні з беларусамі такі гонар атрымліваюць і іх калегі, што прыехалі з-за мяжы", - паведаміў ён.

 Яшчэ адна ўдзельніца свята - выпускніца факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Ксенія Наліўкіна нарадзілася ў Архангельску. Неаднойчы пад час вучобы ў Беларусі яна станавілася пераможцай конкурсаў прыгажосці і харэаграфічнага майстэрства. Увогуле, БДУКіМ - лідэр па колькасці выпускнікоў сярод творчых ВНУ, што будуць святкаваць заканчэнне вучобы ў гэтым годзе ў Палацы Рэспублікі: іх пяцёра. Гэта Раман Усманаў з таго ж факультэта, што і Ксенія, Вольга Кулік (факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый), Вераніка Броўка (факультэт культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці) ды Яўген Ермалковіч (факультэт музычнага мастацтва). А пра "разыначку" свята ў гэтым годзе паведаміла нашаму карэспандэнту яго галоўны рэжысёр Уладзіслава Арцюкоўская: "Дасягненні Беларусі ў культуры, навуцы, спорце - на гэтым мы вырашылі зрабіць акцэнт у афармленні фае Палаца Рэспублікі і ў праграме свята. Маладых людзей яшчэ на ўваходзе сустрэне своеасаблівая Галерэя славы, якая дэманструе фотаздымкі значных падзей у краіне і іх герояў, выявы помнікаў гісторыі, што сімвалізуюць славутыя гарады Беларусі".

Па традыцыі Рэспубліканскага балю, Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заўсёды вітае моладзь, даючы ёй наказ на будучую стваральную працу на карысць краіны, а дзесятка лепшых з лепшых атрымлівае Падзяку Прэзідэнта за выдатныя поспехі ў вучобе і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Сёлета адбудзецца і такі ўрачысты момант: Клятву вернасці дзяржаве і каштоўнасцям, якія прыняты ў нашым грамадстве, прамовяць заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў Іна Жукава, урач Алег Румо, які ажыццявіў першую ў краіне аперацыю па перасадцы печані. Выпускнікі ж прысягнуць гэтай клятве.

Дарэчы, выпускнікоў творчых ВНУ - удзельнікаў Рэспубліканскага балю - 29 чэрвеня чакае яшчэ адна сустрэча. А 15-й гадзіне ў Гарадской ратушы Мінска іх прывітае міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка.

На здымку: Паліна Тамашэўская, Улада Шацкая, Яўген Ермалковіч, Вольга Кулік, Павел Канановіч, Вераніка Броўка.

Фота Юрыя ІВАНОВА