Вы верыце ў cinema verite?

№ 25 (945) 19.06.2010 - 25.06.2010 г

Назіраючы — адчувай Назіранне — самы распаўсюджаны і, прынамсі, самы актуальны прыём у кінадакументалістыцы. З таго моманту, як яна пачала радыкальна разыходзіцца з тэлевізійным накірункам, аўтары стужак пачалі аддаваць сваім героям усё большую прастору, паступова вызваляючы свае творы ад характэрных для журналістыкі прыёмаў. Беларускія кінематаграфісты — не выключэнне, яны крочаць у нагу з сусветнымі тэндэнцыямі, што дае відавочны плён: у апошнія тыдні адразу дзве айчынныя дакументальныя карціны атрымалі прызы на вядомых міжнародных кінафорумах. Стужка “Дар” Галіны Адамовіч атрымала “Бронзавага Віцязя” на ХІХ Кінафестывалі праваслаўных і славянскіх народаў у Маскве, а “Днюка” Андрэя Куцілы і Аляксандра Налівайкі выйграла Гран-пры на ХVІ Фестывалі рэгіянальных тэлекампаній у славацкім Кошыцэ.

/i/content/pi/cult/271/4206/9-3.jpgАбедзве карціны знятыя без выкарыстання закадравага голасу, спецыяльна напісанага дыктарскага тэксту, з дапамогай самых простых тэхнічных сродкаў. Нягледзячы на тое, што іх аўтары належаць да розных пакаленняў кінематаграфістаў, "Дар" і "Днюку" яднае адзінае адчуванне візуальнай прасторы, што характэрнае для нашай айчыннай школы дакументалістыкі апошняга дзесяцігоддзя. Этапнай тут трэба лічыць вядомую стужку Віктара Аслюка "Мы жывём у краі" (2001 г.), якая актыўна звярнулася да стылістыкі сinema verite, рашуча адрынуўшы прыкметы кінапубліцыстыкі 1980-х. Прыёмы "кіно наўпрост", як і простыя, часцей за ўсё - існуючыя ў сваім свеце, героі з глыбінкі, прынеслі і, як мы бачым, дасюль прыносяць поспех беларускім рэжысёрам-дакументалістам.

Галіна Адамовіч у якасці аб'екта назірання абрала сямейную пару вядомых беларускіх мастакоў - Ганну Балаш і Аляксея Дзмітрыева. Месца назірання - расійскі Чэлябінск, новая царква, якую чатыры гады запар ездзяць распісваць гэтыя беларускія жывапісцы. У кадры - хроніка нетаропкай працы, што паступова афармляецца ў самастойны сюжэт на працягу сарака пяці хвілін стужкі. Галоўных дзейных асоб трое: мастакі, муж і жонка, ды мясцовы бізнесмен Канстанцін Захараў - мецэнат, заснавальнік храма, дзе працуюць мінчане. Дзея адбываецца не толькі на храмавых сутарэннях, на якіх праводзяць дзень іканапісцы, але і на вуліцах горада, на дарозе, у грамадскім транспарце...

Галоўная перавага "Дару" - яго сэнс/i/content/pi/cult/271/4206/9-4.jpgавая нейтральнасць. Мінулі часы, калі ад дакументальнага твора чакалі дакладна "артыкуляванага" аўтарскага выказвання. Дакументалістыка Галіны Адамовіч прайшла цярністы шлях ад кінапубліцыстыкі да чыстага сinema verite. Аўтар не ўмешваецца ў падзеі, што адбываюцца на экране, толькі назірае за імі, дзякуючы выдатнаму аб'ектыву Таццяны Логінавай - класіка беларускай аператарскай школы, якая, што паказальна, апошнія гады працуе толькі ў дакументалістыцы і менавіта з Галінай Адамовіч. Персанажы стужкі існуюць у кадры абсалютна натуральна - гэта і з'яўляецца своеасаблівым фірмовым знакам творчага дуэта Адамовіч - Логінава. Дадзены эфект, на які звычайна не звяртае ўвагі глядач, здабываецца тыднямі цяжкай працы, пад час якой здымачная група існуе побач з героямі. Колькасць знятага матэрыялу таксама мае значэнне: "у справу" пайшла толькі невялічкая частка ад таго, што было зафіксавана ў Чэлябінску.

 Прастора для інтэрпрэтацыі абмежавана фактычна толькі назвай стужкі. Цудоўны дар ствараць прыгожае, што ёсць у мастакоў, перамяжоўваецца з дарам мецэната быць карысным людзям. У стужцы Адамовіч адчуванне боскага перадаецца праз трапяткія адносіны да веры, якімі прасякнута праца іканапісцаў і ўсіх, хто заняты ў царкве.

"Днюка" маладых рэжысёраў Андрэя Куцілы і Аляксандра Налівайкі знята на радзіме, на Піншчыне, і наўпрост, праз тэму і персанажаў - сям'і пажылых сялян, - адсылае да вышэйзгаданай намі стужкі Віктара Аслюка. У аб'ектыве (аператар - адзін з рэжысёраў, Андрэй Куціла) апынулася цяжкая сялянская праца, немудрагелісты побыт сучаснай вёскі. Слова "днюка" - дыялектнае, яно азначае "пражыванне", "быццё". У адрозненне ад спакойнага, але насычанага падзеямі і словамі "Дару", у стужцы Куцілы - Налівайкі нібы нічога не адбываецца. Цягам сарака пяці хвілін мы бачым амаль год жыцця старых Корзунаў, які можа паказацца адзіным бясконцым днём. Насамрэч, з такіх - часам панурых, зімовых, часам сонечных, вясновых, - будняў і складаецца існаванне шмат якіх вясковых жыхароў. Стужка апавядае пра старасць з усімі адпаведнымі прыкметамі, але ў выніку праслаўляе не заняпад, а неўміручае кола жыцця, што родніць яе з яшчэ адной стужкай Віктара Аслюка з сімвалічнай назвай "Кола".

 Але "Днюку" нельга лічыць фільмам, які адно апісвае побыт, - гэтая карціна носіць ярка падкрэслены экзістэнцыяльны характар, тым самым добра ўпісваючыся ў кантэкст сучаснага еўрапейскага кіно, і не толькі дакументальнага. Можна ўзгадаць аўстрыйскага дакументаліста Ульрыха Зайдля і ўраджэнца Баранавічаў Сяргея Лазніцу, які цяпер жыве ў Германіі, а працуе ў Расіі і на Украіне: у стужках апошніх - таксама ярка выражаны экзістэнцыяльны момант, а героі - простыя сяляне або жыхары "спальных" раёнаў.

 На фестывалі ў Кошыцэ стужку з Беларусі сустракалі прыязна: беларусы - частыя ўдзельнікі конкурсу (праўда, ніколі раней не атрымлівалі вышэйшую ўзнагароду). "Днюка" ўразіла міжнароднае журы не толькі дакладнасцю абраных герояў і месца здымак (гэта было пазначана ў фармуліроўцы Гран-пры). Адзін з членаў журы адзначыў, што стужка нагадвае паэму, а позірк аўтараў на сваіх герояў вылучаецца асаблівай шчырасцю і натуральнасцю кінаапавядання. Трэба дадаць, "Днюка" годна працягвае лінію аўтарскага кіно ў нацыянальнай дакументалістыцы, а яе маладых аўтараў, ужо вядомых спецыялістам і гледачам фестываляў, у тым ліку мінскага "Лістапада", па стужках "Фокусная адлегласць" і "Паэма веры", трэба залічыць у прафесіяналы. Разам з "Дарам" Галіны Адамовіч "Днюка" Андрэя Куцілы і Аляксандра Налівайкі з'яўляецца адным з лепшых дасягненняў айчыннага кіно ў гэтым годзе.

На здымках: кадры з фільмаў "Дар" і "Днюка".