Грунвальдскі Рубон

№ 25 (945) 19.06.2010 - 25.06.2010 г

Выстаўка “Вобразы Мінуўшчыны”, прымеркаваная да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы, прайшла ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. Юбілейную экспазіцыю — сумесны праект музея і Беларускага саюза мастакоў — склалі творы жывапісу, графікі, скульптуры на гістарычную тэматыку.

/i/content/pi/cult/271/4200/7-1.jpgВыстаўка засведчыла некаторыя тэндэнцыі і перш за ўсё - адыход ад стварэння шырокамаштабных батальных кампазіцый, характэрны, дарэчы, і для іншых відаў мастацтва, у прыватнасці, сучаснага кінематографа. Гэта прадыктавана многімі акалічнасцямі: сённяшнім тэмпам жыцця, перанасычанасцю інфармацыяй, у тым ліку зрокавай. Так ці інакш, сёння мала хто бярэцца за стварэнне кінаэпапеі кшталту экранізацыі рамана "Вайна і мір" або напісанне шматфігурнай батальнай кампазіцыі, роўнай вядомаму палатну Яна Матэйкі "Грунвальдская бітва". Мастакоў пачатку ХХІ стагоддзя больш цікавіць унутраны свет чалавека, псіхалагічныя аспекты яго паводзін, матывы ўчынкаў.

Менавіта таму, як падаецца, значнае месца ў экспазіцыі займае партрэт. Вобразы выбітных асоб беларускай гісторыі - князёў Вітаўта, Ягайлы, Альгерда, Кейстута, Міндоўга, Гедыміна - знайшлі адлюстраванне ў жывапісных і графічных творах Г.Вашчанкі, У.Савіча, Э.Рымаровіча, М.Купавы, Ю.Несцерука, У.Вішнеўскага ды іншых мастакоў. Прадстаўнічай аказалася скульптурная частка вы/i/content/pi/cult/271/4200/7-2.jpgстаўкі, якая прадоўжыла партрэтны шэраг работамі С.Бандарэнкі, В.Калясінскага, А.Батвінёнка, С.Гумілеўскага і іншых мастакоў.

Тым не менш, у экспазіцыю ўвайшло некалькі графічных твораў батальнага жанру, у тым ліку ўжо хрэстаматыйная літаграфія М.Басалыгі "Грунвальдская бітва". Асобна трэба адзначыць ілюстрацыі П.Татарнікава да кнігі А.Краўцэвіча "Рыцары і дойліды Гародні": акварэлі "На Грунвальдскім полі" і "Пераправа крыжакоў перад Гарадзенскім замкам" засведчылі не толькі высокае майстэрства мастака, але і яго жаданне быць дакладным у дэталях гістарычнага кшталту. Паэтычна трактуе далёкія падзеі І.Пратасеня ў акварэлях "Слуцкая харугва" і "Пасланец з поля бітвы" з дыптыху "Пр/i/content/pi/cult/271/4200/7-3.jpgашчурам маім са Случчыны". Іншага характару работа Р.Сітніцы "Рубон", дзе гістарычная канва стала падставай для стварэння вобразнай, эмацыйнай кампазіцыі.

Спецыяльна да важнай гістарычнай падзеі Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь ажыццявіў выпуск памятнай манеты "Грунвальдская бітва". Выстаўка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь знаёміць як з праектам манеты, створаным А.Яцук, С.Заскевіч і У.Лукашыкам, так і з самой манетай.

Многія творы, прадстаўленыя на выстаўцы, вылучаюцца тонкім адчуваннем часу, высокімі мастацкімі вартасцямі і маглі б годна ўпрыгожыць пастаянную экспазіцыю Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Лагічным працягам экспазіцыі стаў "круглы стол", прысвечаны 600-годдзю Грунвальда, у працы якога прынялі ўдзел супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вядучых музеяў рэспублікі.

Алег ЛАДЗІСАЎ, мастацтвазнаўца, вучоны сакратар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь