Не трэба нам бераг турэцкі

№ 24 (790) 16.06.2007 - 22.06.2007 г

Гэты куточак Віцебшчыны — унікальны. Не па ўрадлівасці глебы, а па харастве прыроды і багацці гісторыка-культурнай спадчыны. Ледзь не 70 працэнтаў тэрыторыі Расонскага раёна займаюць лясы. Дзве сотні азёраў і рэчак — як дыяменты ў аправе старасвецкіх бароў. Таму праект развіцця сельскага турызму назвалі тут “Блакітныя каралі Расонаў”. Маршрут злучыў два мясцовыя заказнікі — Чырвоны Бор і Сіньшу, уключыў не толькі прыродныя, але і культурна-гістарычныя адметнасці. Ініцыятыву старшыні Расонскага райвыканкама Пятра Пяткевіча падхапілі работнікі мясцовага аддзела культуры і ўладальнікі сялянскіх сядзіб. А 9 — 10 чэрвеня ў вёсцы Забор’е прайшлі трэці фестываль сельскага турызму “Заборскі фэст”, святы паляўнічых і рыбакоў, а ў час семінара-лабараторыі быў абагульнены раённы досвед турызму, назапашаны за тры гады.

Парункі прыроды і гісторыі 

Край крышталёвых росаў слаўны надзвычай багатай гісторыяй. Першыя згадкі пра Расоны адносяцца да 1552 года. Тутэйшыя землі зведалі нашэсці палкоў Івана Жахлівага.
 /i/content/pi/cult/119/422/Kultasvet2.jpg
 Дом пана Гласкі
У гады Лівонскай вайны ля зліцця рэк Нішчы і Дрысы была закладзена адна з найбольш умацаваных для свайго часу крэпасць “Сокал”. Ля вёскі Клясціцы ў ліпені 1812 года авангард рускіх войскаў пад камандаваннем генерала Якава Кульнева нанёс паразу французам, папярэдзіўшы нашэсце Напалеона на Пецярбург… У вёсцы Тродавічы знаходзіўся маёнтак Францішка Скарыны і ягонага брата Івана.
Ля возера Няшчодра нарадзіўся і вырас пісьменнік Ян Баршчэўскі… У гады Вялікай Айчыннай Пётр Машэраў быў камісарам партызанскай брыгады імя Ракасоўскага, якая базавалася ў лесе за вёскай Роўнае Поле…Пагадзіцеся, уся гэтая духоўная спадчына поруч з мясцовай чырвонакніжнай флорай і фаунай стварае самыя спрыяльныя ўмовы для развіцця інфраструктуры турызму не толькі экалагічнага і аграрнага, але і, так бы мовіць, асветніцка-пазнаваўчага.
Хіба ж можа такім пахваліцца якая-небудзь Анталія з бясконцымі і безаблічнымі пяцізоркавымі гатэлямі? Этнаграфія на нацыянальнай глебе, як паказвае практыка, прываблівае на расонскія зялёна-блакітныя маршруты не толькі цікаўных і няспешчаных беларускай прыродай і гісторыяй іншаземцаў, але і айчынных турыстаў, большасць з якіх, апрача краявідаў малой радзімы, нічога пакуль на беларускіх абсягах і не бачыла. Але цікаўнасць гэтая расце, як цеста на дражджах. Усё натуральна: сучаснаму чалавеку, стомленаму урбанізацыяй, неабыякаваму да экалагічных праблем, сорамна не ведаць, што робіцца за ягонай ваколіцай. Да таго ж, сельскі турызм — з’ява сацыяльная: гэта і далучэнне да прыроды і вясковага побыту, і магчымасць павышэння экалагічнай свядомасці, і дзейсны сродак нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, адраджэння сяла за кошт мясцовых сродкаў. Усе гэтыя прынцыпы не толькі адстойвае, але і мэтанакіравана рэалізоўвае старшыня Расонскага райвыканкама Пётр Пяткевіч, які перакананы, што турызм у сельскай мясцовасці павінен развівацца на прынцыпах партнёрства — паміж уладай, гаспадарамі вясковых турыстычных сядзіб і работнікамі ўстаноў культуры.
— Мы вучымся ператвараць недахопы ў перавагі, — распавядае Пётр Мяфодзьевіч. — Раён наш экалагічна чысты, але
 /i/content/pi/cult/119/422/Kultasvet1.jpg
маланаселены. Уся вытворчасць сканцэнтравана ў Наваполацку — адток працоўнай сілы непазбежны. Глебы не надта ўрадлівыя, але гісторыя і прырода - багатыя надзвычайна. На гэтым грунце тры гады таму і ўзнікла ідэя стварыць раённы турыстычны маршрут “Блакітныя каралі Расонаў”, каб выкарыстаць напоўніцу дарункі духоўнасці, гісторыі, прыроды з уз
аемнай карысцю і для раённага бюджэту, і для аматараў турызму, не толькі замежных, але і айчынных.
— Што лічыце на дадзены момант галоўным у развіцці расонскага турызму?
— Стварыць імідж! Каб за фірменным знакам “Блакітных караляў…” бачылі якасць абслугоўвання: гасціннасць, прафесійнасць, зручнасць, шматвектарнасць паслуг… На пазамінулым “Заборскім фэсце” іншаземны турыст, агледзеўшы першую ў раёне сельскую сядзібу “Кролава Хата” (вясковы дом з пакоямі на 10 чалавек, бібліятэкай, лазняй, камінам, цірам; побач — возера, бор; цудоўныя магчымасці для самых розных вандровак і экскурсій), заўважыў з веданнем справы: “Патрэбна разнастайнасць паслуг, каб і па-за межамі Забор’я прывабіць чымсьці цікавым!”. З гэтым цяжка было не пагадзіцца. Цяпер на маршруце — чатыры сельскія турыстычныя сядзібы: “Баброва Хата” ў вёсцы Уклеенка, “Дземех” у аднайменным паселішчы, “Харэнь” у Клясціцах і гаспадарка Аляксандра Крола ў Забор’і. У час апошняга “Заборскага фэсту” ўрачыста адкрылі Дом паляўнічага ў Янкавічах. У планах — арганізацыя яшчэ сямі турыстычных сядзіб…
— Што чакае турыста ў Расонах апрача магчымасці пажыць у сельскай хаце з гарадскімі зручнасцямі, нацешыцца лясной цішай, зборам грыбоў ды ягад?
— З сёлетняга года традыцыйным стане адкрыццё рыбалоўнага сезона з удзелам не толькі землякоў з Полацка і Наваполацка, але і ўсіх жадаючых з Беларусі і замежжа. Лічу, што тут дамагліся лідзерства ў рэспубліцы — інакш, напэўна, у нашым багатым на рыбу краі і быць не можа.
Многага дабіліся ў арганізацыі палявання. Дараслі да таго, што цяпер можам даваць у прэсе аб’явы на прадастаўленне гэтых паслуг на базе паляўнічай сядзібы “Павалішына” Расонскага лясгаса. І не толькі замежнікі могуць сюды прыехаць па трафеі, але і беларускія аматары палявання. Умовы пражывання — еўрапейскія, кошты — цалкам прымальныя…
— Якія функцыі ў турыстычным бізнесе выконвае мясцовы аддзел культуры?
— Досыць канкрэтныя: канцэртна-экскурсійнае абслугоўванне любога мерапрыемства. У нашага Расонскага музея баявой садружнасці распрацаваны канкрэтны экскурсійны маршрут, звязаны з вайной 1812 года і Вялікай Айчыннай. Транспарт забяспечвае аддзел культуры. У экскурсіях, якія заўжды заканчваюцца юшкай у Музеі партызанскага побыту пад адкрытым небам за вёскай Роўнае Поле, з задавальненнем бяруць удзел не толькі школьнікі, але і ветэраны мінулай вайны з Беларусі, Расіі і Латвіі, а таксама замежнікі, якія з кожным годам праяўляюць да маляўнічай Расоншчыны ўсё большы інтарэс…Дарэчы, рашэннем райвыканкама нашаму аддзелу культуры ў красавіку выдадзена ліцэнзія на права ажыццяўлення рознічнага гандлю і грамадскага харчавання. Маецца на ўвазе гандаль прадукцыяй уласнага вырабу на кірмашах, выязных мерапрыемствах і выстаўках, без якіх турызм на сяле не можа быць паўнацэнным… З мая па ўстановах культуры ўводзім новыя віды платных паслуг, якія турыстам даўно прыйшліся даспадобы: аглядавыя экскурсіі па аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны райцэнтра, выязныя канцэрты народных калектываў, у тым ліку і на любую з турыстычных сялянскіх сядзіб ці ў Дом паляўнічага, канцэртныя мерапрыемствы “Дзень імянінніка”, экскурсійнае абслугоўванне ў Музеі партызанскага побыту з тэатралізаваным прадстаўленнем (першае прайшло ў сёлетні Дзень Перамогі), якое распавядае пра колішнія партызанскія будні брыгады імя Ракасоўскага.“Заборскі фэст” распачынае летні сезон. Услед за ім — штотыднёвыя святы вёсак (не абдзелена ўвагай нават самая малалюдная і аддаленая), якія аддзел культуры ладзіць у кожны з летніх выхадных. Сцэнарыі распрацоўваюцца з абавязковым удзелам выканкамаў сельсаветаў. Сцэнарыі прадугледжваюць ушанаванне лепшых працаўнікоў вёскі, а самі святы — відовішчныя і самабытныя, іх вытокі — у нашых расонскіх традыцыях. І госці раёна не раз пераконваліся, што вясковыя фэсты — не фармальныя: кожны з іх — маленькі партрэт малой радзімы, намаляваны з душой і любоўю. Лічу, што такія мерапрыемствы — вельмі яркая фарба ў агульнай карціне культурнага жыцця раёна.
І ёсць пэўная аддача ад дзейнасці, заснаванай на прынцыпах партнёрства адміністрацыі раёна, гаспадароў турыстычных сядзіб і работнікаў культуры Расоншчыны. Канешне, мы толькі вучымся, але паступальны рух у развіцці сельскага турызму ўжо заўважны. І самае галоўнае — на адпачынак да нас можа прыехаць любы — не “па блаце”, а па аб’яве ў газеце ці праз Інтэрнет. 

“Пакажыце мне Радзіму” 

З аматарам аўтатурызму Мікалаем мы сустрэліся на вячэрніх вуліцах Расонаў. “Адкуль?” — запыталіся. — “З боку Лепеля”, — не вельмі ахвотна адказаў Мікалай, апусціўшы бакавое шкло новай “мазды”. А калі даведаўся, што мы журналісты, прыкметна ажывіўся: “Першы дзень водпуску ў мяне, вось і рвануў на Расоншчыну — кажуць, рыбалоўны рай тут. Але і гарадок, аказваецца, цікавы… Вось гэты палац, да прыкладу, чый?”. Дзякаваць Богу, мы ўжо ў Расонах — людзі больш-менш дасведчаныя: у першай палове дня нашай адукацыяй без стомы займаліся начальнік аддзела культуры Расонскага райвыканкама Святлана Волкава і дырэктар Музея баявой садружнасці Ніна Свяжынская. Таму і паглядаем на турыста-пачаткоўца звысоку: “Гэта не палац, а дом пана Гласкі — помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя. Закахаўся пан у маладую немку. Тая ўмову паставіла: “Пабяруся з табой, калі шыкоўны дом узвядзеш”. Такі і з’явіўся ў Расонах незвычайны па прыгажосці будынак. Цяпер у ім — Цэнтр пазашкольнай работы”. перевод документов нотариус  Мікола, пачуўшы разгорнуты адказ, засмяяўся: “Хлопцы, вы ўсё ведаеце — пакажыце мне Радзіму”…Ды нічога мы, Мікола, таксама не ведаем пра Бацькаўшчыну, хоць і матляемся па журналісцкіх камандзіроўках ледзь не штотыднёва. Беларусь, як мудрую кнігу з цудоўнымі ілюстрацыямі, трэба чытаць павольна і ўважліва. Чытаць і перачытваць — інакш не зразумееш голасу зямлі, сутнасці людскіх слоў і ўчынкаў…Начальнік аддзела культуры Расонскага райвыканкама С.Волкава расказвае нам пра мясцовых людзей, ініцыятыўных, зацікаўленых у адраджэнні беларускай вёскі, без якіх праект “Блакітныя каралі Расонаў” так і застаўся б праектам. Літаральна ў кожнай вёсцы ёсць апантаныя перспектывай адраджэння раёна, пераўтварэння яго ў першую беларускую турыстычную Меку. Адна з такіх — дырэктар Расонскага музея Н.Свяжынская.
— Імкнёмся растлумачыць нашым школьнікам, на якой зямлі яны жывуць, — распавядае Ніна Мікалаеўна, — каб ведалі, ганарыліся, дзецям і ўнукам сваім давялі, што дом Гласкі ў Расонах — помнік архітэктуры канца ХІХ стагоддзя; а царква Узнясення Гасподня, пабудаваная ў 1879 годзе з мясцовага бутавага каменя, узноўлена з любоўю на пачатку 1990-х і ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей; што Расоншчына — край мужных людзей, якія ў час ваеннага ліхалецця змагаліся з чужынцамі і адстаялі Радзіму…. Фашысты ў раёне спалілі 109 вёсак разам з насельніцтвам. Жыццё ўзнавілася толькі ў Клясціцах, Паўлаве ды Прохараве. Таму асноўны наш экскурсійны маршрут палягае менавіта па гэтых мясцінах.Помнік жыхарам вёскі Велье, спаленай у час Вялікай Айчыннай, але не адноўленай… Курган у Клясціцах на месцы колішняга канцлагера для грамадзянскага насельніцтва, мемарыял загінуўшым у час вайны 1812 года і Вялікай Айчыннай… Наш філіял — Музей партызанскага побыту пад адкрытым небам, дзе экскурсантаў чакае даглядчык з абавязковай юшкай на партызанскім вогнішчы… Музейны маршрут — частка “Блакітных караляў…”Паслугі — платныя. А аўтатранспарт заўжды забяспечвае аддзел культуры…У экскурсіях з задавальненнем бяруць удзел не толькі школьнікі, але і турысты з Беларусі і замежжа. Мара Машэрава — ініцыятара стварэння Музея баявой садружнасці партызанаў Беларусі, Расіі і Латвіі, збываецца: Расоншчына становіцца не толькі краем прафесійнага турызму, але і заваёўвае міжнародны аўтарытэт як зямля, дзе не забываюцца на мінулае Бацькаўшчыны…
Дарэчы, як паведаміла С.Волкава, леташні план установы культуры раёна выканалі, зарабіўшы 53,6 мільёна рублёў; з сёлетнім (62 мільёны) таксама паспяхова спраўляюцца — на пачатак чэрвеня выкананне склала ледзь не 30 мільёнаў. Грошы — рэч важная, але, напэўна, не галоўная. Расоншчына (бадай, самы маленькі раён Беларусі) сёння старанна і мэтанакіравана вучыцца не толькі любіць і ведаць сваю Радзіму, але і зараджае гэтай любоўю-павагай шматлікіх гасцей.Турыстычнае кольца “Блакітныя каралі Расонаў” мае даўжыню прыкладна 200 кіламетраў. Рушыць па ім можна на легкавіку, веласіпедзе, байдарцы, кані, лыжах… У час пазалеташняй міжнароднай эканамічнай экспедыцыі па развіцці зялёнага турызму і захаванні прыродных рэсурсаў замежны эксперт Тод Комен, агледзеўшы прыроду раёна, сялянскія сядзібы і пазнаёміўшыся з вяскоўцамі, канстатаваў: галоўная перавага рэгіёна — людзі, якія зацікаўлены ва ўстойлівым развіцці Расоншчыны за кошт агра- і экатурызму. 

Вёска Янкавічы  

У першы дзень “Заборскага фэсту” тут урачыста была адкрыта паляўнічая база “Павалішына” Расонскага лясгаса. Для дырэктара мясцовага СДК Уладзіміра Гаўрыловіча і мастацкага кіраўніка
 /i/content/pi/cult/119/422/Kultasvet3.jpg
 "Крыніцы" Янкавіцкага СДК
народнага фальклорнага ансамбля “Крыніцы” Надзеі Кавалёвай субота тая была напоўнена клопатам да мяжы: калектыў з 30-гадовай гісторыяй выступаў перад усімі паляўнічымі раёна. У прынцыпе, не навіна: на працягу года віртуозныя спевы “Крыніцы” ўражвалі і шатландцаў, і канадцаў, і палякаў з бельгійцамі, якія ўжо цудоўна ведаюць Янкавічы як сталіцу беларускага палявання (дзікі тут уночы нават на падвор’і заходзяць у пошуку пачастунку).
Галоўны ляснічы Уладзімір Карповіч распавядае, што сутачнае пражыванне ў новым Доме паляўнічага будзе каштаваць для замежніка 30 еўра, столькі ж — егерскія паслугі, а здабыча трафею (ад качкі да дзіка) — ад 150 да тысячы еўра. Але не толькі замежнікам тут паляўнічы рай: прыязджалі некалькі сем’яў з Полацка, даведаліся, што ў паслугах мясцовай базы ёсць святкаванне дзён народзінаў (з пражываннем — 8 спальных месцаў, лазняй, харчаваннем ды песнямі), сталі, так бы мовіць, у чаргу, бо кошт адпачынку зусім людскі — 200 тысяч за суткі. Летась база зарабіла 40 мільёнаў рублёў ад турызму, сёлета — ужо 20.
А назва паляўнічай базы — ад прозвішча Іларыёна Павалішына, віцэ-адмірала Паўночнага флоту. У 1790 годзе ён атрымаў гэтыя землі ад Кацярыны ІІ. Пабудаваў тут першую на Расоншчыне бальніцу і царкоўна-прыходскую школу. Пахаваны ў Янкавічах, у родавым склепе… 

Вёска Клясціцы  

Галоўны цуд паселішча — сялянская сядзіба “Харэнь” (па прозвішчы гаспадароў-сужэнцаў Алы і Генадзя). Ізноў тут месца для гаворкі пра шчыльнае ўзаемакарыснае партнёрства. Дырэктар Клясціцкага СДК Любоў Прыбарэц згадвае, што па першым запыце гаспадароў сядзібы іхні фальклорны калектыў выступае перад гасцямі з песнямі, прыпеўкамі і танцамі. Дарэчы, на “Заборскім фэсце” ансамбль з Клясціцаў з поспехам выступіў у вёсцы Юхавічы ля возера Белае на першым раённым свяце рыбака.
Ала Харэнь за разгортванне турыстычнай справы ў роднай вёсцы ўзялася некалькі гадоў таму, папрацаваўшы ў мясцовым калгасе галоўным аграномам. Цяпер яна — член сялянска-фермерскай гаспадаркі — філіяла рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”, старшыня раённай прыродаахоўнай арганізацыі “Эка-Росы”. За апошнія гады з’явілася не толькі сядзіба “Харэнь” — фермерская гаспадарка з вялікай хатай на беразе ракі Нішча, дзе ў любую пару года можа адпачыць да 8 чалавек: за кошт дзяржаўных крэдытаў Ала разам з Генадзем, колішнім калгасным вадзіцелем, абсталявала сядзібу “Лукіча” (былы дом колішняга мясцовага настаўніка), дзе таксама высокі ўзровень абслугоўвання і захавання ўсіх санітарных умоў для адпачынку 6 турыстаў. У планах — “Сядзіба рыбака” па другі бок Нішчы (амаль гатовая) і сядзіба “Чайная”, дзе панаваць будзе культ здаровай сялянскай ежы і самых розных напояў, настоеных, па старадаўніх дзядоўскіх рэцэптах, на палявых ды лясных зёлках. А яшчэ Генадзь хоча ўзвесці ля фермерскіх сядзіб дзіцячы гарадок.
— Летась на свой рахунак запісалі 500 чалавекадзён паўнацэннага адпачынку і замежных, і айчынных турыстаў, — расказвае Ала Мікалаеўна. — Усе расходы пакуль кампенсуем. Імкнёмся працаваць на развіццё справы. Натуральна, шлях не з лёгкіх, бо рухаемся, лічы што, навобмацак, без пэўнай заканадаўчай базы. Дапамагае прэзідэнцкі Указ № 372 ад 2 чэрвеня 2006 года “Аб некаторых мерах па дзяржаўнай падтрымцы развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь”, згодна з якім атрымалі мы і рэгістрацыю па заяўленчым прынцыпе, і палёгку ў падаткаабкладанні. Гэта вельмі важна.
Каб беларускі сельскі турызм развіваўся няўхільна, патрэбна далейшая дзяржаўная падтрымка ініцыятыўных людзей. Толькі пры аптымальнай колькасці нарматыўных патрабаванняў яны змогуць на першым этапе сваёй дзейнасці павысіць матэрыяльны ўзровень для далейшага абсталявання турыстычных сядзіб…
 /i/content/pi/cult/119/422/Kultasvet4.jpg

 Кірмаш на "Заборскім фэсце"


Што ж прапаноўваюць Ала і Генадзь сваім гасцям? Дойка каровы, касьба рознатраўя прывабіць хіба што карэнных гараджан ды ахвочых да вясковага экстрыму замежнікаў. А вось рыбалка, паляванне, сельская лазня, вандроўкі (па рацэ — на лодцы, па лесе і вёсцы — на кані) падабаюцца ўсім без выключэння… А мы, са свайго боку, заяўляем чытачу цалкам аўтарытэтна: калі вы яшчэ не частаваліся карасямі (велічынёй з парсючка — не хлусім!), засмажанымі па рэцэпце Генадзя Харэня, дык жыццё ваша было марным. Кідайце ўсё — і да Харэняў на сядзібу…
Ала Мікалаеўна, сапраўды, чалавек дзяржаўны. Турыстычны досвед пераймала ў Польшчы, ЗША. Пераканалася: дробязей у арганізацыі турызму быць не можа. Маўляў, працуем не толькі на сябе, але і на імідж дзяржавы. А як кіраўнік “Эка-Росаў” Ала Харэнь выступае супраць неапраўданых лесавырубак, перакананая, што з ростам папуляцыі мясцовай дзічыны змагацца трэба не столькі шляхам яе паляўнічага адстрэлу, колькі арганізацыяй міжнародных экакалідораў, каб частка тых дзікоў, адчуўшы, што ім цесна на Расоншчыне, свабодна мігрыравала ў замежжа.Таму і прымае ўдзел у шведска-латышска-беларускіх праектах “Даўгава — Дзвіна”, галандска-беларускіх “Беларусь — жывая вёска”, бо разумее: у прыроды, як і ў дабрыні, няма дзяржаўных межаў… А яшчэ Ала Мікалаеўна кіруе на грамадскіх пачатках Раённым цэнтрам падтрымкі сельскага прадпрымальніцтва. Перажывае, што мара займець камп’ютэр з Інтэрнетамдля прамых стасункаў з патэнцыяльнымі кліентамі застаецца пакуль марай.
Дзве каровы, нецель (на свінаматку сёлета грошай не хапіла), 20 гектараў зямлі пад зерневыя і бульбу, прыборка ў сядзібах, прыгатаванне абедаў (“Гэта ў замежжы ежа — хуткая, а на Беларусі — толькі павольная ды ўдумлівая!”) — і як толькі на ўсё ў Харэняў часу і сіл хапае! 

Вёска Роўнае Поле  

Ля помніка брыгадзе імя Ракасоўскага, дзе камісарам быў Пётр Машэраў, замуравана капсула з ветэранскім зваротам да нашчадкаў і надпісам: “Ускрыць 9 мая 2045 года”. Сярод подпісаў на звароце ёсць і аўтограф Канстанціна Мікалаевіча Палявечкі, які пайшоў у атрад да Машэрава ў 15-гадовым узросце. Ля ляснога возера на ўзгоркупартызанскія зямлянкі. Цішу парушае толькі зязюля. Усё прасякнута памяццю пра мінулую жорсткую вайну. Палявечка, уладкаваўшыся пад летняй паветкай, узгадвае, як на пачатку 2000-х ён у апошні раз сустракаўся тут з жонкай МашэраваПалінай Андрэеўнай, і як у час вайны менавіта адсюль адпраўляліся партызаны ўзрываць масты пад Себежам і нішчыць фашысцкія гарнізоны ў ЛітвеІдэю тэатралізаванай дзеі з партызанскага жыцця падказаў старшыня райвыканкама Пётр Пяткевіч. Яе падхапіў і ажыццявіў на Дзень Перамогі аддзел культуры. У спектаклі заняты дзесяткі людзей, а сама дзея ў сапраўдным лясным антуражы ўразіла сотні гледачоў. “Нідзе фальшу не заўважыў. Проста выдатна!” — ацаніў Канстанцін Мікалаевіч.Старт лету
“Заборскі фэст” — трэці па ліку — закончыўся, даўшы старт летняму сезону турыстычных адпачынкаў на Расоншчыне. Святочныя кірмашы рамёстваў, канцэртныя праграмы, знаёмствы з зялёнымі маршрутамі, спевы ля вогнішчаў сталіся надта арганічным фонам для сур’ёзнай гутаркі ў час семінара па праблемах сельскага турызму.
Удзельнікі навуковай лабараторыі “Заборскага фэсту” — прадстаўнікі ўлады, гаспадары сялянскіх сядзіб — былі далёкія ад думкі, што беларускі турызм — сістэма адпрацаваная і вывераная. Гаворка ішла пра далейшую карпатлівую работу на прынцыпах узаемакарыснага партнёрства. Унармаванасць продажу паслуг на беларускім рынку сельскага турызму, адмова ад паслуг турыстычных фірм, больш дасканалая рэгістрацыя замежных вандроўнікаў, заахвочванне ініцыятывы па стварэнні турыстычных вясковых сядзіб, арганізацыя прыдарожнага сэрвісу, далейшае развіццё турыстычнай інфраструктуры ў рэгіёне — тыя пытанні, над вырашэннем якіх сёння і працуюць расонскія энтузіясты. Быць першым заўжды цяжка, але неаспрэчна і іншае: Расоншчына ад уласных турыстычных прыярытэтаў адступаць не збіраецца.У канцэпцыі ўстойлівага развіцця Расонскага раёна, распрацаванай грамадскасцю ў верасні мінулага года, першым пунктам пазначана: “Расоншчына — самы экалагічна чысты рэгіён у Беларусі, і жыццё людзей у гэтых ідэальных прыродных умовах павінна быць набліжана да еўрапейскіх стандартаў”. Правільна пастаўленая мэта — зарука агульнага поспеху. І, дзякаваць Богу, гэта пачынаюць разумець не толькі ў Расонах. І значыць, сотня сённяшніх турыстычных сельскіх сядзіб Беларусі — толькі пачатак стварэння адзінага нацыянальнага турыстычнага кольца рэспублікі.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ,
Андрэй СПРЫНЧАН (фота),
нашы спецкарэспандэнты
Мінск — Расоны —Янкавічы 
Клясціцы — Роўнае
Поле — Мінск 

11У маі ва ўстановах культуры Расонскага раёна ўведзены новыя віды платных паслуг для турыстаў: экскурсіі, канцэрты, спектаклі пад адкрытым небам...