Жыллё ёсць. А навучаюць — у лазні?

№ 25 (945) 19.06.2010 - 25.06.2010 г

У свой час Кармянскі раён Гомельскай вобласці моцна пацярпеў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: пасля 1986 года тут было адселена, а пасля ліквідавана 29 населеных пунктаў, зменшылася колькасць як гарадскога, так і сельскага насельніцтва. Натуральна, культурнае абслугоўванне жыхароў Кармяншчыны заўсёды знаходзіцца пад пільнай увагай як раённага, так і абласнога кіраўніцтва. У гэтым "К" пераканалася яшчэ два гады таму, калі нашы карэспандэнты наведвалі раён. Тады газета даволі падрабязна асвятліла стан устаноў культуры гарадскога пасёлка, а таксама шэрагу СДК у аграгарадках. Амаль усюды нашы карэспандэнты заспявалі рабочых з будаўнічых арганізацый: рамонт быў у самым разгары. Праца вялася згодна з дзяржаўнымі праграмамі адраджэння і развіцця сяла, развіцця малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў... Сённяшні плён - відавочны: адрамантаваны цэнтральная бібліятэка гарадскога пасёлка, шэраг дамоў культуры і бібліятэк у аграгарадках, адкрыты раённы Мемарыяльны музей Панцеляймона Лепяшынскага ў вёсцы Літвінавічы. Але з 2007 года доўжыцца і пакуль яшчэ не завяршыўся капітальны рамонт гарадскога Цэнтра культуры і дасугу: адрамантаваны толькі танцавальная зала і некалькі кабінетаў на другім паверсе. У чаканні будаўнікоў - гарпасялковая дзіцячая бібліятэка і дзіцячая школа мастацтваў. Слабая матэрыяльная база сталася, пэўна, і адной з прычын таго, што ў раёне не хапае шэрагу спецыялістаў, ёсць вакантныя месцы ў сельскіх дамах культуры. І ў гарадскім пасёлку, і пад час паездкі па раёне пытаўся ў мясцовых жыхароў, як яны ацэньваюць стан культурнага асяроддзя сваіх паселішчаў. Натуральна, як набыткі, так і пэўныя праблемныя моманты развіцця культурнай сферы- навідавоку. Таму адказы людзей былі даволі канкрэтныя і закраналі разнастайныя бакі культурнага жыцця Кармяншчыны.

/i/content/pi/cult/271/4208/10-1.jpg

Народ пытаецца і прапануе

Святлана Сцяпанаўна, жыхарка г. п. Карма: - Адрамантавалі Цэнтральную бібліятэку горада, што не можа не радаваць. А калі ж прыступяць да рамонту дзіцячай? Там хоць і прыгожа аздобленая тэрыторыя, і звонку бібліятэчны будынак выглядае нішто сабе, але ж у вялікі дождж працякае столь, падлога нахіленая, ды і даволі халодна ўзімку...

Яўген, студэнт-завочнік, жыхар г. п. Карма: - Цягам ужо некалькіх гадоў ідзе рамонт нашага РЦКіД. Калі ён закончыцца? Аднавілі танцавальную залу, а да глядзельнай, як кажуць, рукі пакуль што не дайшлі. Ды і на другім паверсе рамонт ніяк не пачнецца...

Андрэй Сяргеевіч, настаўнік, г. п. Карма: - У мяне, да прыкладу, вялікая трывога за будынак Дзіцячай школы мастацтваў. Набор сёлета вельмі вялікі, таму частка дзяцей вучыцца нават у будынку лазнева-аздараўленчага комплексу! А ўсё таму, што ў ДШМ не стае плошчаў. Ды і сам будынак школы не надта ўжо прыдатны для навучання: мала таго, што драўляны, пабудаваны яшчэ ў даваенны час, дык і пакоі для заняткаў вельмі маленькія. Не хапае новых інструментаў, ды і настаўнікаў таксама. Калі ж вырашацца ўсе гэтыя праблемы?..

Сяргей і Мікалай, наведвальнікі гуртка "Асілак" Баравабудскага СДК: - З задавальненнем ходзім у наш СДК, каб пазаймацца спортам. Але вось пытанне. Усе трэнажоры тут - самаробныя: іх зрабіў кіраўнік гуртка Георгій Цімашэнка. А ці можна набыць хоць адзін сапраўдны трэнажор? Ці бегавую дарожку або звычайную штангу? Упэўнены, хадзіла б больш хлопцаў сюды на заняткі. Ды і ў іншыя гурткі - таксама. Ці ж не ў гэтым галоўная функцыя СДК?..

 

/i/content/pi/cult/271/4208/11-1.jpgУ райвыканкамаўскай "лятучцы", зыніцыяванай "К", прынялі ўдзел намеснік старшыні Кармянскага раённага выканаўчага камітэта Таццяна ШЭХЦЕР і начальнік аддзела культуры Святлана КАЗЛОВА.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Таццяна Леанідаўна, якія задачы стаяць на парадку дня перад начальнікам аддзела культуры, перад культработнікамі Кармяншчыны?

Таццяна ШЭХЦЕР:

- Галоўная наша задача - замацаваць на месцах маладых спецыялістаў як у горадзе, так і на раёне. Трэба стварыць для іх усе ўмовы, павышаць адукацыйны ўзровень культработнікаў. Ёсць раённая праграма "Кадры", якую рэалізоўваем. І калі параўноўваць з папярэднімі гадамі, у нас ужо большы працэнт спецыялістаў вучыцца ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах. Але трэба і надалей працаваць над вырашэннем кадравай праблемы. Без гэтага цяжка будзе ахапіць якасным культурным абслугоўваннем максімум насельніцтва, у першую чаргу - дзяцей, і рэалізаваць усё тое, што задумваем.

Святлана КАЗЛОВА:

- У 2005-м, калі я прыйшла на пасаду начальніка аддзела культуры, сітуацыя з кадрамі была нашмат горшая. Таму мы вырашылі зрабіць стаўку на сваіх, мясцовых. І за гэтую пяцігодку плён нашай працы навідавоку. Да нас прыязджаюць не толькі самі маладыя спецыялісты, а нават і разам з сем'ямі. Напрыклад, з Украіны да нас нядаўна прыбылі дзве сям'і, яны паспяхова працуюць у ДШМ. Выдзелілі ім жыллё.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Кватэрнае пытанне па-ранейшаму - адно з найактуальнейшых...

Святлана КАЗЛОВА:

- Так, і мы яго вырашаем. Дырэктар музея ў Літвінавічах, Ала Балыш, жыве ў калгасным доме, яшчэ адна спецыялістка з мясцовага СДК неўзабаве заселіцца ў аднапакаёвую кватэру. Увогуле, на раёне пытанне з жыллём амаль заўсёды вырашальнае.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- А ў гарадскім пасёлку? Ведаю, што інтэрната аддзел культуры не мае...

Таццяна ШЭХЦЕР:

 - На маю думку, не кожны малады спецыяліст захоча жыць у інтэрнаце. У Карме ёсць два інтэрнаты мясцовых прадпрыемстваў. Можна размяшчаць спецыялістаў і там. Але мы цяпер пабудавалі адзін пяціпавярховы дом для спецыялістаў сацыяльнай сферы - культуры, адукацыі, медыцыны, - да канца года ўзвядзём яшчэ адзін. Так што маладым культработнікам у Карме будзе дзе жыць.

Святлана КАЗЛОВА:

 - Не менш важнае пытанне для маладых спецыялістаў - грашовае. Абавязкова прэміруем сваіх супрацоўнікаў. На сяле існуе 25-працэнтная надбаўка. Да таго ж, калі культработнік здымае пакой або кватэру ў горадзе, дык мы раз на тры месяцы выпісваем яму прэмію, якая цалкам пакрывае яго выдаткі на жыллё. І ўсё ж, пагаджуся, кадравая сітуацыя ў раёне далёкая ад ідэальнай.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Што мяркуеце рабіць? Пабываў у шэрагу ўстаноў культуры горада і раёна, пераканаўся, што не хапае акампаніятараў, харэографаў, духавікоў...

Святлана КАЗЛОВА:

 - Так... Ёсць вакантныя месцы і ў СДК. Але мы летась заключылі дзевяць дагавораў, і пяць нашых мэтавікаў паступілі на завочнае навучанне. Лічу, гэта добры паказчык. У клубную сістэму сёлета прыйдуць два чалавекі. Вынік таксама неблагі. Сёлета заключаем і дагаворы з чатырма чалавекамі - будучымі завочнікамі. А на дзённае аддзяленне па спецыяльнасці "харэограф" будуць паступаць два нашы хлопцы. Аляксандра Брылёва, наша кармянская "зорачка" - дыпламант леташняга VIII Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці "Зямля пад белымі крыламі", стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, - таксама будзе паступаць...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Магчыма, гэтыя захады і прынясуць плён. Але ж не вельмі добрая кадравая сітуацыя цягне за сабой, натуральна, і ланцужок іншых праблем. Да прыкладу, з-за таго, што ў раёне не хапае добрых спецыялістаў, малавата ў вас і народных ансамбляў. Ведаю, што яшчэ год таму іх было толькі чатыры...

Святлана КАЗЛОВА:

- Сёлета народнымі сталі яшчэ два калектывы: "Землякі" Баравабудскага СДК і "Жывыя крыніцы" Ворнаўскага СДК. Таму цяпер у нас іх шэсць. Згодная, усё роўна вельмі мала. Увогуле, за гэтую працу мы ўзяліся толькі два гады таму. Вырашылі, што будзем браць не колькасцю, а якасцю. Напрыклад, наш вядомы калектыў "Луца" быў летась паспяховым удзельнікам абласных і рэспубліканскіх фестываляў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Пра "Луцу" неаднойчы пісала і "Культура": найвядомейшы калектыў. Але хацелася б, каб на Кармяншчыне былі і іншыя знакавыя ансамблі...

Святлана КАЗЛОВА:

- Наш гурт народных інструментаў пры ДШМ рыхтуецца займець званне народнага. Таксама плануем падаць дакументы на прысваенне гэтага звання джазаваму ансамблю "Гранд", які таксама дзейнічае пры школе мастацтваў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Але і ў тых народных калектывах ёсць пэўныя праблемныя пытанні. Напрыклад, я размаўляў з удзельнікамі "Спадчыны", што працуюць пры РЦКіД: яны скардзіліся на тое, што ў іх толькі адзін баян, другі ж прыносіць з дому акампаніятар. Не хапае камплекта сцэнічных касцюмаў...

Святлана КАЗЛОВА:

- Баяны ў калектыву ёсць, але звычайныя, не для міжнародных канцэртных выступленняў. У нас, як, дарэчы, і ў іншых раёнах, існуе праблема з музычнымі інструментамі: калі казаць пра ДШМ, дык там каля 90 працэнтаў інструментаў зношаныя, цягам пятнаццаці гадоў яны не абнаўляліся. А касцюмы ў "Спадчыны" ёсць: набылі ім новы камплект у мінулым годзе. Праблема ў іншым: у тых народных калектывах, якія атрымалі званне сёлета, увогуле няма сцэнічных строяў. Вось гэтым ансамблям патрэбна неадкладная дапамога. Плануем закупіць ім касцюмы ў другім паўгоддзі 2010-га.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Падаецца, менавіта з-за недахопу высакакласных спецыялістаў у Карме не праводзяцца і знакавыя канцэрты ды фестывалі або мерапрыемствы абласнога маштабу. Ці будзеце што-небудзь прадпрымаць у гэтым іміджавым накірунку?

Таццяна ШЭХЦЕР:

- На высокім узроўні праводзім мерапрыемствы раённага маштабу.

Святлана КАЗЛОВА:

 - Летась адбыліся раённыя фестывалі: сельскай культуры "Жыве мая вёска", тэатральнай творчасці "Прэм'ера", ваенна-патрыятычнай песні "Вікторыя". А 27 чэрвеня будзем упершыню ладзіць фестываль шансона "Душа ў песні".

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - А чаму менавіта шансона? На маю думку, рэгіянальны фальклорны фестываль больш пасаваў бы вашаму раёну...

Таццяна ШЭХЦЕР:

 - Падобныя фестывалі ўжо ёсць у іншых раёнах. А хацелася б стварыць нешта арыгінальнае, сваё, тое, чаго няма нідзе ў Беларусі. І наша ідэя зацікавіла прадстаўнікоў іншых раёнаў. Ужо падалі заяўкі ўдзельнікі са Жлобіна, Рагачова і нават з Краснаполля, што на Магілёўшчыне. Будзем вызначаць пераможцаў па двух намінацыях: эстрадная і аўтарская песня. Калі ўсё пройдзе добра, дык на наступны год правядзём у Карме ўжо абласны фестываль шансона.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Вырашэнне кадравага пытання немагчымае без добрай матэрыяльнай базы ўстаноў культуры горада і раёна. Малады спецыяліст, які прыедзе на Кармяншчыну, натуральна, найбольш плённа будзе працаваць у той установе культуры, дзе зроблены неабходны рамонт, ёсць усе патрэбныя інструменты і наладжана належнае тэхнічнае забеспячэнне. Але рамонтныя работы яшчэ не завершаны ў РЦКіД, у аграгарадках...

Святлана КАЗЛОВА:

- Скажу толькі адно: з 1985 па 2005 гады ні адна ўстанова культуры Кармяншчыны капітальна не рамантавалася - абыходзіліся толькі бягучым рамонтам. Можна ўявіць, якая пасля дваццаці "безрамонтных" гадоў была матэрыяльная база клубаў і бібліятэк... І толькі дзякуючы дзяржаўным праграмам адраджэння і развіцця сяла і развіцця сярэдніх і малых гарадскіх паселішчаў мы змаглі актывізаваць працу як у гарадскім пасёлку, так і ва ўсім раёне.

Таццяна ШЭХЦЕР:

 - Гэта планамерная і мэтанакіраваная работа. Да таго ж, бягучы год аб'яўлены Годам якасці, таму імкнёмся, каб была якасць ва ўсім, у тым ліку - і ў матэрыяльнай базе ўстаноў культуры раёна. І большую ўвагу надаём менавіта сельскім установам культуры. Напрыклад, у Літвінавічах цяпер і філіял ДШМ, і раённы музей Панцеляймона Лепяшынскага ў адным будынку. Ладзім там экскурсіі для школьнікаў, абменныя з іншымі раёнамі выстаўкі. Зрабілі рамонт Цэнтральнай бібліятэкі Кармы, працягваем рамонт у галоўнай гарадской установе культуры.

Святлана КАЗЛОВА:

- Рамонт вядзём у РЦКіД з 2007 года. Зрабілі дах, замянілі дзверы і вокны, скончылі танцавальную залу. Засталося яшчэ шмат працы: трэба давесці да ладу глядзельную залу і другі паверх установы культуры.

Таццяна ШЭХЦЕР:

- У якасці дадатнага прыкладу проста неабходна, на маю думку, прывесці і той факт, што летась мы рэарганізавалі Дзіцячую музычную школу ў Дзіцячую школу мастацтваў. Таксама ў 2009 адкрылі ў Кароцьках ды ў Літвінавічах філіялы ДШМ.

Святлана КАЗЛОВА:

- Рэарганізацыя ДМШ у ДШМ дазволіла нам адкрыць новыя харэаграфічныя класы, мастацкае аддзяленне, павялічыць, натуральна, і колькасць навучэнцаў. Цяпер у ДШМ займаецца каля 150 дзяцей, а калі лічыць разам з філіяламі, дык амаль 200. Філіялы будзем адкрываць і сёлета.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Але я пабываў у Кармянскай ДШМ: там маленькія класы, будынак - драўляны, яшчэ даваеннай пабудовы. Ды, наколькі ведаю, частка дзяцей займаецца ў будынку лазнева-аздараўленчага комплексу, што знаходзіцца насупраць школы мастацтваў... Ці плануецца рамонт у ДШМ? Ці, можа, лепей знайсці іншы будынак пад школу мастацтваў, калі ў гарадскім пасёлку так шмат ахвотных вучыцца ў гэтай установе культуры?

Святлана КАЗЛОВА:

- Сапраўды, самае балючае пытанне ў сферы культуры Кармяншчыны - па ДШМ. Цяпер нам перадалі былы будынак ткацкай фабрыкі. Хутчэй за ўсё, менавіта там з цягам часу размесціцца школа мастацтваў. Распрацоўваем праектна-каштарысную дакументацыю на гэты аб'ект, напрыканцы кастрычніка плануем яе завяршыць. І ў далейшым спадзяёмся на абласное ўпраўленне культуры: можа, яно выдаткуе нам грошы хаця б на тое, каб давесці да ладу дах будынка...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - А ці будзе рамантавацца будынак гарпасялковай дзіцячай бібліятэкі? Як мне распавядалі, пад час вялікага дажджу там працякае дах, зімой халодна...

Таццяна ШЭХЦЕР:

- Праектна-каштарысная дакументацыя на дзіцячую бібліятэку знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Галоўнае для нас цяпер - адрамантаваць Дом культуры ў аграгарадку бягучага года "Лужок". Грошы ўжо прыйшлі, і ўсе яны будуць асвоены. На жаль, ёсць у нас і незавершаны пераходны аб'ект у аграгарадку мінулага года "Хізаў". Там патрэбна паўтара мільярда рублёў на рамонт СДК. Летась атрымалі 250 мільёнаў. Зрабілі там ацяпленне, бо яно сем гадоў не працавала. Адрамантавалі дах, сёлета плануем замяніць вокны.

Святлана КАЗЛОВА:

- Але дзверы ў Хізаўскім СДК ні на дзень не зачыняліся. Таму жыхары не пачуваюць сябе абдзеленымі ўвагай з боку нашых культработнікаў. А пасля рамонту плануем стварыць у аграгарадку "Хізаў" спартыўна-культурны комплекс: там ёсць вялікая спартыўная зала, таму, думаю, нам гэта ўдасца. 

Пасляслоўе да райвыканкамаўскай "лятучкі"

Наступны год- вырашальны

Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблыканкама Павел ДУБАДЗЕЛ:

- Рамонтныя работы на аб'ектах культуры аграгарадкоў Кармянскага раёна ўжо прафінансаваны. Яны будуць праводзіцца ў адпаведнасці з наяўнай праектна-каштарыснай дакументацыяй. Што да будынка Кармянскай дзіцячай школы мастацтваў, дык рамантаваць яго не мэтазгодна. Плануем аддаць пад ДШМ двухпавярховы будынак былога інтэрната мясцовай ткацкай фабрыкі. Праектна-каштарысная дакументацыя на рэканструкцыю рыхтуецца за кошт райвыканкама. Плануецца ўключыць фінансаванне рамонтных работ на гэтым аб'екце ў праект абласнога бюджэту на 2011 год. Тое самае - і з будынкам раённага Цэнтра культуры і дасугу. Плануем ажыццявіць фінансаванне рамонтных работ на гэтым аб'екце ў наступным годзе. 

 

Дэталь да агульнай карціны

Фонд для платных

Два гады таму "К" ужо распавядала пра аграгарадок "Літвінавічы". У 2008 годзе тут распачынаўся рамонт аднаго з будынкаў, які планавалася аддаць пад раённы Мемарыяльны музей Панцеляймона Лепяшынскага - рэвалюцыянера і таленавітага педагога. І вось сёлета, 19 студзеня, установа культуры адкрыла свае дзверы для наведвальнікаў.

У будынку, акрамя раённага музея, знаходзіцца таксама і філіял ДШМ, дзе навучаюцца 35 дзяцей у класах харэаграфіі, гітары і домры, фартэп'яна і баяна. Але засяроджу ўвагу на музейнай установе, дзе працуюць чатыры экспазіцыйныя залы: выставачная, этнаграфічная, краязнаўчая і мемарыяльная. У асноўным фондзе ўстановы - прыкладна дзве з паловай тысячы прадметаў, таму паглядзець сапраўды ёсць на што: тут можна завесці і паслухаць старадаўні патэфон, пагуляць у шахматы пачатку мінулага стагоддзя, убачыць арыгінальнае французскае выданне 200-гадовай даўніны пра вандроўку Кука... Ахвотныя могуць за грошы сфатаграфавацца каля бюста Леніна або помніка Панцеляймону Лепяшынскаму, замовіць гістарычную даведку, заказаць індывідуальную або групавую экскурсіі... Кошт білета - 500 рублёў для школьнікаў, 1000 - для дарослых. З пачатку года ўстанова культуры зарабіла ўжо больш за паўтара мільёны рублёў. Даведацца пра тое, што ў Літвінавічах упершыню была адкрыта школа-камуна, або пра унікальны самавар канца ХІХ стагоддзя наведвальнікам дапаможа дырэктар установы - Ала Балыш. У 2001 годзе яна скончыла гістарычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Францыска Скарыны і працавала ў родным Чачэрску. Прайшла шлях ад музейнага супрацоўніка да дырэктара мясцовага музея. У 2008-м пераехала ў Літвінавічы. Ала Балыш - высакакласны спецыяліст, які да драбніц ведае ўсе нюансы сваёй справы. А экскурсія, якую яна праводзіць па музеі, настолькі захапляльная і цікавая, што нават самы патрабавальны наведвальнік застанецца задаволены. 

Нават асілак пазайздросціць?

/i/content/pi/cult/271/4208/11-2.jpgСельскі дом культуры і бібліятэка ў аграгарадку "Баравая Буда" размешчаны ў адным будынку. І праблемныя кадравыя пытанні ў гэтай установе культуры адсутнічаюць: у СДК ёсць дырэктар і мастацкі кіраўнік, у бібліятэцы - загадчык. Прычым узначальваюць СДК і бібліятэку муж і жонка - Георгій і Таццяна Цімашэнкі.

У СДК працуе шэраг аб'яднанняў "Гаспадынька", "Асілак", народны фальклорны калектыў "Землякі", дзіцячы фальклорны калектыў "Вяснянкі" і некалькі гурткоў. З а ц і к а в і ў с я аб'яднаннем "Асілак". У яго ўваходзяць 12 чалавек і кіруе імі Георгій Цімашэнка. Дырэктар СДК, які сам заўсёды з задавальненнем займаецца спортам, вырашыў прыахвоціць да любімага занятку моладзь аграгарадка. Георгій Іванавіч сам зрабіў самаробныя трэнажоры, штангу, гантэлі, ператварыўшы такім чынам адзін з пакояў СДК у невялікую спартыўную залу. Цяпер адну са сцен дырэктар СДК абсталёўвае люстэркамі, каб усё было, як кажа Георгій Цімашэнка, не горш за тыя залы, дзе займаўся Арнольд Шварцэнегер. Вельмі хацелася б і дырэктару, і тым хлопцам, якія займаюцца ў "Асілку" і з якімі мне давялося размаўляць, каб у іх з'явіліся яшчэ якія-небудзь трэнажоры. Але, як распавяла начальнік аддзела культуры Кармянскага райвыканкама Святлана Казлова, грошай для гэтага пакуль не прадугледжана.  

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"