Версіі касцюма

№ 25 (945) 19.06.2010 - 25.06.2010 г

Рэспубліканскі семінар “Традыцыйны касцюм беларусаў у сучасным сацыякультурным асяроддзі: праблемы захавання, рэканструкцыі, стылізацыі” арганізаваў Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

Менавіта работнікі культуры на месцах могуць паўплываць на тое, каб традыцыйны касцюм беларусаў у яго аўтэнтычным выглядзе ўвайшоў праз пэўны час у Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Эксперт ад Рэспублікі Беларусь у Міжурадавым камітэце UNESCO па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны Ала Сташкевіч заклапочана тым, як змяняецца знешні выгляд нацыянальнага строю пад уплывам тых, хто бяздумна імкнецца зрабіць яго "сучасным": "Неаднойчы назірала, як кіраўнікі танцавальных і вакальных калектываў прыносяць на зацвярджэнне ў Спіс спадчыны народныя касцюмы, аздобленыя люрэксам, бліскаўкамі... Можна ж змяняць знешні выгляд строяў, не змяняючы сутнасці. На жаль, многія на гэта забываюцца".

Дацэнт кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДУКіМ Людміла Дамнянкова адзначыла: для таго, каб нацыянальны беларускі касцюм захоўваўся і развіваўся ў неабходным кірунку, патрэбна адукацыя для яго стваральнікаў. "Як правіла, прафесійныя беларускія калектывы маюць прыгожыя якасныя строі, а аматарскія вельмі часта не задумваюцца над тым, наколькі гэта прынцыповая рэч. Іх кіраўнікі ствараюць адзенне, "падгледзеўшы" прыклады на рэгіянальных канцэртах".

Як максімальна захаваць рэгіянальны касцюм без страт у якасці, як "апрануць" мноства калектываў, удзельнікі якіх - рознага ўзросту? Пра свой удалы досвед расказаў галоўны спецыяліст аддзела культуры Любанскага райвыканкама Сяргей Выскварка. Яго запрасілі да ўдзелу ў Міжнароднай канферэнцыі краін СНД па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, што адбудзецца вясной наступнага года ў Беларусі.

Пра сучасную стылізацыю сцэнічнага касцюма для прафесійных харэаграфічных калектываў Беларусі расказаў на другі дзень канферэнцыі дацэнт кафедры касцюма і тэкстылю Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Юрый Піскун, які ўжо шмат гадоў супрацоўнічае з ансамблем "Харошкі". Як "адаптаваць" традыцыі нацыянальнага касцюма да сучаснага асяроддзя - на гэтую тэму выказваліся ўдзельнікі семінара на "круглым стале".