З месяц таму на Навагрудчыну прыязджаў ірландзец з характэрным для сваёй краіны прозвішчам О'Рурк. Больш за ўсё яго цікавіла вёска Уселюб. І на тое былі свае прычыны.
Абедзве галоўныя адметнасці Уселюба размешчаны акурат паабапал дарогі. Найстаражытнейшы касцёл на Беларусі асаблівых рэкламацый не патрабуе. Тым болей, сёння яго "тэхнічны" стан блізкі да ідэальнага. На арыгінальных мурах першай паловы XV стагоддзя відаць навюткія вадасцёкавыя трубы. Ды і дагледжанасць навакольнай тэрыторыі прыемна ўражвае.
Але ж ірландскага госця цікавіла перадусім іншая адметнасць...
Перайшоўшы праз дарогу, трапляеш у гушчары, дзе, аднак, яшчэ праглядаюцца парэшткі паркавай планіроўкі. Непадалёк ад прыгожай сажалкі трапляюцца і будынкі колішняй сядзібы. У адным з іх жывуць людзі. На другім усё яшчэ вісіць шыльда бальніцы, хаця дадзеная ўстанова яго ўжо пакінула колькі гадоў таму, і цяпер ён пустуе ў чаканні аўкцыёну.
І гэты кантраст паміж станам двух помнікаў спадчыны рознага тыпу не новы. У касцёле ёсць гаспадары, якія няспынна рупяцца пра яго дагледжанасць. Сядзібе ж свайго новага гаспадара яшчэ толькі належыць знайсці.
Між тым, адно толькі прозвішча колішніх яе ўладальнікаў можа выклікаць здаровы турыстычны ажыятаж. Цяжка ў гэта паверыць, але сярод жыхароў Наваградскага краю калісьці былі... чыстакроўныя ірландцы. Падданы расійскага цара Іосіф (або ўсё ж Josef?) О'Рурк атрымаў маёнтак за свой чынны ўдзел у напалеонаўскіх кампаніях. Як прыгадваюць старажылы, апошні з "уселюбскіх паноў" карыстаўся выключнай павагай мясцовага насельніцтва і іншародцам ужо не лічыўся.
Пабываўшы ў фамільным гняздзе, спадкаемца роду выказаў жаданне дапамагчы ў рэстаўрацыі капліцы-спачывальні, што месціцца непадалёк ад касцёла. Каб аднавіць увесь маёнтак, вядома, патрэбны куды большыя сродкі. І, перадусім, - мэта. Ці, дакладней, усведамленне перспектывы.
Без сумневу, запатрабаванымі тураб'ектамі могуць стаць і размешчаныя на тым самым маршруце сядзібы ў Вераскаве і Асташыне. Першая з іх закінута ўжо даўно, другая стала незапатрабаванай ужо ў нашым тысячагоддзі.
Патэнцыйная "фільмаграфія" бібліятэкі
Сёлета ў вёсцы Шчорсы адбылася знамянальная падзея: туды вярнулася знакамітая бібліятэка Храптовічаў. Калісьці яна займала цэлы будынак, а цяпер можа размясціцца на адным дыску. Адна з копій электроннага выдання, выпушчанага пры падтрымцы UNESСO, трапіла і ў колішняе родавае гняздо. Кожны жыхар вёскі можа азнаёміцца з бібліяграфіяй збору свайго земляка ў цяперашняй шчорсаўскай бібліятэцы, забяспечанай сучасным камп'ютэрам. Па словах загадчыка ўстановы Леакадзіі Воранавай, вясковая моладзь, ласая да новых тэхналогій, праяўляе да навінкі не абы-якую цікавасць. Як, дарэчы, і да самой постаці графа, што становіцца пастаянным героем школьных ды студэнцкіх рэфератаў.
Прадастаўленне арыгінальнага інфармацыйнага матэрыялу па гісторыі вёскі - адна з запатрабаваных форм платных паслуг установы.
А вось арыгіналаў тых кніг у цяперашняй бібліятэцы не ўбачыш. Хаця... Да апошняга часу надзея яшчэ цеплілася. Бо, як вядома, не ўсе кнігі ў свой час былі вывезены са Шчорсаў у Кіеў - сёе-тое заставалася ў будынку бібліятэкі і на той момант, калі ён быў разрабаваны. Да нядаўняга часу ў вёсцы хадзіла пагалоска, што ў некаторых жыхароў на гарышчы яшчэ можна адшукаць тыя фаліянты.
- Я абышла літаральна кожны дом, паўсюль распытваючы пра гэтыя кнігі, але ж нідзе мне іх знайсці не ўдалося, - распавядае Леакадзія Воранава. - Затое збярогся той будынак, дзе яны захоўваліся. Праўда, сучасны лёс яго быў незайздросны.
- Яшчэ памятаю час, калі ў той камяніцы былі школьныя майстэрні і склад інвентару, таксама там жылі некаторыя настаўнікі, - распавядае дырэктар Шчорсаўскага СДК Галіна Міранцова. - І тады яе падтрымлівалі ў нармальным стане.
У флігелі палаца размяшчаўся дзіцячы садок. Гэта адзіны будынак з былой спадчыны Храптовічаў, які сёння запатрабаваны: ён здадзены ў арэнду пад сельскую краму. Новага прызначэння для бібліятэкі ў вёсцы не знаходзіцца вось ужо больш за дзесяць гадоў. Хіба толькі - аднойчы давялося зняцца ў кіно...
Хаця "фільмаграфія" камяніцы можа і надалей працягвацца, прычым на мясцовым матэрыяле.
- Сярод тых мясцін Навагрудчыны, што звязаны з імем Міцкевіча (а агулам іх каля 15), Шчорсы маюць асаблівы статус, - распавядае Мікалай Гайба. - Тут паэт нярэдка гасцяваў у студэнцкія гады. Шкада толькі, не захаваўся дуб, ля ўзножжа якога ён любіў чытаць кнігі і пісаць вершы. Ужо ў наш час гэтага волата спаліла маланка...
Ладны час бібліятэка прастаяла з пустымі аканіцамі. Сёння яны забіты дошкамі - як гэтага і патрабуюць спецыялісты ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Здавалася б, негабляваныя дошкі для такога помніка - невялікі гонар. Але, у той самы час, такая танная і простая мера па яго кансервацыі надзвычай эфектыўная. Сёння вогнішча непасрэдна ўнутры бібліятэкі, як гэта колісь зрабілі хуліганы-падлеткі, не раскладзеш.
Падысці да будынка ўсутыч можна без праблем: трава вакол яго была нядаўна пакошана. Фальварак Храптовічаў "Мураванка", што месціцца на ўскраіне вёскі, нібы патанае ў зяленіве. Гэтыя пабудовы мелі чыста гаспадарчае, утылітарнае прызначэнне, але ж яны нагадваюць руіны гатычнага замка. Так, на жаль, менавіта руіны...
...Абмяркоўваючы лёс занядбаных гістарычных сядзіб са старшынёй Навагрудскага райвыканкама Анатолем Кулаком, пачуў у ягоных словах і боль за іх цяперашні стан, і рацыянальную пазіцыю: помнікам спадчыны патрэбны інвестары. Іх перадачы ў прыватную ўласнасць кіраўнік раённай адміністрацыі зусім не баіцца - толькі вітае. Але як рэаліст і чалавек справы адразу адзначае: сёння юрыдычнае афармленне гэтай працэдуры патрабуе столькі выдаткаў - як грашовых, так і маральных, - што зацікаўленыя інвестары (а яны ў яго кабінеце ўжо з'яўляліся), урэшце, забываюць пра сваё жаданне.
Мара - адбудаваць замак
На валах Любчанскага замка давялося пачуць літоўскую мову. Пакуль экскурсавод вяла свой расповед, пасажыры тураўтобуса ўзіраліся ў дзівосны нёманскі краявід ды ахвотна фатаграфаваліся на фоне Кутняй вежы.
Госці былі прыемна ўражаны. Як, зрэшты, уразіцца і той, каму не даводзілася бываць тут гадоў пяць-шэсць. Тады Кутняя вежа была пашарпаная і без даху. Сёння яна выглядае, бы на карцінцы, а побач з ёю прысуседзілася фахверкавая прыбудова - зруйнаваная яшчэ за дзедам-шведам і амаль поўнасцю адноўленая літаральна летась.
Калі ўраджэнец гэтага краю Іван Пячынскі захапіўся ідэяй аднавіць замак выключна "на грамадскіх пачатках", многім такая ініцятыва падавалася донкіхоцтвам. Але цяпер яе поспех лёгка заўважыць нават з першага погляду.
Нягледзячы на трыццаціградусную спёку, ля Кутняй вежы шчыравалі чацвёра маладых людзей. Па ўсім было відаць, што працавалі яны не з абавязку.
Аспірант Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта Зміцер засвойвае надзвычай актуальную для нашай краіны прафесію архітэктара-рэстаўратара. І сваю валанцёрскую працу на замку лічыць добрым практыкумам, які непазбежна павінен спадарожнічаць тэарэтычным ведам. Нядаўні студэнт-гісторык Яўген пад час вучобы падпрацоўваў на будоўлі і займеў у гэтай справе пэўны досвед.
- Але ж будаваць звычайныя дамы было нецікава, - дадаў ён, - не тое, што замак!
За мінулы год у аднаўленні Любчанскага замка ўзялі ўдзел амаль сто валанцёраў, якія разам адпрацавалі 1300 чалавекадзён... Сёлета ёсць надзея дабудаваць мур з баявой галерэяй, а неўзабаве чарга дойдзе і да другой вежы.
Магчыма, пра спосабы выкарыстання замка казаць яшчэ рана, але... Усё ж перспектывы трэба ўсведамляць. Валанцёры хацелі б бачыць там у будучыні музейна-рэкрэацыйны аб'ект, наведвальнік якога змог бы на некалькі дзён апынуцца ў XVI стагоддзі. Адна з ідэй - зрабіць замак пастаяннай базай таго або іншага рыцарскага клуба...
Сучасны чалавек часта мае схільнасць бачыць у добрых намерах чыюсьці карыслівасць - калі не зараз, дык крыху пазней... Але пад час нашай гутаркі валанцёры самі развеялі ўсе сумневы: на іх думку, помнік спадчыны такога ўзроўню не можа быць перададзены ў прыватныя рукі - ён абавязкова павінен застацца ў дзяржаўнай або грамадскай уласнасці.
...Сапраўднасць і высокая проба матэрыялу, з якога зроблена "Залатое кольца" Навагрудчыны, не выклікае сумневаў. Адзінае што, каб заблішчаць, яму патрэбна філігранная апрацоўка.