Сярод бэзавай завеі…

№ 25 (945) 19.06.2010 - 25.06.2010 г

Шляхамі Памяці вырашылі прайсці ўдзельнікі акцыі “Салдат, мы памятаем подзвіг твой” аддзела культуры Бярозаўскага райвыканкама.

/i/content/pi/cult/271/4214/12-5.jpgІніцыявала яе цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. Бібліятэкары распрацавалі сцэнарый віртуальнай літаратурна-музычнай кампазіцыі "Прыйдзі да Вечнага агню" (матэрыял ёсць і на электронным носьбіце), творча ўвасобленай удзельнікамі літаратурна-паэтычнай групы. У яе складзе - чытальнікі-дэкламатары Жанна Дырул, Аляксандра Шындыч, Вольга Віскова, Ганна Шульган, вядучыя Кацярына Ляўковіч і Галіна Крывапуст, а таксама і выканальніцкая група народнага хору народнай песні "Вінец" Равяціцкага СДК пад кіраўніцтвам Тамары Каспярчук.

 Культработнікі на бібліобусе наведалі жыхароў вёсак Галавіцкія, Навое, Совіна. Усюды сабралася шмат людзей. Загадзя аб мерапрыемстве ім абвясціла бібліятэкар аўтакніжніцы Галіна Крывапуст, якая гэтымі маршрутамі рэгулярна дастаўляе насельніцтву літаратуру, бо ў названых вёсках няма стацыянарных устаноў культуры.

Сустрэчы растрывожылі душы, памяць... Сярод цішыні, пад купалам сіняга неба, сярод бэзавай завеі гучалі рэквіемныя радкі паэзіі...

Акцыя доўжыцца. Наступны маршрут бібліобуса праляжа праз аддаленыя вёскі - Мінкі, Галіцы.

Ала ДРАГАН, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай ЦБС