Даставай свае кручкі!…І пасаг з вензелямі

№ 25 (945) 19.06.2010 - 25.06.2010 г

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага прапанаваў тэатралам чарговую прэм’еру. Вырашыўшы адпачыць ад “праграмнасці” на сцэне, рэжысёр Сяргей Кавальчык звярнуўся да лёгкага жанру, і згодна з ім назваў свой новы спектакль “Рускія вадэвілі”. А склалі яго аднаактоўкі “Пецярбургскі анекдот з жыльцом і домаўласнікам” П.Грыгор’ева і “Аз і Ферт” П.Фёдарава.

/i/content/pi/cult/271/4205/9-1.jpg Як ні дзіўна, сёння да вадэвіля беларускія тэатры звяртаюцца рэдка. Прычым у пераважнай большасці выпадкаў рэжысёры імкнуцца адшукаць у іх альбо меладраматычныя рысы, альбо, для надання вагі, - інтанацыі псіхалагічнага тэатра. Сяргей Кавальчык прадставіў нам вадэвіль у яго чыстым выглядзе, нібы хрэстаматыйны ўрок па засваенні жанру, чым даў багатую глебу для разважанняў і аб тэатры сучасным.

Думаю, не памылюся, калі скажу, што пераважная большасць спакушаных тэатралаў успрыняла прэм'ерны спектакль з прахалодай і нават пэўнай доляй здзіўлення: маўляў, які ж гэта ўзровень для нацыянальнага тэатра? Аднак, калі сягнуць у гісторыю тэатральнага мастацтва ўсяго на пару стагоддзяў таму, даводзіцца канстатаваць: вадэвіль быў адным з найулюбёных жанраў і лепшыя ўзоры яго ішлі на вядучых імператарскіх сцэнах. Іншая справа, што сёння перад рэжысёрам, які бярэцца за яго пастаноўку і намагаецца вытрымаць яго чысціню, стаіць прынцыпова важная задача: як асучасніць жанр па сутнасці, не трансфармуючы саму прыроду вадэвільнага дзейства?

Адным з самых дзейсных шляхоў, якімі рэжысёр Сяргей Кавальчык вырашае гэтую задачу, з'яўляецца важны для любога вадэвіля музычны шэраг. Запрошаны да супрацоўніцтва кабарэ-бэнд "Сярэбранае вяселле" стварае загалоўную песню "Сталіца": яркі, сакавіты, іранічны "зонг" пра спрадвечнае жаданне правінцыялаў "даставаць свае кручкі", каб "зачапіцца" за вялікі горад. І музычны твор, па сутнасці, выбудоўвае далейшы псіхалагічны "каркас" для ўспрыняцця вадэвільных гісторый.

Цягам усяго спектакля трывала фіксуецца факт запаралельвання класічнага вадэвіля і сучасных антрэпрызных спектакляў, якія па сутнасці сваёй з'яўляюцца братамі-блізнятамі, раскіданымі ў часе. І гэта тычыцца, у першую чаргу, спосабу акцёрскага існавання, што грунтуецца на прынцыпе каскаднасці выканальніцкіх прыёмаў, трукаў, эцюдаў - тых самых "кручкоў", на якія ва ўсе часы шчодра "лавіліся" шматлікія гледачы. А вось увагу прафесіяналаў ад тэатра прыцягвала тое, як рэжысёр будзе шукаць шляхі для таго, каб спалучыць рэпертуарную акадэмічную сцэну і антрэпрызу, што ў свядомасці сучаснага гледача цвёрда атаясамліваецца з самастойнымі праектамі паза прафесійнымі сценамі. Тут "залатым ключыкам" сталася сцэнаграфічнае афармленне спектакля Алы Сарокінай, створанае праз іранічную трансфармацыю традыцый тэатральных павільёнаў ХVІІІ стагоддзя, якое і вылучала спектакль тэатра як паўнавартаснае тэатральнае відовішча, у адрозненне ад сучасных антрэпрыз, дзе сцэнаграфія існуе на ўзроўні утылітарнага мінімалізму.

У пастаноўцы актыўна задзейнічаны маладыя акцёры тэатра, што надае ёй лёгкасці, жвавасці і дынамізму. У першай дзеі дуэт інфантыльнага авантурыста Івана Іванавіча Іванова (Іван Трус) і яго слугі Лёўкі (Андрэй Сенькін) па сваім акцёрскім існаванні набліжаецца па сваёй стылістыцы да камедыі дэль артэ. Шматлікія акцёрскія лацы, сярод якіх, бадай, самай запамінальнай становіцца класічная сцэна вакол талеркі з ежай, даюць магчымасць разгледзець глыбокі камедыйны патэнцыял, асабліва- у дачыненні да Івана Труса. Ягоны Іваноў нават на фоне с/i/content/pi/cult/271/4205/9-2.jpgваёй татальнай неабавязковасці і хлуслівасці не пазбаўлены шарму і абаяльнасці, так што ў пэўныя моманты ён нават нагадвае гогалеўскага Хлестакова. Магчыма, акурат з гэтай прычыны ў другім вадэвілі яго герой - Антон Мікалаевіч Фадзееў - з'яўляецца перад гледачамі з падкрэсленым знешнім падабенствам да партрэта Гогаля. І ён - гламурна-багемны мастак - нібыта становіцца працягам, "новым іміджам" свайго папярэдніка з першай дзеі, прадстаўляючы ўзор таго, з якой імгненнай хуткасцю правінцыялы, што напачатку выдаюць сябе за наіўных прасцякоў, ператвараюцца ў хватаў вышэйшага гатунку, і ім нават пасаг дастаецца "з вензелямі".

Сярод іншых работ маладых акцёраў вылучаецца Аўгуст Карлавіч Фіш у выкананні Сяргея Жбанкова: яркі гратэскавы персанаж, чыё існаванне часам пераходзіць у буфанаду, ён з'яўляецца своеасаблівым дысанансам, кантрапунктам да падкрэслена-эстэтызаванага свету сям'і Мардашовых. Яго галоўны сцэнічны партнёр - Анатоль Голуб, які ў культавым для свайго часу вадэвілі "Аз і Ферт" іграе Івана Андрэевіча Мардашова. Ён з першага свайго з'яўлення на сцэне набірае "абароты", найвышэйшы напал эмоцый і толькі ў рэдкія хвіліны ў часе сваіх маналогаў крыху адпускае "напружанне", зза чаго партнёрам акцёра практычна не застаецца прасторы для ўласнага самавыяўлення. І калі ў адносінах да сваякоў (жонкі ў выкананні Эміліі Пранскутэ і дачкі ў выкананні Алены Дуброўскай) гэткі дэспатызм становіцца прыёмам, то ў дуэце з Фішам так і хацелася б, каб Мардашоў пакідаў свайму партнёру крыху больш "паветра".

Можна было б яшчэ шмат гаварыць пра асэнсаванне тэатральных традыцый, чым "Рускія вадэвілі" і будуць цікавыя ў прасторы пошукаў сучаснага беларускага тэатра. Відавочна, што многія нашы ўяўленні пра класічны для свайго часу вадэвіль як жанр у значнай ступені грунтуюцца на ведах, пачэрпнутых з падручнікаў, ацэнкам якіх мы прывыклі верыць. На справе ж аказваецца, што прамы перанос на сцэну яго асноватворных прыёмаў цягне за сабой глабальную задачу: як зрабіць папулярным твор, не ператвараючы яго ў "папсу"? А справіўся ці не з гэтай задачай у "Рускіх вадэвілях" рэжысёр Сяргей Кавальчык - кожны няхай вырашае сам.

На здымках: сцэны са спектакля "Рускія вадэвілі".

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА