Золата і ружы "Песняроў"

№ 25 (945) 19.06.2010 - 25.06.2010 г

Які раз пераконваюся: бываюць у жыцці абсалютна выпадковыя - невыпадковыя сустрэчы. І яшчэ раз упэўніваюся: ёсць і будуць у нашым жыцці генетычна закладзеныя за некалькі пакаленняў святыя дні, калі мы, незалежна ад узростаў і межаў, імкнёмся быць разам. Сярод іх адной з найярчэйшых пуцяводных зорак - Дзень Перамогі. І зусім побач з гэтай датай у календары - 22 чэрвеня, дзень нашай Памяці аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны і дзень нашага слаўлення мужнасці - мужнасці абаронцаў Брэсцкай крэпасці... Напярэдадні ж святкавання 65-й гадавіны Перамогі, 8 мая, на пляцоўцы каля стэлы "Мінск - горад-герой" зрокавая памяць выразна зафіксавала вобраз чалавека з прафесійнай фотакамерай, што старанна "занатоўваў" моманты канцэрта Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры". "Мусіць, калега-журналіст", - падумалася мне тады. І якім жа было маё здзіўленне, калі сустрэўся не толькі з Яўгенам Аверыным - так клічуць таго незнаёмца, - але і з ягоным сябрам Ігарам Есвейнам акурат... у рэдакцыі "Культуры".

/i/content/pi/cult/271/4207/13-1.jpg Абодва яны прыехалі з расійскага Екацерынбурга, наведалі магілу Уладзіміра Мулявіна, Музей Песняра, цягам некалькіх дзён у Мінску здымалі кватэру на сталічным бульвары імя нашага славутага музыканта... Мяркую, вы здагадаліся, што такім вось выпадковым чынам я сустрэўся з прыхільнікамі нашых легендарных "Песняроў". Прычым прыхільнікамі "са стажам". "Але ж, мяркуючы па ўзросце, ваш фанацкі шлях распачынаецца, мусіць, недзе ў перыяд "залатога складу" ансамбля", - заўважаю суразмоўцам. "Што да мяне, дык я захапіўся з першай кружэлкі. Таму мая прыхільнасць да музыкі "Песняроў" - амаль яе пагодак", - парыруе Ігар і распавядае, распавядае, распавядае... Пра фанацкую "прэс-кнігу" з беларускім арнаментам, пра мулявінскі Уралмаш, пра першыя набытыя пласцінкі, пра сваю захопленасць нашым легендарным калектывам, калі ўмоўна акрэсліць пэўнымі творчымі вяршынямі яе рамкі, - ад "Ружы цвету" да "Чырвонай ружы"... А найперш - пра тое, чаму сустрэў Дзень Перамогі разам з сябрам менавіта ў Беларусі.

Зусім іншае свята

Ігар: - Праўдзівыя словы ў вас тут у загалоўку напісаны: "Зямля тут - святая" - кажа расійскі бізнесмен Ігар Есвейн, гартаючы нумар "К" да 9 мая. - Я наогул пяты ці шосты раз у Беларусі, пачынаючы з 2003-га. А сёлета ўсё ніяк не мог выправіцца. Думаў прыехаць у студзені- на чарговыя ўгодкі Уладзіміра Мулявіна, а ўжо ў красавіку нам з Жэнем прыйшла думка ажыццявіць маю даўнюю мару: пабываць на Дзень Перамогі ў Беларусі, на той зямлі, якая спаўна адчула ўсе боль і горыч ваеннага ліхалецця, але выстаяла, перамагла і адрадзілася.

Яўген: - "Тут гэтае свята - зусім іншае", - пераконваў мяне Ігар... І.: - І тады я рабіў гэта не выпадкова. Мяркую, цяпер ты і сам у тым пераканаўся. Вельмі хацелася адчуць свята Дня Перамогі на беларускай зямлі. Я бачу найперш вашы беражлівыя адносіны да гэтай даты і адчуваю народную Памяць. А на ваенным парадзе назіраў за маладой сямейнай парай, што глядзелі побач з намі на гэтае дзейства. Па іх шчырай, непасрэднай рэакцыі ўпэўніўся яшчэ раз у асаблівым стаўленні беларусаў да Дня Перамогі.

Я.: - А далей мой шлях пралягае ў Брэсцкую крэпасць, да сцен якой хочацца проста дакрануцца. У маім асацыятыўным шэрагу са словамі "Дзень Перамогі" заўжды паўставала знакамітая цытадэль. Гэта святыня, першы фарпост і помнік мужнасці. (Адразу зазначу: праз дзень, пасля паездкі ў мемарыяльны комплекс, Яўген патэлефанаваў у рэдакцыю і падзяліўся сваімі ўражаннямі. Галоўнымі словамі ў ягоным расповедзе пра ўбачанае былі "захапляльна", "непаўторна", "уражальна", "велічна".- С.Т.).

І.: - А я недзе ў 1998-м выпадкова трапіў, праязджаючы па трасе, у Хатынь. Пабачыў указальнік, і не мог не звярнуць да мемарыяла. І так атрымалася, што аказаўся я там адзін. Сонечны дзень, лёгкі вецер, кветкі ад мінулых урачыстасцей і гук званоў у цішыні... З любой экскурсіяй не адчуеш усё тое, што перажываеш сам-насам з Памяццю... Дарэчы, я хадзіў ад пліты да пліты з прозвішчамі ахвяр хатынскай трагедыі, шукаючы, як вы здагадваецеся, знаёмы па творчасці "Песняроў" надпіс "Міша Камінскі". (Так называецца адна з песень у праграме "Праз усю вайну".- С.Т.) Абышоў прыкладна палову комплексу, але не знайшоў тых слоў... І ўсё ж пад уплывам наведвання Хатыні зусім інакш стаў пераслухоўваць песню пра "Мішу Камінскага, хлопчыка хатынскага"... Мо з тых часоў і захацелася пабываць 9 мая ў Мінску? Прынамсі, праграма "Праз усю вайну" дакладна сыграла сваю ролю ў гэтым жаданні...

"Абышлося, канешне, без гаўптвахты..."

І.: - Я сябе адношу да сур'ёзных слухачоў ансамбля. І крэда Мулявіна "гадаваць слухача", рабіць так, каб ён дацягваўся да планкі, якую ставяць "Песняры", у поўнай меры адбілася на маім лёсе. Я пад гэтую праграму "патрапіў", я рос. І ўспрыняў, гэтак жа, як на гадоў пяць раней "Гусляра". Глыбокім зместам узялі і песні з праграмы "Праз усю вайну". А тое ж "Возвращение" можна смела ставіць у адзін шэраг - сэнсавы і музычны - з такімі песеннымі шэдэўрамі ансамбля, як "Спадчына", "Завушніцы", "Крык птушкі". Ды і ўся праграма - перліны! Па музыцы і паэзіі "Праз усю вайну" - найлепшы, на маю думку, з цыклаў "Песняроў". Цікавая гісторыя. На канцэрты з гэтай праграмы я так і не трапіў, бо служыў у арміі. Мая частка знаходзілася ў Ленінградскай вобласці, а "Песняры" прыехалі ў сам Ленінград. І што вы думаеце? У дзень канцэрта для мяне не знайшлі ніводнага звальнення ва ўсёй часці! Уявіце мой стан! Гатовы быў колькі заўгодна сутак адсядзець на "губе", але... Абавязак перад Радзімай аказаўся вышэйшы! (Усміхаецца.) Дарэчы, на маю крыўду, канцэрты з праграмай амаль цалкам выпалі на маю службу ў арміі, таму пабачыць іх так і не давялося. Па праўдзе, дагэтуль шкадую. На жаль, і відэазапісы з канцэртамі паводле цыкла, апрача вядомага фільма Сяргея Лук'янчыкава, не вядомы...

"Зачапілі" гнуткай кружэлкай

І.: - У мяне асабіста ёсць два вытокі ўспрыняцця творчасці "Песняроў". Першае жывое "знаёмства" - канцэрт у 1979-м, калі яны прыехалі ў Екацерынбург з "Гусляром". Памятаю сваё - трынаццацігадовага хлапчука - непаўторнае ўражанне. У другім аддзяленні былі песні з каляндарна-абрадавай праграмы і творы савецкіх кампазітараў. А "зачапілі" мяне "Песняры" ў дзяцінстве. Пачалося ўсё з гнуткай кружэлкі, якая з'явілася ў суседзяў. Акурат год 1971-ы, можа, пачатак 1972-га. Там гучалі "Нашто бабе агарод", "І туды гара, і сюды гара", "Каханне". Мне было чатыры гады. У суседзяў пасля гучалі "Самацветы", "Арэра", а я застаўся верны "Песнярам". Пасля набыў і дыскі-гіганты, а там пачаў "адукоўваць" сяброў у двары, аднакласнікаў. Памятаю, нават вечар правёў тэматычны. Тады, здавалася б, усё гэта прайшло міма вушэй аднакласнікаў. А сёння тэлефануюць, як толькі "Песняроў" па тэлебачанні паказваюць.

Я.: - Гэта, вядома ж, не значыць, што мы слухалі на той час выключна адных "Песняроў"...

І.: - Я да заканчэння школы слухаў толькі іх. На базісе "Песняроў" у мяне сфарміраваўся густ па вакале, па музыцы. Зрэшты, і цяпер многае ацэньваю з пазіцыі высокага прафесіяналізму ансамбля...

 Гэты карунак - з Мулявіна. А той?

/i/content/pi/cult/271/4207/13-2.jpgІ.: - Як і ў кожнага прыхільніка, у мяне - свая калекцыя дарагіх мне артэфактаў, звязаных, у дадзеным выпадку, з ансамблем "Песняры". Гэта калекцыя канвертаў ад пласцінак і плакатаў з аўтографамі ўдзельнікаў калектыву, а таксама альбом выразак з прэсы. На кожнай старонцы апошняга я маляваў беларускі арнамент. У маёй бабулі былі льняныя фіранкі, з якіх я і капіраваў той або іншы пасак. Калі ж у пэўны момант узоры на іх "скончыліся", дык я звярнуў увагу на касцюмы ўдзельнікаў ансамбля з выявы на трэцяй кружэлцы. Адзін арнамент узяў з касцюма Мулявіна, другі - з Барткевіча... Вось такім чынам і напаўняў свой эксклюзіўны "прэс-book", як сказалі б цяпер... 

На Уралмашы

І.: - Для многіх екацерынбургцаў і сёння з'яўляецца адкрыццём, што Уладзімір Мулявін- ураджэнец нашага горада. Для мяне гэта стала новым фактам у 1982-м. Хацелася б, каб згадвалі ягонае імя і творчасць часцей. Так, ёсць мемарыяльная шыльда на Уралмашы, дзе, прынамсі, якраз-такі амаль кожны ведае пра паходжанне адсюль галоўнага Песняра. Ды толькі тое - ускраіна нашага горада.

Я.: - Затое там, у гэтым раёне, - развітыя магутныя роднасныя і сяброўскія сувязі. Распавяду вось якую гісторыю: зусім нядаўна пазнаёміўся з аднакласніцай Уладзіміра Мулявіна, а яна паказала мне здымак свайго пятага ці шостага класа, дзе ў шэрагах дзяцей - і будучы музыкант. Я, дарэчы, зрабіў копію фота і перадаў у Музей артыста ў Мінску. Дык вось, некалі пад час гастролей "Песняроў" па нашых мясцінах гэтая жанчына падышла да Мулявіна за кулісы, паказала яму здымак і спытала: "Ну што, пазнаў?" Той паглядзеў, заўсміхаўся і адказаў: "Пазнаў!" Ён пакінуў на здымку аўтограф і запрасіў падысці пасля выступлення, ды яна не пайшла: маўляў, гэта ж- Мулявін...

І.: - А калі я ў 2007-м прывёз копію фота ў Музей П/i/content/pi/cult/271/4207/13-3.jpgесняра і распавёў гісторыю ягонай дачцэ Марыне, дык яна сказала: "А бацька яе чакаў..."

 Я.: - Што да ўшанавання памяці Мулявіна, хацелася б, каб дошка ў яго гонар з'явілася і на вучылішчы, дзе вучыўся музыкант, і, магчыма, у назве адной з вуліц...

 ***

Мы гутарылі пра Беларусь і "Песняроў" доўга. З дыскурсу Ігара Есвейна слых выхапіў, як той называе свайго сябра: на рускай мове ён звяртаецца не "Жэня", а менавіта "Яўген". Калі ж выключыў дыктафон і падарыў гасцям рэдакцыі спецыяльны выпуск "К" на рускай мове, дык Ігар сказаў: "Лепш дайце пару нумароў на беларускай мове: мне і маім родным вельмі падабаецца чытаць на ёй. Дарэчы, карані ж мае- з Гомельшчыны, дзе жылі продкі па бацьку - выселеныя некалі немцы...". Ці не водгук тых крэўных сувязей з Беларуссю выхапіў некалі слыхам чатырохгадовага дзіцяці песняроўскія "І туды гара, і сюды гара" ды "Каханне"?.. Ці не яго працягам - і сёлетняя паездка на Дзень Перамогі ў Мінск? А горад, думаецца, чарговым разам пацвярджае свой іміджавы статус для сваіх гасцей і для нас, мінчан. 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах