Калектыў быў створаны ў 2001 годзе на базе Старабарысаўскага сельскага дома культуры. Арганізатар і кіраўнік яго - выкладчык мясцовай Школы мастацтваў Ганна Храпко.
Цяпер у "Светачы" - 22 чалавекі. Гэта настаўнікі музычных школ, супрацоўнікі ўстаноў культуры Барысаўшчыны.
З 2007 года капэлу ўзначальвае Аксана Задарожная. У калектыў прыйшлі новыя выканаўцы, распачалася актыўная канцэртная дзейнасць. Рэпертуар калектыву вельмі разнастайны: гэта класіка, духоўныя творы, народная музыка, кампазіцыі сучасных аўтараў...
Капэла цесна супрацоўнічае з прыходам храма Святога дабравернага князя Дзмітрыя Данскога. Вось чаму праграму канцэрта адкрыў трапар гэтаму святому. Далей прысутныя пачулі розныя спевы і малітвы ў апрацоўцы вядомых рускіх кампазітараў.
Днямі калектыў выправіўся ў Балгарыю, дзе прадстаўляе Барысаўшчыну і Беларусь на Міжнародным фэсце праваслаўнай музыкі "Святая Багародзіца годная ёсць".
Анатоль МАЗГОЎ Барысаў
На здымку: на сцэне народная харавая капэла "Светач". Фота аўтара