Юрыдычныя тонкасці (elegantia juris)

№ 25 (945) 19.06.2010 - 25.06.2010 г

Якой была працягласць працоўнага тыдня ў гадзінах для мастацкага кіраўніка калектыву мастацкай творчасці і акампаніятара ўстановы адукацыі да ўступлення ў сілу пастановы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 2010 г. № 4 “Аб зацвярджэнні пераліку катэгорый работнікаў арганізацый культуры, якім устанаўліваецца скарочаная працягласць працоўнага часу”. Што азначае фармулёўка пастановы “скарочаная працягласць працоўнага тыдня ў гадзінах, не больш за 36 гадзін” і які мінімум гадзін працоўнага тыдня?

 

На пытанне адказвае начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена ВЕШТАРТ:

 - Варта звярнуць увагу, што пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 2010 г. № 4 зацверджаны пералік катэгорый работнікаў арганізацый культуры, якім устанаўліваецца скарочаная працягласць працоўнага часу, а не ўстаноў адукацыі.

Скарочаная працягласць працоўнага часу для кіраўнікоў гурткоў (клубаў па інтарэсах, калектываў аматарскіх аб'яднанняў, секцый, студый і да т. п.) і акампаніятараў устаноў адукацыі (не больш за 36 гадзін у тыдзень) устаноўлены пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 верасня 2003 г. № 1134 "Аб устанаўленні скарочанай працягласці працоўнага часу асобным катэгорыям педагагічных работнікаў", якая дзейнічае з 1 верасня 2003 г.

 Фармулёўка пастановы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 2010 г. № 4 "Аб зацвярджэнні пераліку катэгорый работнікаў арганізацый культуры, якім устанаўліваецца скарочаная працягласць працоўнага часу" "скарочаная працягласць працоўнага тыдня ў гадзінах, не больш за 36 гадзін" азначае, што максімальная працягласць працоўнага часу ў тыдзень для работнікаў, уключаных у пералік, не можа перавышаць 36 гадзін на тыдзень і ні пры якіх абставінах не можа быць павялічана.

 Пры гэтым варта звярнуць увагу на тое, што ў калектыўных дагаворах могуць устанаўлівацца нормы працоўнага часу, якія паляпшаюць прававое палажэнне работніка. У дадзеным выпадку - тыя, што памяншаюць максімальную працягласць працоўнага часу ў параўнанні з працоўным часам, устаноўленым нормамі Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, г. зн. норма працоўнага часу ў тыдзень можа быць зменшана. Напрыклад, у калектыўным дагаворы можа быць устаноўлена працягласць працоўнага тыдня 35 гадзін на тыдзень.

Аднак, калі ў лакальных нарматыўных прававых актах (у калектыўным або іншым дагаворы) не вызначана працягласць працоўнага тыдня, дык, у залежнасці ад таго, ці ўстаноўлена поўная або скарочаная яе працягласць, варта кіравацца палажэннямі артыкула 112 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (поўная працягласць - 40 гадзін на тыдзень), пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 верасня 2003 г. № 1134 або пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 2010 г. № 4 (скарочаная працягласць - 36 гадзін).