“… Як многа ў гэтым гуку”

№ 24 (790) 16.06.2007 - 22.06.2007 г

Гала-канцэрт зорак расійскай эстрады, што адбыўся ў Палацы спорту ў межах Дзён Масквы ў Рэспубліцы Беларусь, стаўся сапраўдным вечарам сяброўства. Госці шчыра дэманстравалі сваю дружбу з беларускай мовай і культурай, а гледачы спявалі разам з зоркамі.

Мэр Масквы Юрый Лужкоў і прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Сяргей Сідорскі, па іх уласным прызнанні, трапілі на гэты баль акурат з “урадавага карабля”. Таму пачынаць канцэрт давялося без іх, каб надта не затрымліваць гледачоў: “уверцюрай”, што папярэднічала іх прывітальным словам, сталіся вершы Мікалая Дабранравава, сумесны выхад дзяржаўных ансамбляў танца Расіі і
 /i/content/pi/cult/119/419/Jak-mnoga.jpg
Беларусі, запальнае выступленне ансамбля “Руская песня” на чале з неўтаймоўнай Надзеяй Бабкінай (яна, дарэчы, адкрыла і імправізаванае караоке, прапанаваўшы зале разам праспяваць такія хіты, як “Ой, рябина кудрявая” ды “Барыня-сударыня”), і харэаграфічная кампазіцыя “Расія вечная” ансамбля “Гжэль” пад кіраўніцтвамУладзіміра Захарава.
У сваім прывітальным слове прэм’ер-міністр Беларусі С.Сідорскі падкрэсліў трываласць шчыльных партнёрскіх адносін, непарыўныя духоўныя сувязі і ўсё большае ўзмацненне кантактаў нашай краіны з Масквой. Гэтую тэму прадоўжыў і мэр Масквы Ю.Лужкоў, павітаўшы прысутных па-беларуску.
 /i/content/pi/cult/119/419/Jak-mnoga3.jpg
Сапраўды, тавараабарот склаў 4 мільярды долараў і штогод узрастае на 18 працэнтаў.
У Маскву накіроўваецца ажно 35 працэнтаў беларускага экспарту, у тым ліку аўтобусы, тралейбусы, маторы. Сёння на парадку дня стаіць задача інвестыцыйнага ўзаемадзеяння — найперш у сацыяльнай сферы. Масквічы прапаноўваюць свае паслугі па будаўніцтве аб’ектаў жылля, гандлю і г. д. Але ж не адно эканамічнымі паказчыкамі ды гандлёвым партнёрствам вымяраецца сяброўства.
— Нашы сувязі з Беларуссю, — падкрэсліў Ю.Лужкоў, — выяўляюцца не толькі стратэгіяй гаспадарчых адносін. Яны — у тым велічным і непахісным сяброўстве паміж расіянамі і беларусамі, што атрымана ў спадчыну ад мінулых пакаленняў.
Чарговым пацвярджэннем гэтага сталася і прэм’ера песні Аляксандры Пахмутавай “Насустрач адно аднаму” ў выкананні нашага ансамбля “Сябры”: за раялем была аўтар, а саліравалі “сяброўцы” Сяргей Герасімаў і Алеся. А як узрушана крычалі беларусы маскоўскаму акардэаністу, лаўрэату міжнародных конкурсаў Пятру Дрангу: “Пеця, яшчэ давай!”, як заўзята віталі, запрашаючы на біс, знакамітую Клару Новікаву, як прыхільна і замілавана сустракалі Дзіцячы музычны тэатр “ДоМіСолька”, з якой апантанасцю сачылі за музычнымі фантазіямі-перыпетыямі хору Міхаіла Турэцкага, падпяваючы вядомыя Куплеты Тарэадора з оперы Ж.Бізэ “Кармэн”. А надзвычай энергетычнай, пластычнай,
 /i/content/pi/cult/119/419/Jak-mnoga2.jpg
“завадной” Аніце Цой даслалі столькі гарачых апладысментаў, што тая выказала сваю мару прыехаць да нас з сольным канцэртам.
Асаблівую цеплыню і паэтычнасць надавалі вечару шчырыя, нязмушаныя словы вядучых — народных артыстаў Расіі Уладзіміра Мяншова і асабліва Ірыны Ягоравай-Каўрыга, якая цытавала шмат вершаў, як руска-, так і беларускамоўных.
Вянчаў святочны канцэрт папраўдзе знакавы спявак эпохі і часты госць Беларусі — народны артыст СССР Іосіф Кабзон. У знак сяброўства ён прапанаваў са свайго неабдымнага рэпертуару менавіта беларускія творы, распачаўшы выступленне песняй Нестара Сакалоўскага “Бацька мой Нёман”. Расказаўшы пра сваіх беларускіх сяброў і павітаўшы найперш кампазітара Ігара Лучанка, праспяваў яго песню “Наш медсанбат” на словы Міхаіла Ясеня. І разам з удзячнай публікай зацягнуў “Вы шуміце, бярозы” Эдуарда Ханка на вершы Ніла Гілевіча. Падчас пахмутаўскай “Надзеі” пайшоў у залу, запрасіў на сцэну Ю.Лужкова і заспяваў з ім дуэтам. А фінальную песню “Дарагая мая сталіца, залатая мая Масква”, што з’яднала ўсіх удзельнікаў гала-канцэрта, зала спявала стоячы. 

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВ