“Карагод наш пастаўскі – ён усіх зачараваў...”

№ 24 (790) 16.06.2007 - 22.06.2007 г

Паветра ў Паставах пахне рэчкай Мядзелькай, маленькай рыбкай сяляўкай, жоўтымі гарлачыкамі і ярка-чырвонымі лілеямі, завезенымі сюды не так даўно ад ксяндза Булькі... Цымбалы і гармонікі гучаць паўсюль. Музыка і песні з розных краёў дапамагаюць забыцца нават на агністае сонейка. Нічога, акрамя музыкі! Увесь гарадок — у імправізаваных сцэнах. У цэнтры Паставаў — самая вялікая і сучасная, на ёй з камфортам выступае маэстра Міхаіл Казінец з Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам імя І.Жыновіча. А ў Доме культуры некалькі гадзін запар ідзе традыцыйны конкурс “Хто каго?”. У парку ўдзельнікі фестывалю даюць гала-канцэрт, які завяршае заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, ансамбль народнай музыкі “Бяседа” пад кіраўніцтвам Леаніда Захлеўнага.

Пад цымбальныя звоны
Разліваюцца песні,
Пачынаецца фэст.
З “Пастаўскай прывітальнай”.

 /i/content/pi/cult/119/421/Pastavy1.jpg
Народны ансамбль народных інструментаў "Заранка" з Гомеля
Фестываль народнай музыкі ў Паставах, які цудоўна ведаюць у Латвіі, Эстоніі, Літве, Малдове, Украіне і Расіі, дасягнуў у сваім развіцці апагея. Гэта адзначылі ўсе, у тым ліку і члены прадстаўнічага журы, у якім старшыняваў народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар Міхаіл Казінец, і вядомы сваёй падзвіжніцкай дзейнасцю на тэлебачанні Мікола Котаў, які ў час фестывалю здымаў новую праграму “Спявай, душа!”, і жыхары наваколля, бо ў Паставах сабраліся тысячы вяскоўцаў з мясцовых вёсак.
— Гэта духоўны зарад на ўвесь год, — прызнаўся Уладзімір Клімянценка з Лёзна, мастацкі кіраўнік гурта народнай музыкі “Кума” Адаменскага СДК. — Было дзевяць фестываляў, а гэты — лепшы за ўсе! Ведалі б вы, як мы чакалі фестываль, як рыхтаваліся да яго!
Уладзімір прыціскае да грудзей невялічкі прыгожы гармонік. Ён любоўна расфарбаваны самім музыкам.
— Многія лічаць, — расцягвае ён весела мяхі, — што гармонікі адыходзяць, што гэта інструмент з мінуўшчыны, што даўно эстрада захапіла моладзь. Я не згодны! Як без гармоніка на вёсцы?! Разам з цымбаламі— гэта першы інструмент. Наш маладзечанскі гармонік таксама ў цане...
Мы стаім пад дрэвамі і чакаем, калі ж здарыцца яшчэ адзін маленькі цуд. Тут, у Паставах, на нашых вачах закладваецца камень, на месцы якога праз пэўны час з’явіцца незвычайны помнік народным музыкам. Такога, напэўна, няма ў свеце.
 /i/content/pi/cult/119/421/Pastavy2.jpg

— Гэта наш эксклюзіў,— паведамляе старшыня Пастаўскага райвыканкама Эдуард Казура. — Ушануем усіх, хто нясе сваю музыку людзям.
Злятае з каменя белае покрыва. Ціха грае гармонік Уладзіміра Клімянценкі. Дзяўчаты з “Кумы” выконваюць прыпеўкі. Гучаць цымбалы. Самы час узгадаць знакамітага Антонія Тызенгауза, які шмат зрабіў для развіцця мастацтваў і рамёстваў у гэтых мясцінах. Вельмі чакалі прыезду ініцыятара фестывалю Тадэвуша Стружэцкага з Польшчы, але завітаць у Паставы саветнік Пасольства Рэспублікі Беларусь у Польшчы не змог, даслаў прывітальную тэлеграму.
“Музыка плошчаў розных народаў” — менавіта так назваў сваю канцэртную праграму Міхаіл Казінец. Было ўжо позна, але ніхто не сыходзіў з пляца. Народ не проста слухаў канцэрт, а нібы ўдзельнічаў у ім. Прызнацца, я даўно не чула такога стыльнага выканання!
— Мы прыехалі з Масквы і перадаём прывітанне ад 80-тысячнай беларускай дыяспары, — гаворыць Ірына Капчынская з ансамбля “Кірмаш”. — Хоць і жывём у Маскве, але выконваем старадаўнія беларускія песні, вельмі цікавімся і нацыянальнымі строямі. Шануем мову, жадаем, каб яна гучала і ў песнях, і ў школах...
 /i/content/pi/cult/119/421/Pastavy4.jpg
 Падчас вячэрняга канцэрта
Адспявалі, адыгралі конкурсныя нумары артысты з розных краін, а потым усе разам станцавалі беларускую полечку-трасуху, спелі “Касіў Ясь канюшыну” — неўміручую спадчыну мулявінскіх “Песняроў”. Мяхі гармонікаў, званочкі цымбалаў... Хвалявалі сэрца лірычная “Скарбніца” з Астраўца, зухаватыя “Аношкаўскія музыкі” з Міншчыны, самабытная “Заранка” з Гомеля, меладычная “Заманіха” з Полацка, лірычныя “Лірнікі” з Баранавіцкага раёна... А трыо гарманістаў з Віцебска “Дабрадзеі” сваім мастацтвам проста ўзарвалі залу! Ансамбль народнай музыкі “Малта” з Латвіі і сельскую капэлу з Літвы слухаў бы і слухаў...
У конкурсе “Хто каго?” шмат розных намінацый: ансамбль народных інструментаў, народнай музыкі, інструментальныя дуэты, трыо, выканаўцы на народных інструментах, прыпевачнікі, а таксама — лепшыя майстры музычных інструментаў. Горача было на сцэне. Напружанне адчувалася і сярод членаў журы: каго “пожурить”, каго прызнаць пераможцам. Гарманісты Васіль Семашкевіч і Міхаіл Папруга, Юліян Кашэўскі і Міхаіл Касцюкевіч — у кожнага адметны стыль, кожны віртуозна валодае інструментам. Усе атрымалі прызы. А лаўрэатам стаў гарманіст Міхаіл Сіняк: цудоўнае выкананне сляпога музыкі ўразіла ўсіх.
Мне спадабалася ігра ансамбля беларускіх народных духавых інструментаў “Кардуус” пад кіраўніцтвам Ігара Мангушава: старажытная музыка ў цудоўнай аранжыроўцы эстрадных джазавых кампазіцый. Лаўрэатам стаў Віктар Кульбін — адзін з удзельнікаў “Кардууса”, майстар, які стварае цудоўныя трубы. Адзначана і выканаўчае майстэрства калектыву. Лаўрэатамі фестывалю таксама сталі народны ансамбль народнай музыкі і песні “Мінскія музыкі”, вакальны ансамбль “Лаўят” з Эстоніі. Ніхто з удзельнікаў не пакрыўджаны — для ўсіх знайшліся прызы і дыпломы. Так прынята ў Паставах. Слёзы — толькі ад радасці. Усе гэтыя дні тут дзейнічаў Горад майстроў мясцовага Цэнтра рамёстваў. Свае вырабы дэманстравалі і майстры з іншых гарадоў — напрыклад, Сяргей Шыла з Мінска прывёз экспанаты свайго рэдкага музея “1000 прадметаў даўніны”. Журы былі адзначаны і кулінары народнай кухні.
Да наступнага лета, Паставы!

Вольга ЯГОРАВА, наш спецкар.
Мінск — Паставы — Мінск
Фота аўтара