Наш голас у Балгарыі

№ 25 (945) 19.06.2010 - 25.06.2010 г

Днямі ў Малой зале гарадскога Палаца культуры ў Барысаве адбыўся канцэрт народнай харавой капэлы “Светач” — дыпламанта фестываляў праваслаўных спеваў у Гродне і Мінску, міжнародных форумаў духоўнай музыкі “Магутны Божа” ў Магілёве.

Калектыў быў створаны ў 2001 годзе на базе Старабарысаўскага сельскага дома культуры. Арганізатар і кіраўнік яго - выкладчык мясцовай Школы мастацтваў Ганна Храпко.

Цяпер у "Светачы" - 22 чалавекі. Гэта настаўнікі музычных школ, супрацоўнікі ўстаноў культуры Барысаўшчыны.

З 2007 года капэлу ўзначальвае Аксана Задарожная. У калектыў прыйшлі новыя выканаўцы, распачалася актыўная канцэртная дзейнасць. Рэпертуар калектыву вельмі разнастайны: гэта класіка, духоўныя творы, народная музыка, кампазіцыі сучасных аўтараў...

Капэла цесна супрацоўнічае з прыходам храма Святога дабравернага князя Дзмітрыя Данскога. Вось чаму праграму канцэрта адкрыў трапар гэтаму святому. Далей прысутныя пачулі розныя спевы і малітвы ў апрацоўцы вядомых рускіх кампазітараў.

Днямі калектыў выправіўся ў Балгарыю, дзе прадстаўляе Барысаўшчыну і Беларусь на Міжнародным фэсце праваслаўнай музыкі "Святая Багародзіца годная ёсць".

 Анатоль МАЗГОЎ Барысаў

На здымку: на сцэне народная харавая капэла "Светач". Фота аўтара